Можна паехаць за мяжу, але навошта, калі штосьці карыснае можна зрабіць у сваёй краіне

Можна паехаць за мяжу, але навошта, калі штосьці карыснае можна зрабіць у сваёй краіне

Студэнт другога курса інжынерна-тэхналагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Дзмітрый Будзіловіч яшчэ з дзяцінства ўсвядоміў: хто не працуе – той не есць.

У рухавага вясковага хлопца з аграгарадка Квасоўка Гродзенскага раёна ўсё распланавана па гадзінах: вучоба, работа, грамадскае жыццё, клопаты па доме. Да парадку і дарослай прадпрымальнасці Дзіму прывучылі бацька

з маці. А ў шматдзетнай сям’і, дзе спраў хопіць на ўсіх, інакш і быць не можа, прызнаецца юнак.

ДУХМЯНЫ ХЛЕБ – ПАХ ДЗЯЦІНСТВА

Спачатку Дзіма рыхтаваўся паступаць у Ваенную акадэмію, але не прайшоў медкамісію. Да ЦТ тым часам заставалася ўсяго два месяцы. Трэба было хутка выбіраць новую спецыяльнасць. Адна са старэйшых сясцёр Вольга амаль з дзяцінства захаплялася выпечкай: свежы духмяны хлеб, бадай, кожны вечар быў на стале ў доме Будзіловічаў. Адсюль такое трапяткое стаўленне да яго. 

– Я ведаю, якім на смак павінен быць добры хлеб, – расказвае хлопец. – Сястра выпякала вельмі многа – муку куплялі мяшкамі, і мне заўсёды было цікава, як гэта робіцца. У вёсцы да хлеба асаблівае стаўленне: ёсць у нас і тыя, хто і сёння сам вырошчвае збожжа. Падлеткам я працаваў на зернескладзе: хадзіў з венікам за кожнай машынай, змятаў рэшткі зерня з калёс, бартоў. Здаецца, навошта яно? Але ж калі гэтага не рабіць, за страду можна страціць некалькі тон ураджаю. Спецыяльнасць інжынера-тэхнолага па хлебапякарнай, макароннай, кандытарскай вытворчасці я абраў невыпадкова, нават нягледзячы на тое, што спачатку марыў зусім пра іншае.

20200303-IMG_0268.jpg

ЛЕДЗЬ ПАСПЯВАЎ УСЮДЫ ПАЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ

Падрыхтавацца да ЦТ па хіміі за два месяцы было нялёгка. Дапамагаў рэпетытар і малодшы брат, які добра ведаў прадмет. Дзіма і цяпер успамінае, як у сшытку ўсё было перакрэслена чырвоным алоўкам і колькі намаганняў спатрэбілася, каб дасягнуць патрэбнага ўзроўню ведаў. Затое сёння хімія – адзін з любімых прадметаў. І ўсё дзякуючы выкладчыкам універсітэта, якія прымушаюць студэнтаў не проста завучваць формулы і хімічныя рэакцыі, а ўмеюць патлумачыць так, што зразумела будзе нават школьніку. Дарэчы, у аграрным універсітэце вельмі ўважліва ставяцца да студэнтаў, падтрымліваюць усе іх намаганні. Адаптавацца да студэнцкага жыцця было вельмі проста, прызнаецца хлопец.

– Яшчэ ў дзіцячым садку я першы раз выйшаў на сцэну, – успамінае Дзіма. – Яна здавалася мне такой вялікай і крыху нават страшнай, але ў выніку мне спадабалася. У школе займаўся у тэатральным гуртку, на ўсіх мерапрыемствах быў ці акцёрам, ці вядучым. Спартыўныя спаборніцтвы, прадметныя алімпіяды, валанцёрскія праекты, канцэрты – усё здавалася такім цікавым, ледзь паспяваў усюды паўдзельнічаць. Я прывык, што мой дзень распісаны па гадзінах, і, калі прыйшоў ва ўніверсітэт, не хацеў адмаўляцца ад грамадскай актыўнасці. Цяпер я старшыня прафбюро свайго факультэта. Шукаю тых, у каго таксама многа ідэй, цікавых ініцыятыў і творчых здольнасцяў, прапаноўваю ім варыянты, як можна рэалізаваць свае таленты.

ХУТЧЭЙ БЫ ЎЖО НА ПРАДПРЫЕМСТВА!

