Шляхам уз'яднання. Як падзелены геаграфічна беларускі народ справядліва здабыў тэрытарыяльную цэласнасць, у новым праекце "ГП" расказвае кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ягорычаў

Шляхам уз'яднання. Як падзелены геаграфічна беларускі народ справядліва здабыў тэрытарыяльную цэласнасць, у новым праекце "ГП" расказвае кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ягорычаў

Важнай умовай паспяховага развіцця кожнага народа з’яўляецца пражыванне ў межах аднаго дзяржаўнага ўтварэння. Гэта дае магчымасць дабівацца збалансаванага развіцця эканомікі, сацыяльнай сферы, навукі, культуры. На жаль, беларускі народ перажыў пакутны падзел: у выніку заключэння ў сакавіку 1921 года Рыжскага мірнага дагавора частка карэнных беларускіх зямель адышла да польскай дзяржавы. Практычна 20 гадоў спатрэбілася, каб устанавіць факт гістарычнай справядлівасці і ўз’яднаць беларускі народ. І яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў – каб ацаніць гэтую падзею як нацыянальнае свята. Аб гістарычных аспектах падзелу беларусаў і безумоўных доказах важнасці ўз’яднання ў новым праекце “Гродзенскай праўды”, прысвечаным Дню народнага адзінства, расказвае кандыдат гістарычных навук Уладзімір ЯГОРЫЧАЎ.

ФАКТАРЫ ПАДЗЕЛУ
Паводле Рыжскага мірнага дагавора, які падводзіў вынікі і рэгуляваў міждзяржаўныя адносіны ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пасля польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў, у склад польскай дзяржавы адышлі тэрыторыі сучасных Гродзенскай і Брэсцкай, а таксама паўночна-заходнія раёны Мінскай і Віцебскай абласцей. Польская буржуазія і памешчыкі разглядалі заходнебеларускія землі пераважна як крыніцу некаторых відаў сыравіны для прамысловай вытворчасці, а таксама як рэзерв рабочай сілы. Складаючы 24 працэнты тэрыторыі Польшчы і 13 працэнтаў яе насельніцтва, Заходняя Беларусь мела толькі крыху больш за 3 працэнты ўдзельнай вагі прамысловасці. 85 працэнтаў насельніцтва было занята ў сельскай гаспадарцы.

Значна ўскладняла сацыяльнае і грамадска-палітычнае становішча ў Заходняй Беларусі палітыка ўрада Ю. Пілсудскага адносна “крэсаў усходніх”. Правячыя колы польскай дзяржавы не прызнавалі беларусаў за нацыю, ставілі сваёй мэтай прымусова паланізаваць і асімілязаваць цэлы народ. Вялося наступленне (маштабнае, напорыстае, з выкарыстаннем усёй моцы дзяржаўнага, у тым ліку паліцэйскага, апарату) польскіх уладаў на беларускамоўную адукацыю, культурна-асветніцкую работу, іншыя сферы жыцця беларускай нацыі. У выніку з чатырохсот беларускіх школ, якія існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі да яе акупацыі Польшчай, пад канец 30-х гадоў не засталося ніводнай. На гэты час каля 35 працэнтаў насельніцтва “крэсаў усходніх” заставалася непісьменным. Выкарыстанне беларускай мовы ў дзяржаўных установах і органах мясцовага самакіравання не дапускалася. Калі ў 1927 годзе ў Заходняй Беларусі легальна выдаваліся 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1932-м іх стала 8, а пад канец 30-х гадоў такіх выданняў амаль не было.

Цяжкі сацыяльны і нацыянальны прыгнёт, палітычнае бяспраўе рабочых і сялян стваралі аб’ектыўныя ўмовы для росту і развіцця нацыянальна-вызваленчай барацьбы. На ўсіх яе этапах дакладна прагледжвалася імкненне працоўных Заходняй Беларусі да ўз’яднання са сваімі братамі ў БССР.

НАРОДНАЯ БАРАЦЬБА

Антыбеларуская палітыка польскіх уладаў выклікала рашучы пратэст. Рабочыя вялі барацьбу пераважна ў форме забастовак. Найбольш значнымі выступленнямі сялян з’явіліся Косаўскае, Асташынскае, Кобрынскае. Шырокую вядомасць атрымалі выступленні нарачанскіх рыбакоў і іншыя. Польскія ўлады, падаўляючы гэтыя выступленні, не спыняліся нават перад прымяненнем узброеных сіл, масавымі арыштамі і турэмным зняволеннем шмат каго з удзельнікаў выступленняў. Сярод турмаў асабліва выдзяляўся Бяроза-Картузскі лагер.

