Мы павінны рыхтаваць сапраўдных прафесіяналаў, якія будуць працаваць на карысць сваёй Радзімы

photo_2025-06-25_15-56-33 (3).jpg

Доктар гістарычных навук, рэктар аднаго з лепшых універсітэтаў краіны, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, жонка, матуля, бабуля і, як у тым фільме, “спартсменка і проста прыгажуня” – Ірына Фёдараўна Кітурка, здаецца, паспявае ўсё і ўсюды. Яна гадзінамі можа расказваць пра любоў да сваёй альма-матар і студэнтаў, да навукі і Радзімы. Яна не на словах, а на прыкладзе паказвае, што значыць быць сапраўдным грамадзянінам, і ўкладвае велізарны асабісты сэнс у слова “каханне”. 


Нашае інтэрв’ю з Ірынай Фёдараўнай атрымалася надзвычай цікавым. Шкада, што друкаваны тэкст не можа ў поўнай ступені перадаць эмоцыі, інтанацыю і цеплыню душы чалавека. А яе, той цеплыні, паверце, хапае на ўсіх, хто мае зносіны з рэктарам Купалаўскага ўніверсітэта.

Пра дзяцінства і малую радзіму

– Ірына Фёдараўна, Вы для многіх з'яўляецеся прыкладам паспяховасці, прафесіяналізму, адказнага, мэтанакіраванага чалавека, сапраўднага патрыёта, ды і проста вельмі прыгожай жанчыны. А для Вас асабіста, хто з'яўляецца такім прыкладам?

– У розныя перыяды жыцця ў кожнага чалавека перад вачыма розныя прыклады. У дзяцінстве для мяне ім заўсёды была бабуля. Гэта была жанчына, якая не мела адмысловай адукацыі, але мела вялікую чалавечую жыццёвую мудрасць. У 29 гадоў яна засталася ўдавой з шасцю дзецьмі на руках, бо мой дзядуля ў лютым 1945-га загінуў пад Кёнігсбергам. Яна вельмі стойка перанесла ўсе цяжкасці і выпрабаванні, якія былі наканаваны ёй лёсам, і пры гэтым засталася вельмі шчырым, добрым, адкрытым чалавекам. Мая бабуля для мяне заўсёды была прыкладам бясконцай любові. Да родных, блізкіх, дзяцей, унукаў. Для ўсіх, хто быў побач. Гэтае пачуццё любові да людзей, з якімі жывеш, працуеш, сябруеш, здаецца, перадалося мне ад яе на генным узроўні. 

Калі пайшла ў школу, прыкладам для мяне былі настаўнікі. Вельмі люблю майго класнага кіраўніка Людмілу Іосіфаўну Рамановіч, якая выкладала беларускую мову і літаратуру. Яна прывівала любоў да роднай мовы, роднага слова. Была сапраўдным сябрам для сваіх вучняў, прыкладам чалавека, які любіць людзей. 

Сёння такім прыкладам для ўсіх нас з’яўляецца Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка,  прыкладам таго, як трэба адносіцца да працы і да Радзімы. У  складаныя дзевяностыя ён не пабаяўся ўзяць на сябе велізарную адказнасць і ўзначаліць краіну, якая за трыццаць гадоў суверэнітэту зрабіла вялікі крок у сваім развіцці.  

Бясспрэчна, прыкладам для мяне з’яўляюцца мае студэнты. Гэта вялікае шчасце працаваць з моладдзю. Час ідзе наперад. А студэнты, якіх мы вучым, заўсёды застаюцца ва ўзросце ад 17 да 22 гадоў. Мы жывем іх жыццём, мы павінны быць у трэндзе, падтрымліваць іх праекты, цікавыя ідэі, стартапы. І, канешне, рыхтаваць сапраўдных прафесіяналаў, якія будуць працаваць на карысць сваёй Радзімы. 

Увогуле, такіх людзей, якія сталі прыкладам, на маім жыццёвым шляху было вельмі шмат. У канкрэтныя перыяды ўсе яны паўплывалі на мяне як на асобу, прафесіянала, проста чалавека. І кожнаму я вельмі ўдзячна. 

