Выдатнік хлебнай нівы. Чалавек года Гродзеншчыны Іван Кімашэўскі пра дзіцячыя мары, сучасную сельгастэхніку і працу ў камандзе

ААТ “Васілішкі” штогод займае лідзіруючыя пазіцыі сярод гаспадарак Шчучыншчыны. У гэтым вялікая заслуга начальніка вытворчасці раслінаводчай прадукцыі сельгаспрадпрыемства Івана Кімашэўскага, які за свае высокія працоўныя дасягненні сёлета прызнаны “Чалавекам года Гродзеншчыны”.

img_8878_0.jpg
– Стаць хлебаробам марыў з дзяцінства, –
прызнаецца Іван Феліксавіч. – Сам тутэйшы, з вёскі Кронькі. Бацькі працавалі ў калгасе і трымалі ўласную гаспадарку. Я часта “прападаў” з імі на палетках, назіраў, як камбайны ўбіраюць спелыя, налітыя золатам каласы, і ўяўляў, што калі-небудзь і сам буду вырошчваць хлеб.





Не дзіва, што пасля школы падаў дакументы ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, куды і быў залічаны. Прадметы даваліся юнаку лёгка, таму вучыўся на “выдатна”. Пасля атрымання дыплома вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся на працу загадчыкам вытворчага ўчастка ў калгас імя Суворава.

– Тады ўсе трактары былі на гусеніцах, не тое што зараз, – успамінае Іван Кімашэўскі. – Таму заехаць у поле ранняй вясной было няпростай задачай. Аднак час не стаіць на месцы, і на змену маральна састарэлай тэхніцы прыйшла новая, энерганасычаная. Сёння айчынны “жалезны волат” МТЗ-3522 выконвае шырокі спектр работ. 

У 2002 годзе ў выніку рэарганізацыі гаспадаркі і аптымізацыі земляў было ўтворана ААТ “Васілішкі”, якое стала нашчадкам закладзеных добрых працоўных традыцый. І па сённяшні дзень Іван Феліксавіч добрасумленна працуе ў роднай гаспадарцы. І хоць займае высокую пасаду, застаць яго ў кабінеце амаль немагчыма. 

– Наша гаспадарка – самая вялікая ў раёне, – зазначае наш герой. – У нас налічваецца 23 тысячы гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку 15400 гектараў раллі. Апрацоўваць такія абшары няпроста: за дзень праязджаю да 300 кіламетраў, каб пераканацца, што ўсе работы вядуцца якасна.

За гады плённай працы Іван Феліксавіч зарэкамендаваў сябе таленавітым арганізатарам, ініцыятыўным спецыялістам, які валодае глыбокімі ведамі і багатым практычным вопытам у раслінаводчай галіне. Ён умела кіруе агранамічнай службай ААТ “Васілішкі”.

– Улічваючы засушлівасць апошніх гадоў, сёлета мы павялічылі пасевы азімых культур, якія ў параўнанні з яравымі характарызуюцца большай ураджайнасцю, на 500 гектараў, – гаворыць Іван Феліксавіч. – Цяпер яны займаюць у гаспадарцы плошчу 5100 гектараў, і з кожнага мы плануем атрымаць больш за 50 цэнтнераў зерня. Для гэтага ўнеслі згодна з распрацаванымі тэхналогіямі неабходную колькасць мінеральных угнаенняў і правялі адпаведныя апрацоўкі пасеваў. Безумоўна, гэта патрабуе істотных фінансавых укладанняў, але толькі так можна дабіцца высокай ураджайнасці. 

Іван Кімашэўскі перакананы, што сёлета ў гаспадарцы атрымаюць не менш за 4500 тон масланасення рапсу, 30 тысяч тон цукровых буракоў, 6 тысяч тон бульбы і прыкладна 2 тысячы тон гародніны. Акрамя таго, васілішкаўскія аграрыі правядуць тры ўкосы і нарыхтуюць 67 тысяч тон сенажу і 76 тысяч сіласу, каб забяспечыць якаснымі кармамі 18 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і 67 тысяч галоў свіней.

– Адкуль такая ўпэўненасць? – пытаюся я.

– Зладжаная каманда прафесіяналаў – залог поспеху любой справы, – лічыць суразмоўца. – Калектыў гаспадаркі ўзначальвае таленавіты і вопытны кіраўнік. Побач працуюць вельмі адказныя і добрасумленныя людзі.

Іван Феліксавіч прымае актыўны ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці раёна: з’яўляецца дэпутатам Васілішкаўскага сельскага Савета дэпутатаў і карыстаецца заслужанай павагай і аўтарытэтам сярод сяльчан. А дома яго з нецярпеннем чакаюць любімая жонка Ірына і малодшая дачка Яна. Дзве старэйшыя дачкі – Вольга і Юлія – ужо пакінулі бацькоўскае гняздо і занялі дастойнае месца ў грамадстве.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»