“У Германію трапіў за брата...”. Пра жыццё ў ваенны час і бамбардзіроўкі — шчымлівая гісторыя Міхаіла Данільчыка

Міхаіл Данільчык з вёскі Лявонавічы — адзін з тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў вывезены на прымусовую працу ў Германію. Сёння Міхаілу Фёдаравічу ўжо больш за дзевяноста гадоў, але  тыя далёкія часы ён добра памятае і згадзіўся аб іх расказаць.

Нарадзіўся Міхаіл Фёдаравіч у красавіку 1929 года тут жа, у Лявонавічах. У той час гэтая вёска не пуставала, як цяпер, і  жыхароў тут было намнога больш. У сям’і Данільчыкаў таксама падрастала чацвёра дзяцей. Старэйшаму сыну Івану на пачатак вайны споўнілася ўжо 18 гадоў, і яго забралі на фронт. А малодшыя дзеці: 16-гадовы Пётр,  12-гадовы Міхаіл і 7-гадовая Люба заставаліся дома з бацькамі, тут яны і сустрэлі нямецкую акупацыю.

IMG_6167.jpg

— Помню, што вайна пачалася з бамбардзіроўкі аэрадромаў у Кватарах і Росі, менавіта туды ляталі нямецкія самалёты, — пачынае свой успамін Міхаіл Фёдаравіч. – А потым і ў нашых мясцінах з’явіліся нямецкія салдаты. У Стары Дворац немцы прывялі каля сотні савецкіх палонных, я сам ім тры разы хлеб насіў, і бабы нашы з вёскі кармілі іх. Затым іх некуды адвезлі.  А некалькіх палонных нават дазволілі разабраць па хатах, у Лявонавічах людзі ўзялі пяць чалавек. Можа, з год яны ў вёсцы былі. Немцы прыязджалі, правяралі. Потым выйшаў загад, каб яны з’явіліся ў раённы нямецкі  камісарыят. Але палонныя  да немцаў не хацелі ісці і хаваліся. Аднойчы дзве дзяўчыны  з нашай вёскі ішлі са Старога  Дворца і заўважылі, што ад лесу немцы пачынаюць ачапляць вёску, яны сказалі пра гэта палонным, і тыя накіраваліся  на хутар Кучынскага  і так вырваліся. А немцы ачапілі Лявонавічы, выгналі  ўсіх  людзей за вёску пад кулямётамі, але палонных не знайшлі.  Адзін, праўда, казалі,  схаваўся тут, але яго не знайшлі. А каб знайшлі, дык можа і ўсю вёску расстралялі б. Але і так 8 мужчын з Лявонавіч забралі ў турму ў Беласток.

Праз некаторы час немцы выдалі  загад  адправіць маладых людзей на працу ў Германію. З нашых Лявонавіч 11 чалавек павінны былі паехаць на прымусовыя работы – 7  хлопцаў і 4 дзяўчыны. Трэба было з’явіцца ў Бераставіцу да нямецкага камісара.  Запісаны ў Германію быў і мой брат Пеця, але чамусьці бацькі вырашылі адправіць мяне за яго. Можа, палічылі, што малалетку  не забяруць у Германію, вернуць назад, дадому. А яны і не падумалі, што немцы маглі расстраляць Пятра за тое, што ён не з’явіўся па загадзе. Немец не стаў асабліва разбірацца,  паглядзеў, праўда, што ўсе хлопцы і дзяўчаты больш-менш дарослыя, а я яшчэ малы, але дадому не адправіў, сказаў па-польску: “Бэньдзеш гэнсі пасвіць”. Так нас з Бераставіцы адправілі ў Беласток, а адтуль   везлі цягніком, якім  цялят перавозяць, дзесьці каля сутак.  Мы прыбылі ў Прусію, у горад, які знаходзіўся ў ста кіламетрах ад Кёнігсберга. Цяпер гэты горад называецца Гусеў, а тады быў Гумбінен.