– У адным з інтэрв'ю Вы сказалі, што перыяд дзяцінства прайшоў у адчуванні "абсалютнага шчасця". А што для Вас шчасце?

– І тут так проста не адкажаш. Шчасце, яно ў кожным узросце сваё. У дзяцінстве я яго знаходзіла ў непамернай любові, якую атрымлівала ад сваіх родных і блізкіх. Я нават не здолею перадаць тое пачуццё, калі ў цябе ёсць два старэйшыя браты – адзін з іх старэйшы на дзесяць, другі – на дванаццаць гадоў. Калі ўсе іх сябры – гэта твае сябры. Калі яны, дарослыя хлопцы, качаюць цябе, маленькую пяцігадовую дзяўчынку, на руках. Калі яны пайшлі ў войска, а ты, яшчэ нават не ходзячы ў школу, пішаш ім лісты – такімі прыгожымі друкаванымі літарамі. Гэта было ні з чым не параўнальнае адчуванне абсалютнай абароненасці, што цябе аберагаюць бацькі, бабуля, браты, нарэшце, краіна, у якой ты жывеш. Я абсалютна дзіця Савецкага Саюза. І вельмі ганарылася і ганаруся, што нарадзілася ў гэтай краіне.

Шчасце ў перыяд дарослага жыцця – калі ў мяне з’явілася свая сям’я. Мама расказвала, што калі ў яе нарадзіўся першы сын, ёй падавалася, што сонца свеціць ва ўсе вокны. Я ніяк не магла зразумець, што яна мае на ўвазе. Дык вось, калі я сама стала маці, гэта было 20 сакавіка 1991 года, быў вельмі пахмурны дзень. А ў мяне было ўражанне, што сонца свеціць ва ўсе вокны радзільнага дома! 

photo_2025-06-25_15-56-33 (6).jpg
Ірына Кітурка з мамай Марыяй Іванаўнай

Шчасце сёння – у тым, што маю любімую працу, што ў мяне расце цудоўная ўнучка, што жывая мая мама, што ў мяне ёсць суперскія студэнты і калегі, якія дазваляюць універсітэту падымацца вышэй і вышэй у сваіх дасягненнях. 

Ведаеце, што яшчэ заўважыла: калі ў дзяцінстве шчасце было ў тым, каб атрымліваць любоў, то цяпер, каб самой яе аддаваць. Ёсць такі выраз – “прыгажосць выратуе свет”. Не згодна з гэтым. Па майму абюсалютнаму перакананню, менавіта любоў выратуе свет. 

– Вы нарадзіліся і выраслі ў Брэсцкай вобласці, але ўсё сваё ўсвядомленае, дарослае жыццё прысвяцілі Гродзеншчыне. Атрымліваецца, у Вас дзве малыя радзімы?

– Так, абсалютна правільна. Калі б мне сёння сказалі – “кінь на вагі, што пераважыць больш – Брэстчына ці Гродзеншчына”, я б не змагла адказаць. Вось, да прыкладу, калі я еду да мамы ў вёску Чарнаўчыцы, часта гавару: я еду дадому. І тут, у Гродна, таксама мой дом. Як жа можна вызначыць важнейшы? І там, і там маё месца сілы. 

Вельмі люблю бываць у роднай школе, нядаўна яна святкавала 80 гадоў з дня заснавання. Калісьці гэта была адзіная школа ў вобласці імя Ленінскага камсамола Беларусі – звычайная вясковая школа. Вельмі радуюся, што і сёння ў гэтай навучальнай ўстанове вучацца больш за 600 дзяцей. А ў 2023 годзе яна стала лепшай школай Беларусі з размешчаных у сельскай мясцовасці.

На Брэстчыне прайшлі мае дзяцінства і юнацтва, там я фарміравалася як асоба, там мне дарагая кожная вулачка, кожная сцежка… Гродзеншчына мяне выхавала як прафесіянала, грамадзяніна. Ёй я аддала большасць свайго свядомага жыцця і на карысць яе шмат гадоў працую.

– Дык чаму, жывучы зусім недалёка ад Брэста, вырашылі паступаць у Гродна? І чаму менавіта гістфак? Любоў да гісторыі? Парады настаўнікаў? Жаданне бацькоў?