Вялікае значэнне мела падпольная партыйная барацьба. Асабліва дзейнасць створанай у канцы кастрычніка 1923 года Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. КПЗБ змагалася за звяржэнне капіталістычнага ладу рэвалюцыйным шляхам і ўстанаўленне савецкай улады, канфіскацыю землеўладання памешчыкаў з раздачай яе сялянам. Партыя заклікала да самавызначэння Заходняй Беларусі аж да аддзялення яе ад Польшчы, выступала ў абарону СССР. На пачатак 30-х гадоў КПЗБ мела ў сваім складзе каля 4 тысяч чалавек. На тэрыторыі Заходняй Беларусі існавалі 7 акруговых камітэтаў (Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Навагрудскі, Пінскі, Слонімска-Баранавіцкі) і 60 раённых камітэтаў КПЗБ.

Будучы нелегальнай і працуючай у падполлі, у строгай канспірацыі, у жорсткіх умовах рэжыму дыктатуры Пілсудскага, КПЗБ узначаліла выступленні рабочых, сялян, беспрацоўных. У пачатку 30-х гадоў пад кіраўніцтвам КПЗБ адбыліся шматлікія забастоўкі на прамысловых прадпрыемствах Беластока, Вільні, Брэста, Гродна, Пінска, Слоніма і іншых гарадоў. Больш чатырох месяцаў працягвалася зімой 1932-1933 гг. забастоўка 7 тысяч рабочых лесапільных заводаў, лесарубаў і возчыкаў у Белавежскай пушчы, якія дамагаліся павышэння заработнай платы, 8-гадзіннага працоўнага дня і г.д. Амаль усе выступленні заканчваліся перамогай.

ГЕАПАЛІТЫЧНЫЯ ЎМОВЫ ЎЗ'ЯДНАННЯ

Несумненна, барацьба беларускага народа за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне на працягу амаль 20-гадовага знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы спрыяла набліжэнню доўгачаканага часу, калі адбылося ўз’яднанне абедзвюх частак беларускай нацыі і беларускага народа ў адзінай сям’і.
Аднак гэта не магло здзейсніцца без тых ваенна-палітычных абставінаў, якія склаліся ў Цэнтральнай Еўропе ў сувязі з набліжэннем Другой сусветнай вайны. Сёння існуюць абвінавачванні, што СССР выкарыстаў гэтае ваенна-палітычнае становішча, каб вярнуць Заходнюю Беларусь у зону ўплыву. Па-рознаму можна ўяўляць развіццё падзей, калі б Савецкі Саюз не ўвёў свае войскі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года. Несумненна адно: у Еўропе не стала б бяспечней, беларусы засталіся б падзеленымі межамі з вялікай верагоднасцю поўнага знікнення. Таму толькі з пазіцый нацыянальных інтарэсаў трэба вітаць уз’яднанне беларусаў у адну сям’ю.

Глядзіце самі. 1 верасня 1939 года фашысцкая Германія інсцэніравала нападзенне быццам бы польскага падраздзялення на нямецкую радыёстанцыю ў мястэчку Глейвіцы. Так пачалася Другая сусветная вайна. Да сярэдзіны верасня нямецкія войскі разграмілі асноўныя сілы польскай арміі, рэшткі якой бязладна адступалі на ўсход. Урад Польшчы і ваеннае камандаванне не змаглі арганізаваць адпор агрэсару і 17-18 верасня збеглі ў Румынію. Германскія войскі наблізіліся да зямель Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Яны захапілі Брэст і Львоў. Заходнебеларускае і заходнеўкраінскае насельніцтва апынулася пад пагрозай фашысцкага нападзення, а іх тэрыторыя магла стаць для Германіі выгадным плацдармам (ваенным) для нападзення на СССР.

У гэтых умовах урад СССР раніцай 17 верасня 1939 года ўручыў польскаму паслу ў Маскве заяву, у якой гаварылася, што польская дзяржава фактычна перастала існаваць, а дагаворы паміж СССР і Польшчай спынілі сваё дзеянне. У гэтай заяве, перададзенай па радыё ў той жа дзень, адзначалася: «В Польше создалось положение, которое требует со стороны советского правительства особых забот в отношении безопасности своего государства. Польша стала удобным полем для всяких случайностей и неожиданностей, которые могут создать угрозу для СССР... Советское правительство считает своей священной обязанностью подать руку помощи своим братьям-украинцам и братьям-белорусам, которые населяют Польшу. Поэтому советское правительство отдало распоряжение Главному командованию Красной Армии дать приказ своим войскам перейти границу и взять под свою защиту жизнь и имущество населения Западной Украины и Западной Белоруссии».

