Сапраўдны гаспадар. Віктар Гузаў – жывёлавод вытворчага кааператыва імя В. І. КРАМКО з 40-гадовым вопытам
Пачынаў працу ў калгасе Віктар Пятровіч з пасады механізатара.

Як склалася яго жыццё і чаму ён кожны ранак хутчэй спяшаецца на працу, даведвалася карэспандэнт “ГП”.
Механізатар, конюх, жывёлавод…
Віктар Пятровіч гасцінна сустракае мяне ля ўвахода ў жывёлаводчы комплекс, дзе працуе. У руках мужчыны – савок для прыбірання, а на твары – шчырая ўсмешка. Нягледзячы на тое, што ён на нагах з 5 гадзін ранку, трымаецца на выдатна. І гэта не дзіўна, бо са сваім працоўным графікам Віктар Пятровіч даўно звыкся. Ды і сам ён не супраць таго, каб лішнюю гадзіну правесці на працы. Чаму? Усё проста: наш герой даглядае самых маленькіх жыхароў комплексу – цялятаў. Дарэчы, іх у жывёлавода 465.Але пачынаў працу ў калгасе Віктар Пятровіч з пасады механізатара. На той момант паралельна атрымоўваў спецыяльнасць у Ваўкавыскім тэхнікуме. У гэты ж час у вытворчым кааператыве пачало развівацца каняводства. Віктар Пятровіч быў адным з тых, хто далучыўся да гэтай справы і наступныя дзевяць гадоў даглядаў за коньмі.
– Прычым не проста даглядаў, а нават працаваў пры спартыўнай школе, якая ў нас дзейнічала на той момант. Быў і конюхам, і селекцыянерам, і нават трэнерам. Мне вельмі падабалася займацца гэтай справай. Падыход да коней знаходзіў хутка, таму гады праляцелі амаль нябачна. А потым гэты накірунак скасавалі, і я перайшоў у комплекс па догляду за кароўкамі, – дзеліцца ўспамінамі Віктар Гузаў.
Жывёлавод прымае цялятаў, калі ім спаўняецца прыблізна паўтара месяца. Бычкоў трэба даглядаць 6-7 месяцаў, а каровак – каля 15. Пасля Віктар Пятровіч развітваецца з імі і набірае новых жывёл. І так па крузе.
“Мая Алена”
Выслухаўшы субяседніка, не магу не задаць пытанне, як жа ён спраўляецца з такой колькасцю жывёлаў. Віктар Пятровіч са шчырай усмешкай адзначае: у мяне ёсць добры напарнік, з якім любая работа па сілах. Аказваецца, гэта не проста напарнік, а жонка Віктара Пятровіча, якая вось ужо каля 4 гадоў працуе разам з мужам.– Мы пазнаёміліся 36 гадоў назад. Прыкладна год пасустракаліся і ажаніліся. Маем дваіх дзяцей – сына і дачку. Яны ўжо дарослыя, падаравалі нам пяць унукаў. А з маёй Аленай мне вельмі пашчасціла. Яна цудоўная жанчына. Вельмі мудрая, спакойная. Ужо столькі гадоў ідзем адной дарогай па жыцці, і я ніколі не перастану ёй захапляцца, – з замілаваннем расказвае Віктар Пятровіч.
Сям’я жыве ў Квасоўцы. Кватэру ім некалі далі ў гаспадарцы, а пасля супругі яе прыватызавалі. Віктар не толькі даглядае жывёлаў на комплексе, але і трымае вялікую хатнюю гаспадарку: кур, індыкоў, пчол.
На працу Віктар Пятровіч кожны дзень прыходзіць у 5 гадзін ранку. Працуе прыкладна да 11 гадзін, а пасля вяртаецца дадому. У 16 гадзін зноў выязджае на ферму. І так 6 дзён на тыдзень. Маленькіх цялятаў жывёлавод корміць пры дапамозе спецыяльнай паілкі. Туды ўліваецца малако, і кароўкі па чарзе падыходзяць за ежай. Некаторых цялятаў Віктар Пятровіч дакармлівае з маленькай ручной паілкі, каб усе засталіся сытымі.
Любіць жывёл і працу
Канешне, запомніць усіх каровак па імені Віктар Пятровіч не можа, але ёсць асобныя любімчыкі. Імі становяцца самыя паслухмяныя і ласкавыя цяляткі. Дарэчы, характар кароўкі пераймаюць ад сваіх бацькоў. І калі самая капрызная і нелюдзімая карова нараджае цяля, Віктар адразу разумее, што прыручыць гэтае дзіця будзе складана.– Я заўсёды з імі размаўляю, звяртаюся да іх па імені. І мне весялей, і ім прыемна, – усміхаецца жывёлавод. – Цяпер працаваць стала лягчэй. Здаецца, што зусім нядаўна даводзілася развозіць сілас з дапамогай каня і воза, а сёння гэта лёгка робіцца тэхнікай. Нават падгортваць корм самім амаль не прыходзіцца, таму што цяпер на ферме куплены маленькі трактар, які цудоўна спраўляецца з гэтай задачай. Але ўсё ж такі ручную працу не замяніць, таму калі выдаецца вольная хвілінка, я бяру ў рукі сваю лапату і сам падгортваю корм.
А вось без чаго дакладна не абысціся ў працы жывёлавода, адзначае Віктар Пятровіч, дык гэта без любові да жывёл і справы, якой займаешся.
– Калі ў чалавека няма пачуццяў да братоў нашых меншых, дык і няма тады чаго яму рабіць у сельскай гаспадарцы, – падагульніў Віктар Гузаў.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!