–  Усё проста: я хацела вучыцца ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы, славутага песняра беларускай зямлі. Зноў жа – уплыў маёй настаўніцы па беларускай мове і літаратуры. А выкладчыца гісторыі Ніна Пятроўна Каліноўская прывіла любоў да свайго прадмету, вось так і з’явіўся гістарычны факультэт. 

І я вырашыла паехаць вывучаць гісторыю ў горад, дзе ёсць Каложская царква, два вялікакняжацкія замкі, каларытныя, старадаўнія вулачкі… Гэта была мая мара. Дзякуй Богу, яна здзейснілася. 

photo_2025-06-25_15-56-35 (3).jpg

Пра прафесію, калег, студэнтаў

– Якім быў ваш прафесійны шлях? Якім галоўным жыццёвым правілам навучыў? І які з усіх перыядаў быў найбольш складаным?

– Маё прафесійнае станаўленне адбылося ў сярэдняй школе №23 горада Гродна. Я вельмі ўдзячна таму калектыву настаўнікаў, які цёпла прыняў мяне ў 1993 годзе адразу пасля ўніверсітэта. Гэтыя людзі для мяне – Настаўнікі з вялікай літары. Прычым не толькі для школьнікаў, якіх вучылі, але і для маладых педагогаў, якіх бралі пад свае крылы ў пачатку працоўнага шляху. Я добра памятаю метадычныя семінары, якія для нас, маладых спецыялістаў, ладзіла Святлана Васільеўна Рудава, намеснік дырэктара па вучэбнай працы. Дагэтуль лічу, што яна зрабіла неацэнны ўнёсак у станаўленне мяне як прафесіянала. 

Менавіта школа навучыла разуменню, што дрэнных дзяцей няма. Так, нехта можа вучыцца на 9-10, а нехта – на 4-5. Але гэта зусім не значыць, што адзін – добры, другі – не. Усе дзеці выдатныя, і да кожнага трэба знайсці свой падыход. 

Потым была аспірантура, і таксама не скажу, што было цяжка, бо мне заўсёды падабалася вучыцца. Прычым я аднолькава добра разумела і гуманітарныя прадметы, і дакладныя. Мае школьныя настаўнікі па фізіцы і матэматыцы доўга не маглі змірыцца, што я вырашыла паступаць на гістфак – прарочылі лёс, звязаны з дакладнымі навукамі. Але, трэба сказаць, у некай ступені так і атрымалася. Бо мае дысертацыі – кандыдацкая і доктарская – звязаны з гісторыяй эканомікі Беларусі, што патрабавала сур’ёзнага падліку многіх канкрэтных накірункаў. 

Пасля, калі абараніла кандыдацкую, трапіла на працу ва ўніверсітэт – і гэты этап стаў прафесійным жыццём. 

Няпростым быў перыяд напісання доктарскай дысертацыі. Паступіўшы ў дактарантуру, я была прызначана на пасаду рэктара. І гэтая пасада патрабуе аддачы амаль усяго часу – студэнты, калектыў, сустрэчы, праекты, семінары, камандзіроўкі… Гэта праца 24/7. У мяне было вельмі мала часу, каб займацца навукай. Але я разумела, што рэктар універсітэта такога ўзроўню не можа быць кандыдатам навук. Я мела абавязак абараніцца перад Прэзідэнтам – калі Аляксандр Рыгоравіч мяне прызначаў, запытаў, ці кіну дысертацыю. І я адказала – не, бо не маю на гэта права. Любая вольная хвіліна, водпуск, адпачынак, доўгія палёты ў камандзіроўкі: Кітай, Узбекістан, Таджыкістан і іншыя,  – увесь час аддавала навуцы. Але, ведаеце, атрымлівала ад гэтага вялікае задавальненне. 

