Переселенка из Украины Марина Швец: "Хорошо там, где спокойно"

Сям’я Марыны Швец пераехала ў Астравецкі раён.

Дзе чалавеку добра, утульна, спакойна: там, дзе ён нарадзіўся – ці там, дзе жывуць яго родныя? А можа, там, дзе ён атрымаў прызнанне – ці там, дзе яго разумеюць? Напэўна, там, дзе ён адчувае сябе сваім, калі навакольныя не зважаюць на колер скуры, адметныя рысы твару, асаблівасці мовы, звычкі… Тады і дыхаецца лёгка, і спіцца салодка, і працуецца добра, і жывецца мірна – пад адным небам, расказвае ostrovets.by.

05d4cc3bca19aac662e243ac4df30413.jpg

Пяць гадоў таму сям’я Марыны Швец прыехала ў Астравец з украінскага Энергадара. З часам набылі дом непадалёк Астраўца – і цяпер пакрысе там абуладкоўваюцца. 

Радзіма – Запарожжа

Нарадзілася Марына ў горадзе Палогі, а дзяцінства яе  прайшло ў Сібіры.

Тады ж быў Савецкі Саюз, ездзілі на заробкі па ўсёй краіне. Мне было 1,5 года, калі наша сям’я адправілася ў горад наф­та­вікоў Ніжневартаўск, – расказвае жанчына. – Бацькі вярну­ліся на радзіму, калі захварэла бабуля – маці ў яе адзіным дзіцям была, даглядаць больш не было каму.  А тут неўзабаве і развал Саюза!

Найбольшай цяжкасцю для дзяўчынкі стала вывучэнне ў школе роднай украінскай мовы.

Там ва ўжытку суржык – не такая, як на ўсходняй Украіне, чыстая мова. У нас гаворка а-ля Сярдзючка, «гэканне», – смяецца Марына.  – І людзі вельмі эмацыянальныя – самі казакі гарачыя плюс турэцкая кроў. Народ працавіты, але на ўзроўні эмоцый проста зашкал! 

Дзе б ні жыла, дома гавару толькі па-ўкраінску, – працягвае суразмоўца. – На Радзіме заба­ранілі рускую мову – маўляў, народныя традыцыі згубім. А я лічу, што нікуды яно ад мяне не дзенецца: ужо 10 гадоў не жыву на Украіне, а мову сваю берагу.  

2й.jpg
Калі мову навязваць гвал­тоў­на, лічыць Марына, нічога не выйдзе – трэба, каб яе ўпітвалі лю­бячы. 

З пакалення мастакоў

Марына Швец – чалавек творчай прафесіі: яна майстар ганчарнай справы.

– У нас пакаленне мастакоў: светлай памяці маці была жывапісцам, кіравала мастацкай школай; брат займаецца ганчарным рамяством, – дзеліцца жанчына. – Я  па прызванні керамік – у мяне арганічны кантакт з глінай. Часам людзі пытаюць, як зрабіла тую ці іншую рэч, а я адказваю, што гэта матэрыял падказаў – такая  адбываецца магія. Таму і гурток, які вяду ў цэнтры творчасці, называецца «Жывая гліна». Гэты матэрыял сапраўды жывы – ён з чалавекам у цесным кантакце, як і любы іншы прыродны матэрыял. 

Дваццацігадовай дзяўчынай Марына адправілася у Энергадар – працаваць і адточваць талент у  вядомых украінскіх майстроў-керамістаў Ларысы і Віктара Нагорных.

–  Я іх ганаровая вучаніца, – удак­ладняе педагог цэнтра твор­часці. –  У Энергадары мяне добра ведаюць, там у мяне была свая майстэрня, рабіла эксклюзіўныя заказы. Вельмі палюбіла гэты горад і, напэўна, засталася б там, каб не сустрэла сваю другую палавінку.