6331_1.jpeg

Раніцай 17 верасня войскі Чырвонай Арміі ў складзе двух франтоў: Беларускага пад камандаваннем М. Кавалёва і Украінскага пад камандаваннем С. Цімашэнкі перайшлі савецка-польскую мяжу. Польскія кіраўнікі прызналі, што стану вайны з СССР няма. Савецкі Саюз таксама не аб’яўляў вайны Польшчы. Таму ў загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Польшчы маршала Э.Рыдз-Сміглы ад 17 верасня 1939 года польскім войскам прадпісвалася не ўступаць у бой з савецкімі воінскімі падраздзяленнямі, за выключэннем спроб разбраення ці яўных баявых дзеянняў. 

Часцям Чырвонай Арміі катэгарычна забаранялася бамбардзіраваць гарады і населеныя пункты авіяцыяй, весці па іх артылерыйскі агонь, парушаць межы Літвы, Латвіі і Румыніі. У дырэктывах саветаў франтоў гаварылася аб неабходнасці абароны мясцовага насельніцтва ад жандараў і асаднікаў, аб лаяльных адносінах да польскіх ваеннаслужачых і дзяржаўных чыноўнікаў, якія не аказваюць узброенага супраціўлення. Вялікая ўвага надзялялася тлумачальнай рабоце сярод насельніцтва аб прычынах краха польскай дзяржавы і мэтах вызваленчай місіі Чырвонай Арміі. Тым часам мясцовае насельніцтва ўсялякім чынам спрыяла чырвонаармейцам. Па словах гісторыка А. Маркава, непольскае насельніцтва ператварала польскія сцягі, адрываючы ад іх белыя палосы, у чырвоныя, засыпала кветкамі калоны Чырвонай Арміі... падказвала месцы, дзе палякі хавалі зброю, удзельнічала ў абяззбройванні невялікіх часцей” і г.д. I так было паўсюдна.

Да 25 верасня Чырвоная Армія вызваліла поўнасцю Заходнюю Беларусь, пазбавіўшы яе жыхароў ад прыгнёту памешчыкаў і капіталістаў. Гэта быў акт гістарычнай справядлівасці. З непадробнай радасцю і энтузіязмам сустракалі Чырвоную Армію працоўныя гарадоў і вёсак Заходняй Беларусі. У кнізе “Беларусь. Станаўленне нацыі”, якая выйшла ў 1956 годзе у ЗША, Н. Вакар пісаў: “Для беларусаў гэта значыла аднаўленне  тэрытарыяльнага адзінства, доўгі час парушанага войнамі і рэвалюцыямі”. I так лічылі жыхары Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, народы БССР і УССР.

Між тым польскія гісторыкі адназначна кваліфікуюць увод савецкіх войскаў у Заходнюю Беларусь як “удар у спіну” польскай арміі падчас фашысцкай агрэсіі. З гэтым меркаваннем можна было б пагадзіцца, калі б ваенная акцыя адбылася не 17 верасня, а некалькі раней. Аднак вызваленчы паход Чырвонай Арміі пачаўся толькі тады, калі войскі вермахта перайшлі лінію “Керзана”. Больш за тое: сур’ёзны навуковы аналіз падзей 1939 года паказвае, што ўз’яднанне беларускага народа ў адзіную дзяржаву ў рашаючай меры было падрыхтавана шматгадовай рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбой працоўных Заходняй Беларусі, адпавядала іх нацыянальным інтарэсам. Безумоўна, шкада, што гэтага не разумеюць “перабудоўшчыкі” нашай гістарычнай спадчыны, якія намагаюцца “адраджаць” гістарычную справядлівасць шляхам ігнаравання праўды. 

ЛЁС ВЫЗВАЛЕНЫХ ЗЯМЕЛЬ

Перад працоўным народам вызваленых беларускіх зямель паўстала неадкладная задача – вызначыць форму дзяржаўнага ладу, вырашыць свой далейшы лёс. Былі падрыхтаваны ўмовы для заканадаўчага афармлення факта ўсталявання савецкай улады.

Аўтарытэтным органам, якому насельніцтва даверыла абвясціць дзяржаўную ўладу ў Заходняй Беларусі, з’явіўся Народны сход.

На шматлікіх мітынгах і сходах рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя аднадушна патрабавалі ўстанаўлення савецкай улады і ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. 22 кастрычніка 1939 года прайшлі выбары ў Народны сход, які адбыўся 28–30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку. З дакладам аб форме дзяржаўнай улады выступіў С.В. Прытыцкі. Па яго дакладзе Народны сход прыняў дэкларацыю, у якой было заяўлена: “Беларускі Народны сход, выказваючы волю і жаданне народаў Заходняй Беларусі, абвяшчае на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі ўстанаўленне савецкай улады. З гэтага часу ўся ўлада на тэрыторыі Заходняй Беларусі належыць працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў працоўных”.