Самы складаны перыяд – зараз. Рэктарства. Я разумею, што за маімі плячыма вельмі вялікі калектыў – нас сёння больш як 19 тысяч чалавек. Гэта студэнты, супрацоўнікі, чатыры каледжа. Я кожную хвіліну адчуваю, што нясу адказнасць за студэнтаў, дзе б яны ні былі: на адпачынку, на занятках, на канікулах, у інтэрнаце… Гэта няпроста з пункту гледжання адказнасці. Але гэта вялікае шчасце працаваць у такім калектыве. 

photo_2025-06-25_15-56-33.jpg

– Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – адзін з найлепшых у Беларусі і нязменна ў міжнародных топах. У чым сакрэт поспеху? 

– Сакрэт поспеху ў людзях, якія тут працавалі раней і працуюць зараз, хто вучыўся некалі і вучыцца сёння. Я часта паўтараю, што ўніверсітэт без людзей – проста сцены. Здорава, калі ёсць неабыякавы калектыў, які шчыра захоўвае ўсе традыцыі, закладзеныя мінулымі пакаленнямі. Узгадваю адзін выпадак. Аднойчы, калі Гродзенская вобласць у чарговы раз дасягнула нейкага поспеху, Марыю Міхайлаўну Бірукову, былога намесніка старшыні аблвыканкама, запыталі: “Што ж у вас за людзі там такія жывуць?” І яна адказала: “Ну звычайныя людзі. Толькі са знакам якасці”. І вось гэты выраз мы сёння цытуем і стараемся яму адпавядаць. 

– Купалаўскі ўніверсітэт стаў першым у краіне, якому была прысвоена Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. Ведаю, што сёлета вы зноў пацвердзілі гэты поспех. Ірына Фёдараўна, што Вы ўкладваеце ў паняцце якасці? 

– Так, літаральна некалькі дзён таму мы атрымалі дакумент, у якім сказана, што Купалаўскі ўніверсітэт чарговы раз атрымаў Прэмію Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. Гэта наша пятая прэмія. Няма больш ні адной вышэйшай навучальнай установы ў нашай краіне, якая мела б яе пяць разоў. Мы – адзіныя. І для нас гэта вялікі гонар. 

Наш універсітэт вельмі сур’ёзна і адказна адносіцца да ўдзелу ў такіх конкурсах. Гэта і канкурэнтная перавага, і вялікі плюс для працы з абітурыентамі і выпускнікамі. Калі задумацца, Прэмія Урада даецца за тое, калі ты паказваеш свой прырост за пэўны перыяд у параўнанні з самім сабой. Такім чынам мы даказваем, што якасць нашага ўніверсітэта становіцца ўсё вышэй. І гэта мае каласальнае значэнне ў перыяд пяцігодкі якасці. 

photo_2025-06-25_15-56-33 (2).jpg

Мы ганарымся і многімі іншымі дасягненнямі. За апошнія пяць гадоў мы двойчы былі занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару як навуковая арганізацыя. Вельмі ганарымся, што ў 2018 годзе сталі пляцоўкай для сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з моладдзю трох вышэйшых навучальных устаноў нашага горада і ў якасці падарунка атрымалі ад Кіраўніка дзяржавы новы інтэрнат. 

Я вельмі ўдзячная калектыву ўніверсітэта за тое, як ён адносіцца да сваёй працы. За тое, што нашы супрацоўнікі імкнуцца, каб назва “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы” гучала як сапраўдны брэнд. 

Падмурак усіх нашых поспехаў – Карпаратыўны кодэкс універсітэта, які мы самі стварылі. У ім мы знайшлі агульнае слова, якое аб’ядноўвае ўсіх  студэнтаў, супрацоўнікаў, ветэранаў – купалавец. Гэтым словам вітаемся адзін з адным. Па ім нас ведаюць у розных куточках нашай краіны. 

– Добра вядома пра вашу любоў да роднай мовы. Па-беларуску Вы нярэдка звяртаецеся да сваіх студэнтаў і калег, на беларускай мове вядзеце свае сацыяльныя сеткі. Ды і ўвогуле яна з Вамі заўсёды і паўсюль…

– Калыханкі на беларускай мове мне спявала бабуля. Гэта была першая мова, якую я пачула ў дзяцінстве. Пасля – школа, дзе зноў жа мая настаўніца так выдатна і мілагучна размаўляла. Потым я закахалася ў творчасць Янкі Купалы. І мая родная мова была са мной заўсёды. Калі ўзнікла пытанне аб навуковай дзейнасці, то я нават не задумвалася. Дзве дысертацыі і дзве манаграфіі напісала на беларускай мове. Бо гэта мая мова. Таксама, як руская. Гэта нельга падзяліць, як дзве малыя радзімы – Брэстчыну і Гродзеншчыну. 

