"Чаго хоча моладзь" - новы праект "ГП". Чаму Таццяна Шчэрбач з подыума спяшаецца ў дзіцячы садок дапамагаць дзецям? (+відэа)

Якая яна, сучасная моладзь? Чаго хоча? Як плануе будаваць сваё жыццё?
Часам кажуць, што маладыя хочуць усяго і адразу, і не гатовы да цяжкай працы, каб крок за крокам, год за годам будаваць сваю будучыню. Наш журналісцкі вопыт абвяргае гэта сцвярджэнне. Амаль штодня нам даводзіцца пісаць пра маладых людзей, якія дасягаюць перамог і атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды за поспехі ў вучобе і навуцы, творчасці і спорце. Яны цвёрда ведаюць свае мары, шмат дзеля іх працуюць. Яны прыгожыя, яркія, цікавыя. Не спыняючыся, рухаюцца наперад і ўжо сёння бачаць сваё месца на сваёй зямлі. Пра іх – новы праект “Гродзенскай праўды” “Чаго хоча моладзь?”.
Таццяна Шчэрбач – студэнтка 2 курса педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.
Вось такая яна штодзень. Таленавітая дзяўчына, якая марыць стаць лагапедам і займаецца творчасцю: спявае, малюе, грае на фартэпіяна. Паспявае ўдзельнічаць у шматлікіх, у тым ліку абласных, святах як вакалістка студыі эстрадных спеваў “Уни-Song” і мадэль тэатра моды “Уни-арт”, што працуюць ва ўніверсітэце.
А яшчэ Таццяна мае каралеўскія тытулы: “Каралева вясна - 2019” па выніках аднайменных абласнога і рэспубліканскага конкурсаў грацыі і артыстычнага майстэрства, “Віцэ-каралева - 2019” XXVIII Міжнароднага конкурсу прыгажосці і таленту “Каралева студэнцтва 2019”.
Між тым у жыцці тытулаваная каралева зусім не зорная. Марыць быць карыснай, працаваць з дзецьмі і дапамагаць ім правільна і прыгожа размаўляць. Таццяна – будучы педагог-лагапед.
– Гэту прафесію абрала невыпадкова. Мая мама дваццаць год працуе лагапедам, і я шмат часу праводзіла ў яе кабінеце. Не магу сказаць, што нейкі канкрэтны выпадак меў на мяне ўплыў. Па сутнасці, у прафесію я літаральна ўцягвалася дзень за днём. Абрала яе ўсвядомлена і добра ведаю, з чым давядзецца працаваць, колькі сіл і часу вымагае праца з дзецьмі. Мама не адгаворвала, наадварот. Яна заўсёды казала, наколькі важна займацца тым, што табе падабаецца. Тады будзе вынік і задавальненне. “Педагог-лагапед” – гэта яе другая адукацыя, тое, да чаго яна імкнулася. Такая мэтанакіраванасць для мяне – добры стымул і прыклад.
Працаваць у садку, спецыялізаванай школе ці адкрыць уласны цэнтр – як паверне жыццё, пакуль казаць цяжка. Дзяўчына не загадвае. Вышэй ставіць іншае.
– Калі бываю на працы ў мамы, бачу дзяцей з лёгкімі парушэннямі мовы. Назіраю, як дзякуючы заняткам мяняецца іх гутарка, яны пачынаюць правільна вымаўляць гукі. У такія цудоўныя моманты наймацней адчуваеш значнасць прафесіі лагапеда. Падчас вучобы ва ўніверсітэце з’явілася магчымасць працаваць з дзеткамі, якія маюць цяжкія парушэнні. Ім асабліва патрэбна дапамога спецыяліста. Да кожнага – свой падыход, свая сістэма заняткаў. Мне цікава вывучаць такія выпадкі, разбірацца, шукаць спосабы карэкцыі, – распавядае Таццяна. – Хаця разумею, што праца з такімі дзецьмі вельмі складаная, а вынік бачны не адразу. Але гэты вынік можа змяніць усё будучае жыццё маленькага чалавека.
Сёння студэнтка стараецца атрымаць як мага больш ведаў: заняткі ва універсітэце, практыка ў дзіцячым садку, прафесійныя парады маці, сумесная распрацоўка заняткаў для дзяцей, хатнія абмеркаванні розных выпадкаў, дадатковая літаратура…
– Усё рухаецца наперад. З’яўляюцца новыя цікавыя методыкі, новыя даследаванні. Да прыкладу, калі мама толькі пачынала працаваць, вельмі мала выкарыстоўвалі так званыя зонды для пастаноўкі гукаў. Яна сама знайшла спецыялістаў, вывучала гэта. А сёння такія методыкі шырока распаўсюджаныя. Ведаў ніколі не можа быць дастаткова. Нават калі атрымаеш добрую адукацыю, у чым не сумняюся, пасля давядзецца шмат вывучаць. Абмежаваннем для росту над сабой можа быць толькі ўласнае нежаданне развівацца.

– Я з дзяцінства займаюся творчасцю, вакалам. А вось хадзіць па подзіуму – гэта было зусім не пра мяне. Аднак ва ўніверсітэце ўсё змянілася, я адкрыла новы бок творчасці. І зноў упэўнілася, наколькі патрэбна ў любой справе падтрымка родных, сяброў, аднадумцаў. Да прыкладу, на конкурсах было інтэрнэт-галасаванне, і я заўсёды ўваходзіла ў тройку лідараў: здавалася, увесь універсітэт быў са мной. Я адчуваю сябе часткай універсітэта, роднага горада. Гэта надае сілы, – распавядае суразмоўца. – Ведаеце, калі паступала, праходзіла па балах і ў наш універсітэт, і ў БДПУ імя Максіма Танка. Але ў выніку абрала Купалаўскі. І з кожным днём упэўніваюся ўсё больш, што гэта было правільнае рашэнне. Гэта выдатна, што можна атрымаць прафесію і пры гэтым грамадскае жыццё студэнта таксама вельмі насычанае. Дзякуючы роднаму ўніверсітэту я магу рэалізаваць дзве мары: быць актрысай і лагапедам. Сёння ўжо не ўяўляю сваё жыццё без творчасці. Але ж асноўнае – мая прафесія, зямная і вельмі карысная.
…Мы заходзім у садок да дзяцей, Таццяна з першых хвілін нязмушана збірае вакол сябе малых, і вось яны ўжо ў нешта гуляюць, размаўляюць. Будучы спецыяліст адразу заўважае: дзяўчынка вельмі добра вымаўляе гукі. А гэтаму хлопчыку цяжка даюцца свісцячыя зычныя. Яе вочы гараць энтузіязмам: яшчэ крышачку павучыцца – і на працу!