“Цікавасць да ўсяго новага – галоўны рухавік жыцця”. Як інжынер-канструктар Вольга Колб паяе і бегае (+відэа)

“Цікавасць да ўсяго новага – галоўны рухавік жыцця”. Як інжынер-канструктар Вольга Колб паяе і бегае (+відэа)

Інжынер-канструктар аддзела галоўнага энергетыка ААТ “Белкард” Вольга Колб імкнецца пазнаць розныя сферы жыцця. Яе вабяць электроніка, псіхалогія, маркетынг, спорт, фатаграфія… Цікавасць да ўсяго новага з’яўляецца тым самым рухавіком, дзякуючы якому дзяўчына ўсебакова развівае сябе на карысць грамадству.

Сям’я інжынераў

Вольга нарадзілася ў Гродне, тут жа атрымала сярэднюю адукацыю. Падчас навучання займалася гімнастыкай, вучылася па класе скрыпкі ў музычнай школе і надзвычай любіла матэматыку, фізіку і геаграфію.

– Як іншыя, я пачала задумвацца пра будучы род заняткаў яшчэ ў дзяцінстве. Тады нікім акрамя цырульніка сябе не бачыла. Але ж у сям’і  інжынераў мне было складана выбраць іншую прафесію. Тым больш разумела: інжынерыя – адна з галін, якія садзейнічаюць эканамічнаму росту краіны. А кожнаму чалавеку хочацца, каб ягоная праца была карыснай і запатрабаванай. Таму пасля школы паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на фізіка-тэхнічны факультэт.

IMG_1565.JPG

Навучанне ў вну дазволіла атрымаць сур’ёзную тэарэтычную базу для будучай прафесіі. Вельмі захапіла дзяўчыну напісанне дыпломнага праекта. Тэма даследвання “Інтэгральныя крыніцы апорнай напругі” ўключала ў сябе эксперыменты, састаўленне графікаў, адмалёўку чарцяжоў электрасхем. Атрыманыя веды і навыкі спатрэбіліся на першым працоўным месцы.

Нешта запаяць? Лёгка!

Першае месца працы Вольга адшукала самастойна. Яе прывабіла пасада інжынера-электроніка на ААТ “Белкард”. Дзяўчына хутка ўцягнулася ў вытворчы працэс.

Праз некаторы час мяне назначылі начальнікам участка па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання з лікавым праграмным кіраваннем. Мая асноўная праца была ў дыягностыцы няспраўнасцяў станкоў. Канешне, сама з паяльнікам я нічога не рабіла, але калі будзе такая неабходнасць – магу лёгка з ім справіцца. Тата навучыў мяне гэтаму, калі я хадзіла яшчэ ў першы клас.

IMG_1556.JPG

Зараз на пасадзе інжынера-канструктара Вольга займаецца адмалёўкай электрасхем і састаўленнем праектаў энергазабеспячэння. Даводзіцца бываць у цэхах. Гэта патрэбна, калі, напрыклад, неабходна зрабіць праект для падключэння новага абсталявання. Пасля яго зацвярджэння электрамантажнікі праводзяць мантаж кабельных ліній.

На прадпрыемстве дзейнічае сістэма энергазабеспячэння, над абслугоўваннем якой мы і працуем. Раней усе схемы былі на паперы, а зараз амаль усе ёсць у электронным выглядзе. Некаторыя праекты прыходзіцца рабіць з нуля, а некаторыя аднаўляць. Важнае месца ў гэтай наладжанай сістэме займае энергаэфектыўнасць. Мы распрацоўваем праекты, па якіх прадпрыемства пераходзіць на энергазберагальнае асвятленне ў цэхах. Адказная вытворчасць – адна з мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі, прытрымліванне якіх згодна канцэпцыі дазволіць да 2030 года дасягнуць нашай дзяржаве эканамічнага росту. Ганаруся, што маю да гэтага дачыненне.