Марына адправілася ўслед за каханым у Іран, дзе яму пра­па­навалі працу на Бушэрскай атамнай станцыі.

Я там таксама працавала. Увогуле без справы сядзець не магу. – гаворыць жанчына. – Увесь час у творчасці – без гэтага  проста хворая. На Астравеччыне мару абуладкаваць сваю майстэрню – на дачы, якую мы пабудавалі непадалёк ад Астраўца ў вёсцы Мікшаны

3й.jpg
4й.jpg

За стабільным жыццём 

–  Работа мужа звязана з атам­най энергетыкай, таму давялося жыць і працаваць нам у Іране, Расіі, ва Украіне – дарэчы, у Энергадары працуе Запарожская атамная станцыя, яна самая вялікая ў Еўропе – на 6 блокаў. Цяпер вось жывём у Беларусі, – расказвае Марына. 

– Думалі застацца ў Расіі, але не спадабалася там – хоць і вырасла ў гэтай краіне. Вярнуліся на Украіну і хацелі асесці – пача­ліся хваляванні… Муж у мяне расіянін, таму яму ва ўсіх работах было адмоўлена… Мы разумелі, што трэба некуды з’язджаць. Быў варыянт – Беларусь. Да таго ж, усе хвалілі гэту краіну, расказвалі, што тут чыста, а галоўнае – стабільна і спакойна. Пасля Украіны, пасля падзей, якія там адбыліся 5 гадоў таму, у нас ужо не было ні ілюзій, ні якіхсьці амбіцый – нам, бацькам дзвюх маленькіх дачок, хацелася аднаго: спакою, не баяцца за сябе і сваіх дзетак. Сюды шмат украінцаў прыехала, каб стварыць камфортнае, стабільнае жыццё. Многа хто прыехаў, як кажуць, з канцамі, – прадаўшы ранейшае жыллё. 
Так сям’я Швец з’явілася ў бе­ла­рускім горадзе энерге­тыкаў. 

Прыехалі, калі першы мікра­раён яшчэ будаваўся, – узгадвае новая астраўчанка. – І я сутыкнулася з такім моцным перажываннем як сум.  Горад узводзіцца, усё чужое, знаёмых няма… Зем­лякоў, здаецца, і шмат тут было, але яны пасля ўкраінскіх па­дзей узрушаныя, замкнёныя – мне вельмі не хапала жывых ста­сун­каў. Мы ездзілі ў Мінск – гэтым горадам я літаральна ратавалася. 

Аднак у  такім стане жанчына знаходзілася нядоўга: неўзабаве ў Марыны з’явіліся знаёмыя, яна ўладкавалася на работу ў цэнтр творчасці, дзеці ў школу адзін за другім пайшлі – і ўсё стала на свае месцы. 

Мы былі настолькі шчаслівыя, што нашы дзяўчаткі будуць гадавацца ў мірнай і спакойнай краіне, што нам нічога не пагражае – і тут пачаліся хваляванні ў Беларусі. А мы ведаем, што за гэтым можа быць – Украіна гэта перажыла! Едзеш міма ўрадлівых херсонскіх палёў, а яны пустыя – жах такое бачыць, – зазначае жанчына. – Дай толькі асяроддзе раскласці, раздзялі людзей – і знойдзецца той, хто дапаможа іх дабіць.
 
У Беларусі прыгажосць вакол, парадак, убраныя палі – вока радуецца, – дзеліцца ўражаннямі ад краіны мая су­размоўца. – Усё размерана, не стараюцца адзін перад адным спаборнічаць на разрыў – спакойна дасягаюць мэт. Украінцы, якія тут працавалі на АЭС і па заканчэнні работ паехалі ў Варонеж, кажуць, што галосяць за Астраўцом, не было дня, каб не думалі пра гэты горад – чыстыя дарожкі, пляцовачкі для дзетак, вывеў іх у двор і не турбуешся, што з імі штосьці здарыцца.  Праўда, хацелася б у Астраўцы больш дзвіжу – у добрым сэнсе гэтага слова. Напрыклад, пляж з прыгожай зонай адпачынку, кафэшкамі, магчыма, танцполам. Для моладзі пакуль няма месцаў для культурнага адпачынку, дзе б юнакі і дзяўчаты маглі раскрываць і дэманстраваць свой талент – магчыма, кшталту пляцовачак у скверы, на плошчы. Думаю, гэта будзе – проста на ўсё патрэбен час. Тут шмат адоранай, апантанай моладзі – хочацца, каб яна развівалася.