Дзіма ніколькі не шкадуе, што некалі не атрымалася стаць ваеннаслужачым. Хлопец з задавальнем паступіў бы на ваенную кафедру, калі б была такая магчымасць, але хутчэй каб атрымаць дадатковую адукацыю. Пасля першай азнаямленчай практыкі юнак зразумеў, што ўсё ж зрабіў правільны выбар.

– Вялізныя цэхі, печы – глядзіш на ўсё гэта здзіўленымі вачыма і хочаш хутчэй зразумець, як усё гэта працуе. Хутчэй бы вытворчая практыка, каб нарэшце дакрануцца да хлеба сваімі рукамі! Вучыцца ў прафесіяналаў – вялікае задавальненне.

20200303-IMG_0238.jpg20200303-IMG_0253.jpg

НЯМА? ІДЗІ І ЗАРАБІ!

Вольнага часу ў хлопца няшмат: акрамя вучобы Дзіма працуе афіцыянтам. Навошта яму гэта трэба? Самастойны заробак надае ўпэўненасці, ды і бацькам дапамога. 

– Не разумею, калі іншыя студэнты кажуць: “Няма грошай”. Няма? Ідзі і зарабі. У чым праблема? Бацька з маці заўсёды паўтаралі: “Рукі, ногі, галава на месцы, дык ідзі працуй”. Любая работа – гэта вопыт, пачуццё адказнаці, самастойнасці, даросласці. Мы з братам здымаем кватэру, і вельмі прыемна разумець, што ты можаш сам за яе заплаціць, можаш дапамагчы блізкім, калі гэта спатрэбіцца.

изображение_viber_2020-03-03_23-10-16.jpg

Дзіма ўпэўнены, што калі ў чалавека ёсць жаданне, магчымасць заўсёды знойдзецца. Гэта ўжо стала своеасаблівым крэда для хлопца.

– У сучаснай моладзі вельмі многа ідэй і здаровых амбіцый. Трэба толькі каб побач былі людзі, якія падтрымаюць, падкажуць, дапамогуць. А такіх у нас шмат. І магчымасцяў, каб паспрабаваць сябе, не менш. А той, хто лічыць інакш, магчыма, проста не намагаўся пашукаць. Можна паехаць за мяжу, але навошта, калі штосьці добрае і карыснае можна зрабіць у сваёй краіне, дзе жывуць твае бацькі, калісьці будуць жыць твае дзеці, дзе можна знайсці падтрымку, дзе ты, нарэшце, свой, а не чужы.

20200303-IMG_0273.jpg

ХАЧУ ЎЛАСНУЮ СПРАВУ І МНОГА ДЗЯЦЕЙ

Наперадзе шмат мэтаў. Напрыклад, хлопец марыць, што калі-небудзь ён абавязкова адкрые ўласную пякарню або кавярню.

Пакуль я не пачаў працаваць, нават не ведаў, што кава можа быць рознай, – пасміхаецца юнак. – Аказалася, гатаваць яе – цэлае майстэрства. Я добра разумею: на ажыццяўленне маёй мары патрэбны грошы, але ж пачынаць можна з малога. Некаторыя, напрыклад, робяць смачныя цукеркі на замову ў рэстараны і кафэ. Такіх смачнасцей у звычайнай краме не купіш, а таму і плацяць за гэтую працу добра. Галоўнае – знайсці кліентаў. Але ж каб быць кіраўніком і сачыць за якасцю прадукцыі, трэба разбірацца ва ўсіх нюансах працэсу. Неабходныя веды я атрымаю ва ўніверсітэце, а вопыт – на прадпрыемстве.

20200303-IMG_0263.jpg

На традыцыйнае пытанне, якім бачыць герой сваё жыццё праз дзесяць гадоў, Дзіма гаворыць не пра кар’еру, прафесійны рост і сацыяльнае становішча, як гэта часта бывае, а пра сям’ю:

– Спадзяюся, што праз дзесяць гадоў у першую чаргу буду каханым мужам і добрым клапатлівым бацькам. Я нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і, у мяне дзве сястры і брат, і я не магу ўявіць сабе, як жыць аднаму. Шматдзетная сям’я – гэта парадак. Навучыцца прыйдзецца ўсяму: гатаваць, прыбіраць, праць. Нават настаўнікі ў школе казалі, што мы прыстасаваныя да жыцця лепш за некаторых дарослых. Я таксама хачу, каб у маёй сям’і было многа дзяцей. У гэтым я бачу сапраўднае шчасце.  

изображение_viber_2020-03-03_23-10-15.jpg