IMG_1591.JPG

Ведаць, што патрэбна моладзі

Некаторы час Вольга была сакратаром пярвічкі ГА “БРСМ” на прадпрыемстве, неаднаразова ўдзельнічала ў розных праектах саюза моладзі і нават рэалізавала свае ідэі. У студзені мінулага года Вольгу выбралі старшынёй савета працоўнай моладзі Гродзеншчыны. Таксама яна з’яўляецца членам рэспубліканскага савета.
Дзень вышыванкi 2016 Минск.jpg
Між іншым, Вольга ў складзе каманды Гродзенскай вобласці неаднаразова ўдзельнічала ў міжнародным моладзевым лагеры “Бе-La-Русь” і рэспубліканскім фестывалі “Алімпія”. У 2019 годзе ў складзе дэлегацыі Рэспублікі Беларусь прыняла ўдзел у конкурсе “Моладзь за саюзную дзяржаву” ў Растове-на-Доне.

_Молодёжь за союзное государство_ Ростов 2019.jpg

БРСМ – гэта добрая пляцоўка для рэалізацыі сябе і сваіх ініцыятыў у навуковай, спартыўнай, творчай дзейнасці, – лічыць Вольга. – Моладзі, якая працуе на нашым прадпрыемстве, прыйшоўся да спадобы Belcardquiz, які лічу ў некаторым сэнсе сваім аўтарскім праектам. Сама ідэя не новая, але ж для яе рэалізацыі на заводзе было зроблена нямала. У нас ужо прайшлі пяць інтэлектуальных гульняў. Падчас правядзення адной з іх мы таксама арганізавалі дабрачынны збор сродкаў для рэканструкцыі воінскіх могілак на вуліцы Антонава. Атрыманыя грошы перавялі на адзін з дабрачынных рахункаў. Так наша моладзь падтрымлівае важныя для ўсёй краіны даты – 75-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што адзначалася ў мінулым годзе, і сёлетняе 75-годдзе Вялікай Перамогі.

Бе-La-Русь 2016.jpg

Ды і ўвогуле моладзь прадпрыемства імкнецца дапамагаць іншым. Валанцёрскі атрад “Белкарда” на працягу некалькіх гадоў станавіўся лепшым па выніках абласнога конкурса “Валанцёр года – Добрае сэрца”.

Бал Победителей Белкард 2020.jpg

Акрамя таго, на прадпрыемстве ёсць свае даўнія традыцыі, якія дапамагае падтрымліваць пярвічка саюза моладзі. Напрыклад, турзлёты, спартакіяда сярод каманд падраздзяленняў завода па 15 відах спорту. У мінулым годзе ў Вольгі атрымалася перамагчы адразу ў чатырох відах спорту. І гэта не дзіўна, бо дзяўчына – ўдзельніца бегавога клуба Run4Fun.

Красивый забег 2020 Минск.jpg

Бегчы за добрым настроем

Яшчэ некалькі гадоў таму Вольга не магла ўявіць сабе, што пачне бегаць паўмарафоны. Зараз дзяўчына не прапускае ніводнай трэніроўкі, бегае на працяглыя дыстанцыі і атрымлівае ад гэтага самыя лепшыя эмоцыі. Як напамін пра добра праведзены час і падстава для гонару – калекцыя медалёў з розных стартаў як у Беларусі, так і за яе межамі.

Адно з галоўных жаданняў на гэты год – прыняць удзел у Міжнародным марафоне “Гродна – Друскінінкай”. Калі ён адбудзецца, гэта будзе мой першы марафон. На сённяшні дзень самая працяглая дыстанцыя, якую ў мяне атрымалася прабегчы, – гэта каля 30 кіламетраў. Пачуцці ў момант, калі фініш зусім блізка, цяжка апісаць. Магу сказаць адно – гэта неверагодна!

IMG_1578.JPG

Вольга ўпэўнена: здаровыя людзі – аснова здаровай нацыі, і сваім прыкладам хоча паказаць, што спорт і актыўны лад жыцця – якасны інструмент у дасягненні гэтай мэты. Таму заахвочвае прыйсці на трэніроўкі сваіх сяброў і калег.

IMG_1585.JPG

Жаданне вучыцца новаму дазваляе Вользе ставіць перад сабой самыя смелыя мэты. Дзяўчына не выключае, што ў будучым паступіць у магістратуру ці атрымае вышэйшую адукацыю па новай спецыяльнасці, каб паглыбляць і папаўняць кампетэнцыі адпаведна сучасным рэаліям.

– Для таго, каб прынесці карысць грамадству, патрэбна ў першую чаргу мяняцца самаму. Таму імкнуся выкарыстоўваць любыя магчымасці, якія прадастаўляе жыццё. Галоўнае, каб гэта не перашкаджала іншым, а наадварот, матывавала і натхняла людзей.