Уладзімір Чарняўскі паўвека працуе вадзіцелем на сельгаспрадпрыемстве

Праект “Твае людзі, веска”.

96h8xh2xv30620464ajanrs0olsax1cc.jpg
Уладзімір Чарняўскі з юнацтва працуе вадзіцелем у ААТ “Граніт-Агра”.

Амаль паўстагоддзя Уладзімір Фёдаравіч правёў за рулем аўтамабіля. З юнацтва ён працуе ў ААТ “Граніт-Агра” Дзятлаўскага раёна. Калі спытаць працаўніка пра яго прафесійныя дасягненні, ён сціпла ўсміхнецца, паправіць галаўны ўбор і ціха прамовіць: “Якія там дасягненні…Проста з маленства прывучылі працаваць, што я і раблю ўсё сваё жыццё”.   

IMG_3450.JPG

Змяніў легкавушку на камбайн

Наш герой нарадзіўся і вырас на Дзятлаўшчыне ў вёсцы Навасёлкі. Быў малодшым сынам у сям’і – ра­зам з ім раслі яшчэ два браты. Бацька ўсё жыццё працаваў у калгасе. Уладзімір Фёдаравіч памятае, што тата быў і паляводам, і жывёлаводам, і будаўніком. Мужчына рабіў усё, каб пракарміць сям’ю і выхаваць сыноў. Трымалася вялікая хатняя гаспадарка, якую сёння мала дзе сустрэнеш.

 – Раней было сорамна не трымаць гаспадарку. Як гэта не мець, напрыклад, сваёй каровы ці свіней. Для мяне з братамі было за правіла кожны год рыхтаваць сена, пасля складаць яго на вышкі. Ведаеце, нас не трэба было нават вучыць гэтаму. Кожны вясковы хлапчук ведаў, як упраўляцца з гаспадаркай, – успамінае Уладзімір Чарняўскі. 

Адвучыўшыся 8 гадоў у школе, Уладзімір Фёдаравіч паступіў у бліжэйшае сельскагаспадарчае вучылішча на трактарыста-машыніста. Асабліва прафесію не выбіраў: у той час сельская гаспадарка была ў пашане, таму Уладзімір па прыкладзе бацькоў таксама абраў для сябе гэты накірунак. 

Пасля вучобы малады чалавек вярнуўся на малую радзіму. Уладкаваўся трактарыстам у тую ж гаспадарку, дзе працавалі бацькі. Але трактарыстам быў нядоўга: хутка пайшоў у армію, а пасля службы зноў прыйшоў у той калгас, толькі ўжо не на трактар. Стаў працаваць вадзіцелем спачатку грузавога, а пасля легкавога аўтамабіля.

З прыходам лета Уладзімір Фёда­равіч вырашыў часова перасесці на камбайн і далучыцца да ўборачнай кампаніі. Сезон за сезонам уцягнуўся ў гэтую работу і да гэтай пары з наступленнем вясны папаўняе рады камбайнераў. 

У першыя гады працы ў калгасе Уладзімір сустрэў будучую жонку. Скора маладым далі кватэру ў аграгарадку Круцілавічы, дзе яны пачалі будаваць сямейнае жыццё. У мужа з жонкай нарадзілася двое дзяцей – старэйшы Іван і малодшая Наталля. 

Сэрцам малады 

Уладзіміру Фёдаравічу ўжо 67 гадоў. Афіцыйна ён даўно на пенсіі, але працягвае працаваць. Кожнае лета мужчына задзейнічаны на ўборачнай. Апошнія 10 гадоў ён стабільна прыбірае кукурузу. Пасля працоўнага дня камбайнерам неабходна прывесці ў парадак тэхніку. І калі за рулём не так складана, то вось праца на мехдвары даецца нашаму герою ўсё цяжэй. 

 – Складана, але дома сядзець не магу. Мабыць, я прывыклы ўжо да працы і дзень без калгаса ўжо не ўяўляю, – дзеліцца мужчына. – З гадамі сельская гаспадарка змянілася. Вось я ўжо амаль 50 гадоў у адным і тым жа калгасе працую і бачу, што моладзь зусім не рвецца да працы. Канешне, кожнаму – сваё. Гэта зразумела. Пагэтаму асноўная нагрузка сёння ляжыць на плячах самых вопытных працаўнікоў – нашага касцяка.

IMG_3459.JPG

Два гады таму жонкі Уладзіміра Фёдаравіча не стала. Дзеці таксама даўно выраслі, ужо маюць свае сем’і, выхоўваюць сваіх дзяцей. Таму мужчына стараецца крыху больш часу праводзіць на працы або завітваць у госці да дзяцей і ўнукаў. Блізкія нашага героя ўвагай мужчыну не абдзяляюць. Нярэдка самі прыязджаюць у госці, дапамагаюць з хатнімі справамі. 

Не так даўно мужчына атрымаў ганаровую ўзнагароду – Падзяку Прэзідэнта Беларусі. Сам Уладзімір Фёдаравіч пра свае заслугі гаварыць не любіць. Адзінае, што сціпла адзначае: галоўнае, што дзеці ім ганарацца. 

 – Я сам па сабе чалавек закрыты. Не люблю хваліцца. Ды і расказваць пра сябе таксама не люблю. Галоўная радасць – дзеці і ўнукі. Жыву дзеля іх. А так, жыццё склалася добра. Ні аб чым не шкадую ў свае амаль 70 гадоў, – заключыў Уладзімір Фёдаравіч. 

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»