Разам з тым былі прыняты дэкларацыі “Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, “Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці”, “Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель”. Народны сход звярнуўся ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР з просьбай прыняць Заходнюю Беларусь у склад Савецкага Саюза і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і аб уз’яднанні беларускага народа ў адзінай сацыялістычнай дзяржаве.

Пазачарговая пятая сесія Вярхоўнага Савета СССР 2 лістапада 1939 года, абмеркаваўшы заяву паўнамоцнай камісіі Народнага сходу, прыняла закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і аб уз’яднанні яе з БССР.

12 лістапада 1939 года пазачарговая трэцяя сесія Вярхоўнага Савета БССР пастанавіла: “Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і уз’яднаць тым самым беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве”.

fara-vitauta.jpg

На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі ў пачатку снежня 1939 года было ліквідавана папярэдняе адміністрацыйнае дзяленне і ўтворана пяць абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская. Ва ўсіх заходніх абласцях былі створаны абласныя камітэты КПБ і ў красавіку 1940 года праведзены справаздачна-выбарныя сходы і канферэнцыі, на якіх былі абраны гарадскія і раённыя камітэты партыі.

Актыўна разгортвалася работа па сацыяльна-эканамічных пераўтварэннях на савецкай аснове.

ПА ШЛЯХУ АБНАЎЛЕННЯ

Уз’яднанне беларускага і ўкраінскага народаў у адзіных савецкіх рэспубліках з радасцю віталі не толькі беларускі і ўкраінскі народы, але і ўсе народы Савецкага Саюза.

Савецкія людзі, выхаваныя на ленінскіх ідэях дружбы народаў, пралетарскага інтэрнацыяналізму, аказвалі працоўным заходніх абласцей усебаковую братнюю дапамогу ў хутчэйшым развіцці эканомікі і культуры, у будаўніцтве новага грамадства. З усіх канцоў краіны – з Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска, гарадоў Сібіры і Урала і іншых прамысловых цэнтраў – пастаўлялі машыны, станкі, рухавікі, сыравіну і г.д. У заходнія вобласці Беларусі накіроўваліся высокакваліфікаваныя кадры для розных галін народнай гаспадаркі і культуры. Ужо праз год пасля ўз’яднання прадукцыя прамысловых прадпрыемстваў заходніх абласцей БССР узрасла ў 2-3 разы ў параўнанні з 1938 годам. На працягу сямі месяцаў быў адноўлены і рэканструяваны Днепра-Бугскі канал працягласцю ў 202 км, які на працягу 20 гадоў беспаспяхова спрабаваў аднавіць урад буржуазна-памешчыцкай Польшчы.

У 1939 годзе на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе былі прадстаўлены 108 калгасаў БССР. Галоўны камітэт УСГВ па выніках за 1939-1940 гг. узнагародзіў 105 калгасаў, саўгасаў і МТС рэспублікі дыпломамі першай і другой ступені, грашовымі прэміямі, легкавымі аўтамабілямі і матацыкламі. Каля 500 перадавікоў сельскай гападаркі – ўдзельнікаў выставы атрымалі залатыя медалі.

Пасля ўз’яднання ў заходніх абласцях пачалося шырокае культурнае будаўніцтва. Ужо ў 1940 годзе тут працавалі 5649 сярэдніх, сямігадовых і пачатковых школ, 4 інстытута, 12 тэхнікумаў, ва ўсіх абласцях і раёнах выходзілі газеты, дзейнічалі пяць драматычных тэатраў і 100 кінатэатраў.

У трэцяй пяцігодцы вялікая работа праводзілася па паляпшэнні здароўя працоўных. У гарадах, райцэнтрах і новых вёсках адкрываліся новыя медыцынскія ўстановы. Урачэбная сетка рэспублікі на пачатак 1941 года налічвала каля 8 тысяч медыцынскіх пунктаў і амбулаторый, больш 700 урачэбных участкаў.

Былыя беларускія мястэчкі выраслі ў гарады, сталі адміністрацыйна-гаспадарчымі і культурнымі цэнтрамі раёнаў.

Гэтыя і іншыя поспехі ў жыцці насельніцтва Заходняй Беларусі сталі магчымымі дзякуючы ўз’яднанню беларускай нацыі і ўсяго беларускага народа, якое адбылося ў верасні 1939 года.
Сёння беларускі народ адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны і ўпэўнена ідзе па выбраным шляху. А гістарычныя падзеі ўсяляюць упэўненасць у тым, што разам мы здолеем дабіцца новых перамог на сучасным этапе развіцця Беларусі.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»