– Вельмі цікава, што менавіта для Вас азначае быць сапраўдным грамадзянінам роднай краіны? На ваш погляд, у чым павінна праяўляцца любоў да Радзімы? Канкрэтныя ўчынкі, душэўны стан, нешта іншае? 

– Я ўпэўнена, што сапраўдны грамадзянін і патрыёт – гэта не проста чалавек, які любіць сваю краіну, а які адказна адносіцца да яе, праслаўляе сваімі ўчынкамі. Любіць краіну і адчувае адказнасць за яе. 

Пра сям’ю – купалаўцаў і асабістую

– Вы любіце паўтараць, што купалаўцы – гэта вялікая сям'я. Як на чале гэтай шматтысячнай сям'і ўдаецца знаходзіць час на асабістае?

– Ведаеце, хапае. Па-першае, любоў да сваіх блізкіх я нашу ў сэрцы кожную хвіліну. Па-другое, мы цудоўна разам праводзім час. Я езджу да мамы на Брэстчыну і стараюся аддаць ёй усю сваю ўвагу, цеплыню, любоў. Унучка ў нас амаль кожныя выхадныя – мы ладзім такія своеасаблівыя “дзявішнікі”, ходзім страляць у цір, на шопінг. Пры ўсім я яшчэ вельмі нядрэнна гатую.

– Дома Вы таксама рэктар? Якая Вы матуля і жонка? Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю. Ці ёсць у вас традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне?

– Не, ну што вы! Звычайная жанчына. У нас ёсць з мужам жарт: калі ён нешта зробіць, кажу яму: “Я табе прысвойваю ганаровае званне героя нашай кватэры!” Ён мне жартам адказвае… У гэтым годзе будзе 35 гадоў, як мы жывем разам. З цягам часу разумееш, што каханне перарастае ў нешта большае. У пачуццё павагі, узаемнай дапамогі, адказнасці адзін за аднаго. 

А наконт традыцый – ёсць адна незвычайная. Са студэнцкіх гадоў у нас з супругам склалася вялікае сяброўства з яшчэ дзвюма сем’ямі. Мы разам з самага юнацтва. З 1989 года кожны Новы год, што б ні адбывалася, дзе б мы ні былі, мы збіраемся і святкуем разам. Выраслі нашы дзеці, зараз падрастаюць унукі. Нас можа быць дзесяць чалавек за сталом, дванаццаць. Але шэсць нас заўсёды. Гэта такое моцнае сяброўства, звязанае цеснымі ніцямі, што нават калі мы доўга не перазваніваемся, мы адчуваем адзін аднаго. Дзелім адзін з адным усе прыемныя моманты. Гавораць жа, што шчасце, падзеленае з сябрам, гэта шчасце ўдвайне. А у нас утрайне. А гора, падзеленае з сябрам, гэта палова гора. Гэта сапраўды так. 

Мне хацелася б пажадаць, каб у жыцці кожнага чалавека было такое моцнае сяброўства. 

– Пра медыйнасць. Інстаграм з Вамі даўно. А вось у TikTok Вы адносна нядаўна. Прычым ён адразу Вам пакарыўся. Сотні тысяч праглядаў! Як вырашылі здымаць ролікі? Студэнты ўгаварылі ці ўгаворваць не прыйшлося?

– Універсітэт – гэта такая ўстанова, у якой кожны дзень ёсць інфармацыйная нагода. Таму вядзенне і напаўненне сацыяльных сетак – необходнасць, прадыктаваная часам. 

А TikTok – гэта адназначна студэнты. Прыйшлі і сказалі: “Ірына Фёдараўна, трэба!” Я вельмі ўдзячна ім за гэтую ініцыятыву. У сваёй першай публікацыі я пра гэта распавядаю. Моладзь падарыла мне цікавы калаж з надпісам “Ректор в тренде”. Ну як можна было не згадзіцца? Зноў жа – мы павінны ісці са сваімі студэнтамі ў адным накірунку. 