Адзін аднаго разумеем

Жмэнька, буряк, гарбуз, алія… Тут, у адрозненне ад Расіі, я магу так гаварыць – і мяне зразумеюць, нават не звернуць увагі – гэта так радуе! – смяецца Марына Швец. 

Мне ў Беларусі нашмат камфортней і ў моўным плане, і ў традыцыйным – маю на ўвазе куль­туру, чым у Расіі. На жаль, мае дзеці размаўляюць толькі па-руску, яны мяне разумеюць, але ні слова па-ўк­раінску сказаць не могуць. Дарэчы, старэйшай вельмі падабаецца беларуская мова – не дзіўна, бо яна тут фактычна вырасла. Калі мы прыехалі, адной дачцэ было 4 гады, а другой – 2. 

А ў Мікшанах у мяне ёсць сусед Пятро Пятровіч – ён гаворыць па-беларуску. Ой, як жа гэта цудоўна! Размаўляць з ім адно задавальненне – я – на ўкраінскай, ён – на сваёй, мы душу ў гаворцы адводзім. А галоўнае – адзін аднаго разумеем! – захоплена працягвае жанчына. 

Па прызнанні маёй гераіні, традыцыі краін, у якіх давялося жыць, яе сям’я не проста збірае, яна іх упітвае ў сябе.

Ведаеце, украінцы вельмі каларытныя – паводзіны, звычаі, гаворка... Карані народа прапісаны ў сімволіцы. У нас болей сонца («хахол» у перакладзе «сонечны чалавек»), магчыма, таму ў нас раслінныя арнаменты, а ў беларусаў – геаметрыя – гэта прос­та фантастыка, нешта асаблі­вае. Для мяне гэта ноў-хаў! – параўноўвае Марына.  – А яшчэ тут не так святкуецца дзень святога Мікалая, які прыпадае на 19 снежня. Святы Мікалай – гэта і ёсць Дзед Мароз для нашых дзяцей. Дачушкам ён прыносіць падарункі і 19 снежня, і на Новы год. А тут вось заўважыла, католікі-дзеткі кажуць, што ім падарункі прыносіць Дзед Мароз на Ражаство. У нас, каб атрымаць падарунак на гэтае свята, трэба заслужыць у мамы з татам – гэта ўжо дары ад бацькоў: паездка, гульня, падарунак – гэта Гасподзь дае ўладу над дзецьмі. Традыцыйна ўпрыгожваем увесь дом, як і на Пасху, – рыхтуемся да святаў за месяц.

У Энергадары мы абавязкова хадзілі калядаваць. Напярэдадні Ражаства ў святы вечар, калі пос­ная ежа, неслі кумам асвечаную куццю, а дзеці, звяртаючыся да хросных бацькоў, прамаўлялі: «Мама і тата перадаюць вам паклон, пакаштуйце нашу куццю».  Куцця ў нашай вобласці робіцца з рысу з дабаўленнем арэшкаў, мёду, маку, разынак, – знаёміць з запарожскімі традыцыямі каля­да­вання Марына. – У Аст­раў­цы мы ходзім калядаваць да добрых людзей, з якімі разам бываем у  храме, якія жывуць у двары, якія любяць нашых дзяцей.  Мы з мужам прывіваем сваім дзяўчаткам хрысціянскія традыцыі, гаворачы: «Вы анёлы, якія нясуць добрую вестку» – іх Калядкі накіраваны на духоўную існасць. 

