Спёка і 100 тон збожжа: адзін дзень на ўборцы разам з камбайнерамі ААТ “Васілішкі”

Спёка і 100 тон збожжа: адзін дзень на ўборцы разам з камбайнерамі ААТ “Васілішкі”

Кожны дзень, перад тым як прыступіць да ўборкі хлебнай нівы, патомны механізатар ААТ “Васілішкі” Юрый Іосіфавіч Жолік успамінае добрую бацькаву традыцыю: зрывае залаты колас, расцірае яго ў магутных далонях і спрабуе на смак зерне новага ўраджаю. Гэтага вопытнаму хлебаробу дастаткова, каб вызначыць, ці гатова збожжа да абмалочвання.

c9bca2b9e0b1c5f3d0fcc8ab19cefa8a.jpg

Мы падаспелі акурат да пачатку ўборкі новага ўчастка. Камбайнер Ю.І. Жолік хрумкнуў зернем і задаволена кіўнуў галавой, маўляў, можна ўбіраць.

Штогод я і араю, і сею, і збіраю ўраджай, – гаворыць Юрый Іосіфавіч. – Аднак жніво для мяне – асаблівая пара: менавіта тады можна ацаніць якасць праведзенай работы. Бягучая ўборачная кампанія для мяне 24-ая! Безумоўна, ніводная вясна не бывае аднолькавая з папярэдняй. Ды і лета не падобна адно да аднаго. Сёлета, да прыкладу, мы сутыкнуліся з анамальнай спёкай, якая нядаўна саступіла месца ліўням. Усё гэта негатыўна адбілася на выспяванні азімых культур. А вось яравая пшаніца і ячмень атрымалі ўдосталь вільгаці, каб як след наліць свае каласы.

22.jpg

Ю.І. Жолік сядае за штурвал камбайна, і машына нібы ажывае: размерана рухаецца па полі, пакідаючы пасля сябе свежаўбраную паласу раллі. Чыста зрэзаныя каласы падхапляюцца шнэкам і па нахільным транспарцёры падаюцца ў малацільны апарат. Камп’ютар паведамляе камбайнеру аб абаротах барабана і ступені запаўняльнасці бункера. У кабіне працуе кандыцыянер, што робіць працу механізатара болей камфортнай. Юрый Іосіфавіч спакойна трымае рукі на джойсціку кіравання з кнопкамі, перыядычна кранаючы рычаг пераключэння хуткасцей. Педалі счаплення, газу і тормазу націскае машынальна. Таму з боку можа падацца, што камбайн рухаецца на аўтапілоце.

– Думаеце, усё так проста?
– папярэджвае нас Юрый Іосіфавіч. – Не гледзячы на тое, што большасць вытворчых працэсаў у кабіне камп’ютарызаваныя, многае залежыць і ад самаго камбайнера. Кожная культура, кожнае поле патрабуюць індывідуальнай настройкі жняяркі, якую я праводжу ўручную. У маёй галаве працуе свой камп’ютар, таму дакладна ведаю, калі неабходна павялічыць абароты барабана і адрэгуляваць іншыя вытворчыя працэсы. Хоць мая машына і не касмічны карабель, але каб вывучыць яго работу дасканала – патрэбна шмат часу.

Калі з рукава камбайна ў кузаў грузавіка хлынула залацістая рака, сэрца, прызнацца, затрапятала. Упэўнены, кожны, хто бачыў гэту карціну, не застанецца раўнадушным: незабыўны водар хлеба разносіцца над полем, а навокал кружыць мноства буслоў.

– Часам мне здаецца, што вось для гэтых імгненняў я і працую, – зазначае Ю.І. Жолік. – Мой камбайн працуе ўжо 15 сезон, аднак не падводзіць. Даглядаю за ім, як за сваім аўто, таму тэхніка ў выдатным стане. За дзень убіраю да 20 гектараў, намалочваю да 100 тон.

На асабістым рахунку камбайнера шмат перамог. Так, у мінулым годзе яго агульны намалот перавысіў дзве тысячы тон. Васілішкаўскі хлебароб не раз прымаў удзел у абласных і рэспубліканскіх дажынках. За высокія дасягненні ўзнагароджваўся граматамі і каштоўнымі падарункамі.

33.jpg

І няхай праца на зямлі не з лёгкіх, Юрый Іосіфавіч прызнаўся, што ні на якія скарбы не прамяняе гэту бацькоўскую спадчыну. Кожны выхад у поле для яго асаблівы. Залатая ніва дорыць пачуццё ўпэўненасці і спакою.

– Дык кажуць, што адзін у полі не воін? – пытаюся я.

Працаваць талакою, безумоўна, весялей… Але часам даводзіцца і сам-насам заставацца. З полем мы не ваюем, а сябруем, таму і справа ладзіцца.
Як сапраўдны гаспадар Юрый Іосіфавіч хвалюецца за якасць уборкі і ўраджайнасць, стараецца, каб ніводнае зярнятка не прапала. За клопат поле аддзячвае шчыра – кладзецца ў засекі адборным зернем.

44.jpg

Падчас жніва працаваць даводзіцца ад ранку да позняга вечара. Дадому Юрый Іосіфавіч вяртаецца, калі ў суседніх дамах святло ў вокнах ужо не гарыць… Жонка Наталля Антонаўна на мужа за спазненне не крыўдуе. Яна сама працуе ў гаспадарцы і як ніхто іншы разумее, што падчас уборкі кожная хвіліна на вагу золата. Разам Жолікі выхавалі дзвюх дачок-прыгажунь, якія ў хуткім часе стануць дыпламаванымі ўрачамі. Хутка выраслі дзеці. Юрый Іосіфавіч успамінае, як некалі браў іх з сабой на працу ў поле. Можа таму ў гэтай дружнай сям’і асабліва шануюць хлеб.

Колькі заважыць сёлетні каравай – яшчэ не вядома, аднак калі за работу бяруцца такія вопытныя, сэрцам адданыя сваёй справе прафесіяналы, то будзем з хлебам! Дарэчы, сёння Ю.І. Жолік адзначае свой 45-гадовы юбілей! З Днём нараджэння, хлебароб!


СТОИТ ПОЧИТАТЬ

На полях под Гродно комбайнеры работают в вышиванках