На станцыі нас усіх высадзілі, прыйшлі немцы і сталі выбіраць сабе работнікаў. Я трапіў да немца-агародніка, які жыў  у пасёлку Нордэнбург, у яго была гаспадарка па вырошчванні агародніны. Са мной там яшчэ працавалі два палякі з Варшавы – Вацэк і Казік. Мы садзілі і палолі гуркі, памідоры, іншую гародніну, збіралі яе. Не скажу, што было вельмі цяжка, ды і ўмовы таксама былі не найгоршымі, думаю, што тыя, хто застаўся пад нямецкай акупацыяй у родных мясцінах,  нагараваліся яшчэ больш.

Памятаю, што немца-гаспадара звалі Бруно Рызэ, у яго было двое сыноў, адзін ужо вучыўся ў горадзе на агранома. Гаспадыня была старэйшай медсястрой у радзільным аддзяленні. У немца быў двухпавярховы дом, нам, работнікам,  быў выдзелены пакой на другім паверсе, у якім стаялі тры ложкі, мы там і жылі. У Нордэнбургу   быў яшчэ млын, дзе  пяць  палякаў працавалі. А ў горадзе на малаказаводзе  і мясакамбінаце  таксама палякі працавалі.

У Прусіі я прабыў два гады, пісаў пісьмы дадому, а брат Пеця нават прысылаў  мне туды пасылку, бо немец-гаспадар вельмі хацеў развесці цыбулі беларускай, дык вось брат і выслаў.

У 1944 годзе, пакуль я быў у Германіі, памерла маці, я з ёй і не развітаўся.  А як вярнуўся дадому, то дома была ўжо мачаха.

У 1945 годзе, калі пачалося наступленне савецкіх салдат і яны былі дзесьці ў 80 кіламетрах ад Кёнігсберга, дом гаспадара занялі нямецкія салдаты і сказалі ўсім выязджаць: і немцам, і іх работнікам.  Вядома, гаспадарам ужо было не да нас, мы выбіраліся самі. Кіламетраў 10-15 прайшлі, а потым сустрэліся з рускімі салдатамі. Тры дні капалі акопы   для Чырвонай Арміі   ля літоўскай граніцы.  На некаторы час  нас затрымалі ў Гусеве, дапытвалі аб абставінах нашага знаходжання ў Германіі, потым адвезлі ў Літву, у  горад Кібартай. Там мы пару тыдняў пабылі, нам  выдалі дакументы і мы вярнуліся цягніком  у Беларусь. 1 сакавіка 1945 года я ўжо быў дома ў Лявонавічах.  А вось брат Іван дадому не вярнуўся, загінуў падчас абароны Масквы…

У першыя пасляваенныя гады Міхаіл Данільчык працаваў  на сваёй гаспадарцы,  потым пайшоў у калгас.

З 1956 года адзіным  месцам яго працы стала кузня,   тут ён і прарабіў  40 гадоў кавалём, пакуль не пайшоў на пенсію.

Жонку, Анастасію Аляксандраўну,  Міхаіл Фёдаравіч знайшоў на вяселлі ў суседзяў:  іх сваячка з Навікоў была яму дружкай, у 1959 годзе яны пажаніліся.

Муж і жонка выгадавалі разам дваіх дзяцей, маюць чатырох унукаў і чатырох праўнукаў. Дачка Аня жыве далёка, у Крыме, а сын Мікалай — у Гродне, кожныя выхадныя прыязджае, дапамагае бацькам.

Два гады назад Міхаіл Фёдаравіч страціў нагу, цяпер не ходзіць, перамяшчаецца на інвалідным вазку. Сын зрабіў спецыяльнае прыстасаванне, каб бацька  мог сам падняцца з ложка і сесці ў вазок. Моцныя рукі былога каваля яшчэ могуць падняць цела,  і гэта шчасце. бо жонка яго сама падняць не змагла б.

— Мой Міхаіл Фёдаравіч самы старэйшы ў акрузе, ды і мне ужо 81-ы год, — кажа Анастасія Аляксандраўна. –  Цяжкія гады прайшлі, а Бог неяк прадоўжыў век. Перажылі сіроцтва, ваенны час, бясхлебніцу, усё вытрывалі.  Цяпер, здаецца, жыві і радуйся:  унук правёў ваду ў дом, не трэба насіць,    сын зрабіў туалет — усё на месцы, усё зроблена для жыцця, толькі што ўжо няма калі жыць, а так яшчэ хацелася б парадавацца на дзяцей і ўнукаў.  Але тут ужо як Бог дасць…