Дарэчы, у TikTok не толькі моладзь. Там шмат людзей сталага ўзросту, нашых выпускнікоў. Глядзяць, пішуць каментарыі. Я іх чытаю, заўсёды адказваю сама. І яны з’яўляюцца для мяне такой важнай лакмусавай паперкай – на што звярнуць увагу, якія настроі ў старэйшага пакалення, у абітурыентаў. Некаторыя задаюць пытанні, я адказваю. 

Узнікаюць ролікі абсалютна спантанна. Адзін з апошніх – пра сесію. Студэнты прапанавалі падтрымаць тых, хто здаваў экзамены і залікі. А я ўбачыла, што мая ўнучка ходзіць з такой трэндавай указкай. О, давайце! Пяць хвілін працы, у выніку – 50 тысяч праглядаў – людзям спадабалася.

– Не сакрэт, што і са спортам Вы на «ты», і на студэнцкія вечарынкі любіце зазірнуць, і не супраць з усімі выйсці на суботнік, і гэта, не гаворачы аб дэпутацкай дзейнасці і ўдзеле ў вырашэнні важных сацыяльна значных пытанняў. Дайце параду моладзі – як усё паспяваць і не забываць, хоць часам, пра сябе?

– Сакрэт у маіх памочніках. Яны ствараюць каляндар спраў. Ёсць у нас такая спецыяльная планшэтка, на жаль, у яе не заўсёды хапае месца (смяецца. – заўв.аўт.). Канешне, прыходзіцца выбіраць, дзе мне абавязкова трэба быць як рэктару, а дзе мяне могуць замяніць калегі. Скажу толькі, што я вельмі ўважліва стаўлюся да мерапрыемстваў са студэнтамі. Вельмі важна, каб моладзь адчувала, што рэктар, прарэктары, дэканат, выкладчыкі жывуць іх жыццём, цікавяцца імі. Іх проста нельга ігнараваць.

photo_2025-06-25_15-56-34 (2).jpg
photo_2025-06-25_15-56-35 (2).jpg
photo_2025-06-25_15-56-34 (3).jpg

Часу на ўсё мала. Але правільна сфарміраваны план, дапамога памочнікаў – і спраўляемся.
 
– А пра якія Вашы захапленні мала каму вядома? Зняць стрэс, малюючы карціну па нумарах, вышываць крыжыкам ці, напрыклад, песціць родных кулінарнымі шэдэўрамі – што з гэтага пра Вас?

– Маё хобі – навука. Калі ў мяне ёсць свабодная хвілінка, люблю сесці  за камп’ютар, адкрыць матэрыялы, якія ў мяне сфатаграфаваны з віленскага архіва, даследаваць іх, пісаць артыкулы. Гэта вялікае шчасце, калі хобі і праца супадаюць. 

– Ірына Фёдараўна, а якая ў Вас галоўная мара?

– Не ведаю, ці гэта можна назваць марай. Каб у свеце быў мір. Бо калі яго няма, усё астатняе губляе сэнс. Мір – гэта тое, дзякуючы чаму могуць быць усе астатнія мары. 

Бліц

Якую галоўную параду далі б сабе 30 гадоў таму?

Каб у мяне было як мінімум двое дзяцей. 

Якую кнігу можаце перачытваць зноў і зноў?

“Каласы пад сярпом тваім”.

Якую галоўную якасць шануеце ў людзях? 

Сумленне і людскасць.

З чым бы ніколі не змірыліся?

Са здрадай.

Адпачынак з кнігай на канапе ці на прыродзе ля вогнішча?

Дома, з кнігай, на канапе. 

Які падарунак запомніўся і моцна ўразіў?

Першы – лялька “Золушка” – з дзяцінства. Другі – своеасаблівы “сертыфікат” ад студэнтаў з надпісам: “Намінацыя – grsu-мама. Перамагла Кітурка Ірына Фёдараўна”. Гэта быў 2018-ы, я ўсяго год была рэктарам і якраз быў Дзень маці. Гэта падарунак, які крануў да слёз.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!