Працавітасць у крыві. Старэйшы майстар ААТ “Агракамбінат Скідзельскі” Леанард Сецько палову жыцця прысвяціў сельскай гаспадарцы
Леанард Касперавіч – чалавек рознабаковы.
Тры прафесіі і ўсе любімыя
Малая радзіма нашага героя – Ваўкавышчына. Там ён правёў шчаслівае дзяцінства разам з бацькамі, братам і сястрой. Як і ўсе дзеці таго часу, дапамагаў бацькам з маленства. Леанард Касперавіч асабліва любіў праводзіць час з бацькам, які працаваў трактарыстам у мясцовай сельскай гаспадарцы. Трактарнай справе быў навучаны і Леанард.– На летніх канікулах прыблізна з 8 класа я ўжо працаваў разам з бацькам на трактары. Быў запасным машыністам, – з усмешкай успамінае субяседнік. – Мы касілі траву, нарыхтоўвалі корм для жывёл. Мне вельмі падабалася тэхніка, з задавальненнем далучаўся да працы, калі тата дазваляў. У мяне не было іншага жадання, акрамя таго, каб пасля школы выбраць для сябе аграрную прафесію. Так і паступіў у Бераставіцкае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі №37. Сёння гэта Бераставіцкі дзяржаўны каледж. На выдатна адвучыўшыся на трактарыста, я атрымаў накіраванне на далейшую вучобу ў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Пасля адправіўся на працу ў Скідзельскае вучылішча і наступные некалькі гадоў навучаў будучых трактарыстаў.
Леанард Касперавіч прызнаецца: у школе ён не быў асабліва зацікаўлены вучобай. Як і ўсе хлапчукі, выбіраў для сябе актыўныя заняткі і гульні. А вось падчас вучобы ў Бераставіцкім вучылішчы сам ад сябе не чакаў, што настолькі паглыбіцца ў адукацыйны працэс. Менавіта таму з цікавасцю прыняў прапанову працягнуць вучобу ў Пінску. Інтарэс не страціў і тады, калі навучаў маладых аграрыяў у Скідзелі. Дарэчы, пад яго кіраўніцтвам будучыя трактарысты – яго вучні – займалі прызавыя месцы на розных спаборніцтвах і конкурсах, тым самым праслаўляючы сваю альма-матар.
Усё роўна вярнуўся
Затым у жыццё Леанарда Касперавіча прыйшла творчасць. Яму прапанавалі стаць дырэктарам мясцовага клуба. Гэты час ён да сённяшняга дня ўспамінае з асаблівай цеплынёй.– Мне вельмі падабалася займацца творчасцю. Распрацоўваць канцэртныя праграмы, арганізоўваць мерапрыемствы для гледачоў. Я сам па сабе чалавек актыўны, гаварлівы, эмацыянальны. Мне было цікава, я жыў гэтай справай, – дзеліцца Леанард Сецько.
Але сельская гаспадарка не пакінула сэрца Леанарда Касперавіча.
Мужчына ліцыць, што гэта перадалося яму ад бацькі і рана ці позна ён усё роўна вярнуўся бы на гэтую працу. Разам з тым, працуючы ў клубе, стала цяжэй забяспечваць сябе і сям’ю.
Забягаючы крыху наперад: сваю каханую Ірыну Леанард сустрэў падчас вучобы ў Пінску. Жанчына таксама родам з Ваўкавыскага раёна. Яны сустрэліся на сельскай дыскатэцы і пасля ўжо не раставаліся. Скора маладыя ажаніліся, і на свет з’явіўся іх першы сын Віталій. Праз два гады нарадзіўся Аляксандр.
– Ірыну я пакахаў з першага позірку. Тады і ўпэўніўся, што, аказваецца, такое бывае. Жывём мірна і дружна. Выхавалі дваіх сыноў, ужо маем першага ўнучка. Што ж яшчэ трэба для шчасця, – гаворыць Леанард Касперавіч.
Дык вось, каб забяспечваць сям’ю, было прынята рашэнне вярнуцца ў сельскую гаспадарку. Атрыманая адукацыя давала гэту магчымасць. Мужчына ўладкаваўся ў ААТ “Агракамбінат Скідзельскі”.
Свой Касперавіч
Спачатку Леанард Сецько працаваў брыгадзірам, пасля яго павысілі да пасады майстра пагруза-разгрузачнага ўчастка. Першыя гады на камбінаце ён быў яшчэ і арганізатарам культурна-масавых мерапрыемстваў. Але з часам здароўе стала падводзіць і ад творчага кампанента працы прыйшлося адмовіцца.З таго часу наш герой поўнасцю паглыблены ў працу. Ён адказвае за адпраўку, прыёмку і разгрузку грузаў. Сочыць за бесперабойнай працай чыгункі. У калектыве за столькі гадоў мужчына набыў шмат верных таварышаў, для якіх ён з часам стаў проста Касперавіч. Да сваёй справы мужчына адносіцца сумленна, таго ж патрабуе ад сваіх работнікаў, якіх у яго 8. З іх 4 чалавекі за апошнія 6 гадоў былі адзначаны на Дошцы гонару прадпрыемства.
– Не люблю гультаёў. Сачу за тым, каб тут працавалі толькі падрыхтаваныя і адказныя людзі. Канешне, за столькі гадоў калектыў змяніўся. З тых людзей, з якімі я пачынаў працаваць на камбінаце, дэ гэтага часу засталіся толькі 2 чалавекі. Астатніх замянілі маладыя спецыялісты, – расказвае герой.
На маё пытанне, ці не шкадуе мужчына, што змяніў прафесію, Леанард Касперавіч, крыху задумаўшыся, адказвае:
– Не, не шкадую. Ведаеце, а я і не бачыў сябе ў іншай справе. Я адношуся з удзячнасцю да кожнага жыццёвага этапу, але з самага пачатку разумеў, што буду працаваць менавіта ў гаспадарцы. Працавітасць у мяне ў крыві. Дзяцінства, праведзенае з бацькам на трактары, вопыт, атрыманы падчас даглядання хатніх жывёлаў, – усё гэта не магло знікнуць бясследна. Я ўсё роўна вярнуўся, і самае прыемнае, што мяне тут чакалі… – з цёплай усмешкай заключыў субеседнік.
Імя па бацьку
Канешне, мяне не магло не зацікавіць уласнае імя і імя па бацьку нашага героя. Аказваецца, у гэтага ёсць свая сямейная гісторыя, якой Леанард Касперавіч з задавальненнем са мною падзяліўся. Яго бацьку звалі Каспер Касперавіч. Адпаведна дзядулю – таксама Касперам. Пра імены далейшых продкаў Леанард Сецько не ведае, але мы разам дапусцілі думку, што ў радаводзе мужчыны гэтае імя сустракалася вельмі часта. Пра тое, ці будзе ў сям’і яшчэ адзін Каспер, мой субяседнік адказаў так:– Час змяніўся. Сваіх сыноў я ўжо не называў такім іменем. Як кажуць, мода цяпер іншая і трэба прыстасоўвацца. У мяне ёсць унучок Максімка. Што ж, можа, ён некалі працягне гэтую цікавую сямейную традыцыю. Паглядзім, – сказаў субяседнік.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
