Як Дзеды Марозы з Ашмянскага раёна споўнілі жаданні дзяцей з прытулку

Як Дзеды Марозы з Ашмянскага раёна споўнілі жаданні дзяцей з прытулку

Усе мы жадаем, каб нашы мары і спадзяванні спраўдзіліся. Новы год і Нараджэнне Хрыстова – самы лепшы для гэтага час. Менавіта ў святочныя чароўныя дні нябесныя сілы аб’ядноўваюцца для таго, каб паўсюль уладарылі згода і дабрыня.

У цуд, канешне, больш вераць дзеці. З гадамі гэта адчуванне пачынае знікаць, раставаць, як бязважкі снег у цёплай руцэ. Дарослыя шмат перажылі і пабачылі. Яны – другія, без юнацкіх ілюзій і наіўнасці. Хаця, прызнацца па шчырасці, у душы, дзесьці на самым яе дне, у кожнага з нас усё яшчэ жыве вера. Яна, як маленькі вугельчык сярод шэрага попелу, раптам успыхне і перайначыць будзённасць, зменіць нас, расфарбуе твары усмешкай. Пераапране нас у касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі і зробіць чараўнікамі!

1.jpg

Шмат чараўнікоў адгукнулася на просьбу дапамагчы дзецям з Ашмянскага раёна, якіх жыццёвыя абставіны прымусілі пакінуць родны дом і бацькоў. На пэўны час домам для Паліны, Аліны, Юлі і Вікі стаў сацыяльны прытулак. Безумоўна, самая вялікая мара гэтых дзяцей – уз’яднацца з роднымі. Аднак для гэтага цуда мала. Патрэбна вялікая сіла волі бацькоў, якія на першы план паставілі іншыя каштоўнасці. І толькі ад дарослых залежыць, як складзецца лёс іх дачушак-прыгажунь.

Напярэдадні свят дзяўчынкі, як і ўсе дзеці на свеце, напісалі пісьмы Дзеду Марозу. Віка пажадала ружовыя навушнікі, Аліна – накладныя пазногці і таксама навушнікі, каб не прасіць іх у сястры. Для чатырохгадовай Юлі, як і для ўсіх дзяўчынкак, жаданым падарункам стала б лялька. А яе маленькая сяброўка Паліна папрасіла ў Дзеда Мароза смартфон – каб можна было глядзець з яго дапамогай мульцікі.

3.jpg

Перадаць дзіцячыя пасланні казачнаму чараўніку выказалі жаданне карэспандэнты раённай газеты. А каб мары дзяцей знайшлі свайго адрасата і абавязкова спраўдзіліся, супрацоўнікі раёнкі размясцілі пісьмы-жаданні на сваім сайце і ў газеце.

Колькі Дзедаў Марозаў адгукнулася на гэтыя пісьмы? Не паверыце, некалькі дзясяткаў, не менш!

Дзяніс Ластоўскі, Павел Жабінскі, калектыў імідж-студыі Julie і яе гаспадыня Юлія Бабенка, першы сакратар райкама БРСМ Юлія Субач, валанцёры гімназіі №1, шматлікія жыхары нашага раёна, якія не пажадалі назваць сваіх прозвішчаў…

Падчас святочнага ранішніка, які быў арганізаваны работнікамі дзіцячага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Дзед Мароз не змог змясціць усе падарункі ў свой чароўны мех: прыйшлося іх складваць ў хацінцы на курыных ножках, дзе часам уладарыць Баба Яга.

4.jpg

Няхай надыходзячы год будзе для нашых выхаванцаў і іх бацькоў шчаслівым, — адзначыла ў віншаванні дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталля Пялецкая.Сям’я – гэта вялікая сіла і вялікая работа. Толькі ў ёй можна адчуць сябе абароненым, рэалізаваць свае планы і задумы. Няхай сапраўдная і моцная сям’я атуліць цяплом і любоўю кожнае дзіця, абароніць яго ад нягод і трывог.

Шчасцем ззялі дзіцячыя вочы. Песні, карагоды, гульні разам з казачнымі героямі і жаданыя падарункі… Здавалася б, усё ў гэтых дзяцей ёсць. Хочацца верыць, што ў іх будуць і бацькі – сапраўдныя, здольныя атуліць сваіх дзяцей цяплом і любоўю, гатовыя зрабіць так, каб ніколі не плакалі дзіцячыя вочы. І ў іх абавязкова хопіць любові і цяпла, хопіць сіл, каб жыць годна і шанаваць дадзены Богам цуд.

5.jpg

А што тычыцца Дзедаў Марозаў, то давайце будзем і далей нясці ў сабе веру ў гэтага казачнага героя, у дабрыню, спагаду і міласэрнасць, без якіх немагчыма пражыць на Зямлі. А калі спатрэбіцца, станем самі чараўнікамі. Няхай множацца добрыя справы!