А вось я калісьці калядавала па народных традыцыях: Шчэдрык-вэдрык, дай ва­рэнік, грудачку кашкі, кіль­цэ каўбаскі, як шо мало, дай ты сала кіло. Увогуле, гэта добрая традыцыя, шчырая: ідзеш, жадаеш людзям дабрабыту, шчасця, адчуваеш дух свята, а ва ўсіх на кухні парыцца-варыцца, пахі стаяць! 

Працягваюцца Калядкі на само Ражаство – 7 студзеня – але ў гэты дзень павінны ха­дзіць калядаваць толькі асобы мужчынскага полу. У мясцінах, дзе прытрымліваюцца дзядоўскіх традыцый, калі дзяў­чаты прыйдуць, то іх прагоняць.

А вось шчадруюць – 13 сту­дзеня, напярэдадні Старога Новага года, толькі дзяўчынкі, – тлу­мачыць Марына. –  І абавяз­ко­вая традыцыя – пасяванне. Яго пра­водзяць 15 студзеня, прычым: таксама чакаюць у хату толькі муж­чын – кажуць, не дай бог калі баба ў дом зайшла – гэта на бяду.  Людзі чакаюць, просяць, каб прыйшлі, пасеялі – гэта на дабрабыт, каб зерне раскідалі са словамі «Сію, вію, пасіваю, з Новым роком поздравляю, Гас­подзь радыўся і хрыстыўся…». Абавязкова ўсё зернем засыпаць у доме – і пажадана да світанку.

Швяцы – частыя наведвальні­кі   мінскага Свята-Елісавецінскага ма­настыра. 

Там шмат чаго для дзяцей робіцца: і батлейка, і гулянні прыгожыя, конкурсы, на конях катаюць! Мы стараемся трапляць на святы, якія там ладзяць, – вельмі цікава! – дзеліцца  Марына. – Уні­кальная традыцыя Беларусі – батлейка. Гэта ж сапраўдны дух свята!  Да пандэміі на Ражаство ў Свя­та-Елі­савецінскі манастыр з’яз­джа­ліся тэатры з 15 краін свету. Упершыню я туды трапіла з бат­лейкай, якую рабіла для астравец­кага храма. 

Першае ўяўленне пра бела­русаў як нацыю Марына атрымала не з інтэрнэту ці ад знаёмых – пра наш народ ёй расказвала яе маці. Жанчына ўзгадала жыццё ў Сібіры, дзе было пасяленне беларусаў. 

Мама казала, што яны асаб­лівыя людзі, у іх цесная сувязь з прыродай, яе дзівіла, што яны нават дзверы ніколі не замыкалі. Яны і па духу такія: ад іх чакаць агрэсіі не трэба. Вось з такім уяўленнем я і прыехала ў Беларусь. А ўвогуле, куды б ты ні выпраўляўся, трэба памятаць, што чалавек – дзіця Божае, Айцец нябесны не пакіне нас без апекі, таму заўсёды  знойдуцца людзі, якія прымуць, дапамогуць, параяць, – заканчвае нашу размову жанчына. 

На хвіліначку

* Украінскі чалавек усюды знойдзе нагоду для гумару, весялосці.
* Наша нацыянальная страва – фаршыраваныя мясам з рысам перчыкі. 
* На ўкраінскім рынку заўсёды знойдзеш хатніх курку, свініну, ялавічыну, ягняціну –  прылаўкі заваленыя, а за імі сапраўдныя салохі стаяць! 
* Землі ў нас ураджайныя: зярнятка кінеш – і вырасце, і ўродзіць, нават калі не абрабляць, а толькі паліваць. І цяпліц няма.  
* На маёй Радзіме ўсе двары ў ружах, чэрнобрывчыках (аксамітках).

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»