Пасля дэкрэта пачала сваю справу: скідзельчанка Вольга Даўгун адкрыла спартзал для жанчын

Усё пачалося чатыры гады таму.

photo_2026-02-24_12-27-28.jpg

Кажуць, што бізнес не жаночая справа, асабліва калі на плячах хатнiя клопаты, сям'я і маленькія дзеці. Але чатыры гады таму жыхарка Скідзеля вырашыла даказаць адваротнае. Вольга Даўгун адкрыла не проста студыю для заняткаў фізічнай актыўнасцю, а жаночую супольнасць Lady Team.

Месца сiлы  

Усё пачалося чатыры гады таму. Дэкрэтны водпуск – час, калі жанчына асабліва востра мае патрэбу ў зносінах і беражлівым стаўленні да свайго цела.

– У нашым горадзе тады нічога падобнага не было. А хто, калі не я? Хацелася не проста спорту, а прасторы для жанчын, дзе можна абнавіць сілы, – паясніла гаспадыня студыі. – Рашэнне прыйшло нечакана. Я выпадкова даведалася аб дзяржаўнай субсідыі на адкрыццё сваёй справы. Звярнулася ў цэнтр занятасці і напісала бізнес-план. Мне выдзелілі субсідыю ў памеры каля 3000 беларускіх рублёў. Для кагосьці гэта невялікая сума, але для старту – супермагчымасць. Менавіта на гэтыя грошы быў закуплены першы прафесійны інвентар для залы.

У нашай гераіні дзве вышэйшыя адукацыі, на першы погляд, далёкія ад спорту. Па першым дыпломе яна аграном. Па другiм – бухгалтар-эканаміст. У апошнiя гады Вольга працавала бухгалтарам у спартыўнай школе, дзе i натхнiлася iдэяй спортпрасторы, даступнай для аматараў.
 
– Валоданне бухгалтарскай справай дапамагло ў бiзнесе. Але ўвогуле я не чалавек лічбаў i раней разумела, што мне патрэбна дзейнасць, звязаная з людзьмі і іх самаадчуваннем, – расказала Вольга. 

Цярністы шлях

Скідзель сустрэў новую ініцыятыву з недаверам. Было шмат скепсісу, але гераіня стаяла на сваім: фізічная нагрузка – гэта не раскоша, а неабходнасць для здароўя ўсiх людзей любога ўзросту.

Першае памяшканне было малю­сенькім, але пазней жыццё зрабіла падарунак. І Вольга набыла будынак лепшы і большы.

– Я бачыла перад сабой чарцяжы па электрыцы і абсыпаны тынк, але ў галаве ўжо малявала ўтульную залу. Я нікога не слухала і проста верыла: гэта магчыма, гэта камусьці трэба, – дзеліцца гераіня.

Падтрымка прыйшла ад самых блізкіх: муж і бацька сталі апорай у тэхнічнай частцы, а вера маці дала штуршок. 

Адной з самых складаных задач стаў падбор каманды. Па ўмовах субсідыі, працаваць павінны былі толькі дыпламаваныя прафесіяналы.

– Я ведала кадры спартыўнай школы. Патэлефанавала знаёмай дзяўчынцы, якая таксама была ў дэкрэце. Сказала ёй: «Калі не ты, то ніхто!» Гэта быў неверагодна складаны перыяд: пакуль яна вяла заняткі, я ў суседнім пакоі глядзела за яе дзіцём. Мы працавалі на знос, падтрымліваючы адзін аднаго. Я ёй вельмі ўдзячна.

Бізнес – гэта не толькі прыгожая форма і музыка ў зале. Як расказала гераіня, каб студыя працавала легальна, трэба было прайсці акрэдытацыю:

– Санстанцыя, замеры ўзроўня асвятлення і ацяплення, горы дакументацыі. Без акрэдытацыі мы не маглі працаваць. Дакументацыя – гэта велізарны пласт працы, схаваны ад вачэй наведвальнікаў. Галоўнае, каб людзі ў выніку былі задаволеныя, але шлях да гэтага камфорту ляжыць праз карпатлівую працу.

Чаму Скідзель, а не Гродна?

Многія пытаюцца: чаму не адкрыць студыю ў абласным цэнтры, дзе рынак большы? Адказ просты – патрыятызм і каштоўнасць часу.

– Гэта мой родны горад. Ездзіць у Гродна кожны дзень – гэта марнаваць самае каштоўнае, што ў нас ёсць, – час. Я хацела даказаць нашаму гораду, што якасны сэрвіс і прафесійны падыход магчымы і тут, – патлумачыла суразмоўніца.

На пытанне аб канкурэнцыі гераіня адказвае спакойна: раней яе не было, зараз сiтуацыя змянілася, але яе падыход застаецца ўнікальным – бiзнес, якi будуецца на душэўных зносiнах. 

Сёння ў Вольгi графік стаў крыху больш свабодным. Субота нарэшце стала выхадным, хаця раней праца ішла без перапынкаў. На пытанне, ці стварыла бы Вольга бізнес зноў, ведаючы аб усіх цяжкасцях, гераіня адказвае задуменна:

– Я яшчэ добра падумала бы. Шлях быў цярністым, але, калі я бачу нашу жаночую супольнасць, калі разумею, што мара спраўдзілася, я адчуваю радасць. Бо я не толькі ўладальнiк студыi, але i тутэйшы спажывец паслуг. Для мяне трэніроўкі – не проста практыкаванні. Гэта месца, дзе знаходзiш зносiны з другiмi дзяўчынамi, дзе можна быць сабой, куды прыходзiш стомленым, з грузам праблем і непрыемнасцей, а сыходзiш абноўленым. 

Скідзель атрымаў не проста спартыўную залу. Ён атрымаў прастору, дзе з разбураных сцен і сухіх лічбаў вырасла вера ў тое, што для жанчын бар’ераў на шляху да рэалiзацыi сваёй мары не icнуе. 

Дзіяна Пранько

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»