"Дом памірае тады, калі не бачыць гаспадарскай рукі". Расказваем пра сямейныя каштоўнасці Паўла Кляшча і яго роднае мястэчка ў вёсцы Каменка на Навагрудчыне
Павел Іванавіч і Галіна Аляксандраўна стварылі сям'ю каля 40 гадоў таму. Як і большасць моладзі ў той час, сталі ладзіць сваё жыццё ў горадзе. Старанна працавалі, з часам з'явілася ўласнае жыллё. Сям'я расла і мацнела: нарадзіліся двое сыноў – Павел і Сяргей. Дом, праца, дзеці – клопатаў у мужа з жонкай было хоць адбаўляй. Але ў гэтай чарадзе паўсядзённых спраў яны заўсёды знаходзілі час, каб завітаць на малую радзіму.

– У нашай сям'і было пяцёра дзяцей, я – самы малодшы. Сям'я была вялікая, дружная. У бацькоўскай хаце заўсёды панавалі любоў, падтрымка, паразуменне (так і сваіх дзяцей выхоўвалі), – расказвае Павел Іванавіч. – Хацелася, каб так было заўсёды, але аднойчы надыходзіць такі момант, калі ты прыязджаеш дадому, а на парозе цябе ніхто не сустракае. Мамы рана не стала, бацька пайшоў з жыцця 23 гады таму...
Калі бацькоўскі дом пусцее, яго альбо прадаюць, альбо ён становіцца дачай, альбо зарастае бур’яном…

Актыўна ўладкоўваць бацькоўскі дом (П. Клешч перакананы, што яго ні ў якім разе нельга называць дачай) наш герой стаў 11 гадоў таму, калі пайшоў на пенсію. Перш-найперш ён перарабіў стары хлеў у лазню. А з нараджэннем унукаў – вечнай крыніцы натхнення! – на двары з'явіліся казачныя персанажы, прасторная альтанка, арэлі, дзіцячая майстэрня, басейн, футбольнае поле, домік на дрэве і нават возера.
– Дзяцінства павінна быць яркім і шчаслівым, – упэўнены суразмоўца. – Хочацца, каб у любімых унукаў у жыцці было як мага больш радасных момантаў, каб ім было цікава і камфортна бавіць час у вёсцы, каб яны прыязджалі сюды з задавальненнем.

Звярнула ўвагу і на тое, што гаспадары любяць дарыць новае жыццё старым рэчам. На печцы «пырхаюць» рознакаляровыя матылі, на масіўнай аднатоннай шафе «вырасла» яркая аб'ёмная кветка, металічная спінка ложка стала апорай лаўкі, а пластыкавая бутэлька ператварылася ў паштовую скрынку…
– Бацькоўскі дом не пусцее – ён стаў для сям'і тым месцам, дзе ўсе з задавальненнем збіраюцца, – адзначыў Павел Іванавіч. – Сюды часта прыязджаюць і мае сёстры са сваімі сем’ямі. Яны рады, што наш дом напоўнены жыццём.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
