Уборка кукурузы и цукровых буракоў. Якія сельскагаспадарчыя работы праходзяць на Гродзеншчыне
Пра актуальныя сельскагаспадарчыя работы расказалі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама.
Усяго ў рэгіёне з улікам кукурузы і рапса ўжо намалочана больш за 2,1 мільёна тон збожжа. Так, блізіцца да завяршэння ўборка кукурузы. Усяго гэта культура прыбрана на 97 працэнтаў. Цікава, што план па ўборцы кукурузы на сілас многія раёны вобласці ўжо перавыканалі. Што тычыцца ўборкі кукурузы на зерне, то тут працэс выкананы на 87 працэнтаў. Напрыклад, поўнасцю кукурузу на зерне ўжо прыбралі Астравецкі, Свіслацкі і Слонімскі раёны.
Валавы збор кукурузы на зерне складае ўжо 395,1 тысячы тон пры ўраджайнасці 90 цэнтнераў з гектара. Найбольшая ўраджайнасць дасягнута ў Гродзенскім раёне – 137 цэнтнераў з гектара. На другім месцы – Бераставіцкі раён, дзе ўраджайнасць кукурузы на зерне складае 115 цэнтнераў з гектара, на трэцім месцы – Навагрудскі раён. Там ураджайнасць дасягнула 100 цэнтнераў з гектара.
Таксама на Гродзеншчыне завяршаецца ўборка цукровых буракоў. Ужо прыбрана 32,1 тысячы гектараў, або 97,7 працэнта ад плана. Накапана амаль 2 мільёны тон буракоў, цукрыстасць складае 16,1 працэнта, ураджайнасць – 612 цэнтнераў з гектара. Дарэчы, гэта найвышэйшая ўраджайнасць сярод усіх рэгіёнаў Беларусі. Для даведкі: сярэдняя ўраджайнасць цукровых буракоў у краіне складае 544 цэнтнеры з гектара.
– Абсалютным лідарам па ўраджайнасці цукровых буракоў у вобласці застаецца Гродзенскі раён. Там яна складае 869 цэнтнераў з гектара. Пасля Гродзенскага раёна ідзе Шчучынскі раён, дзе маецца ўжо 767 цэнтнераў з гектара. Замыкае тройку лідараў Бераставіцкі раён, дзе ўраджайнасць цукровых буракоў складае 712 цэнтнераў з гектара, – расказаў намеснік начальніка ўпраўлення раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Сацішур.
Акрамя гэтага, у рэгіёне вядзецца зяблевая апрацоўка глебы. Усяго запланавана апрацаваць 249 тысяч гектараў. На сённяшні дзень ужо апрацавана 161 тысяча гектараў, або 64 працэнты.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
