Знайшлі сваё шчасце ў Дэмбрава. Сяргей і Надзея Пярніцкія 13 гадоў таму пераехалі на Гродзеншчыну з Казахстана
У Казахстане Сяргей увесь час працаваў механізатарам.


Разам са школы
Сяргей і Надзея вучыліся ў адной школе, але мужчына быў на некалькі гадоў старэйшы за жонку. Абодва выраслі ў шматдзетных сем’ях, з дзяцінства былі прывучаныя да працы. У школе адзін аднаго не замячалі, але лёс усё роўна звёў іх разам. У гэтым годзе Сяргей і Надзея адзначылі 30-годдзе з дня вяселля.– Мяне падкупіла яго рашучасць. Памятаю, як Сяргей прыходзіў да маёй хаты кожны вечар, нават калі мяла завіруха або ліў моцны дождж. А яшчэ ён вельмі вясёлы, заўсёды жартуе, падымае мне настрой. З ім ніколі не сумна, – дзеліцца Надзея.
Сяргей дадае:
– Так, я крыху жартаўлівы, а мая Надзюня – самы дабрадушны і спакойны чалавек на свеце. Дай Бог кожнаму такую жанчыну. Мне з ёй пашчасціла. Стараемся адзін аднаму ўступаць, вырашаць усе канфлікты хутка, каб не затаіць крыўду.
Ён – механізатар, яна – жывёлавод
У Казахстане Сяргей увесь час працаваў механізатарам. Яго працоўны стаж налічвае 32 гады. Надзея да пераезду ў Беларусь працавала ў розных сферах, а пасля вырашыла прыйсці ў сельскую гаспадарку, бліжэй да мужа. Галоўнай прычынай пераезду сям’і Пярніцкіх стала нестабільнае матэрыяльнае становішча на працы. Дзве дачкі, Алена і Кацярына, выраслі, сям’е неабходна было шукаць лепшы варыянт для жыцця.Ініцыятарам пераезду ў Беларусь была Надзея. Да гэтага сюда пераехалі сябры Пярніцкіх, якія добра абжыліся на Гродзеншчыне. Сяргей і Надзея думалі нядоўга. Прадалі дом, сабралі нешматлікія рэчы і адправіліся ў прынёманскі край. Мясцовыя краявіды адразу захапілі сям’ю. Першае, што кінулася ў вочы, – чысціня і акуратнасць. Сяргей і Надзея дадаюць: у Казахстане свая прыгажосць, а ў Беларусі – свая. Яны ў нечым розняцца, у нечым супадаюць, але па-свойму чаруюць.
Першы час пасля пераезду на Гродзеншчыну сям’я жыла ў знаёмых. Паралельна Сяргей і Надзея шукалі працу на мясцовых сельскагаспадарчых прадпрыемствах.
– Спачатку паехалі ў Скідзель і пачалі аб’язджаць бліжэйшыя гаспадаркі. У ААТ “Дэмбрава” патрапілі выпадкова. Проста праязджалі міма і вырашылі заехаць. Нас прыняў кіраўнік, мы вельмі прадуктыўна пагаварылі. Ён адразу вызваў да сябе сваіх памочнікаў і сказаў, што хоча, каб мы абодва ўладкаваліся сюды на працу. Спачатку нам выдзелілі часовае жыллё, дзе мы пражылі першыя два гады. Малодшая дачка скончыла мясцовую школу, а пасля ў аграгарадку Дэмбрава дастроілі прыгожы новенькі домік, у які нам дазволілі пераехаць, – расказвае Сяргей.
Пасля пераезду ў асобны дом жыццё стала яшчэ лепшым. Сяргей і Надзея хутка пазнаёміліся з жыхарамі аграгарадка, у калектыве таксама заручыліся падтрымкай. Праўда, калі для Сяргея спецыфіка працы амаль не змянілася, то для Надзеі жывёлаводства было новым заняткам, але з часам жанчына прыстасавалася.
– Што нам падабаецца? Тут усё адкрыта і дакладна. Працуеш – атрымоўваеш. Заробак добры, плацяць своечасова. Гэта тое, чаго мы хацелі, – гаворыць Надзея.
“Тут ёсць усё, каб жыць спакойна”
Усе блізкія нашых герояў засталіся ў Казахстане. З імі сям’я пастаянна на сувязі праз сацыяльныя сеткі, а вось ужывую родныя людзі бачыліся толькі каля двух гадоў таму. Да жыцця ў Беларусі Пярніцкія даўно прывыклі. Першапачаткова былі цяжкасці з разуменнем беларускай мовы. Бывае, што нейкія словы і дагэтуль застаюцца для іх незразумелымі, але сябры і калегі хутка дапамагаюць з перакладам.Працуюць муж і жонка сумленна і шмат. Іх фотаздымкі былі на Дошцы гонару прадпрыемства. Атрымоўвалі яны і падзякі ад кіраўніцтва. Сяргей адказвае за корманарыхтоўку, таму з ранняй вясны і аж да зімы ён поўнасцю паглыблены ў працу. Надзея адказвае за 200 цялятаў. Корміць, поіць, сочыць за чысцінёй. Бачацца муж і жонка ранкам, калі збіраюцца на працу, і познім вечерам, калі ўжо трэба класціся спаць.
Мінулы Новы год Сяргей і Надзея ўпершыню сустрэлі без дзяцей. Амаль не святкавалі, а наступным ранкам, як усе працаўнікі сельскай гаспадаркі, ужо былі на працы. Алена і Кацярына даўно выраслі, ужо падаравалі бацькам двух маленькіх унукаў. Жыццё закруцілася, і ў Дэмбрава дочкі завітваюць усё менш.
Сумесны вольны ад працы час, якога ў Сяргеія і Надзеі вельмі мала, муж і жонка любяць праводзіць разам. Смажаць шашлык на двары ля дома, ходзяць у лес па грыбы і ягады, шмат гутараць. Дарэчы, ля дома Пярніцкіх змайстравана невялічкая, але ўтульная лазня, якая асабліва падабаецца главе сям’і.
– Тут у нас ёсць усё, што неабходна для спакойнага і шчаслівага жыцця, – гаворыць Сяргей Пярніцкі. – Канешне, часта адчуваецца туга па блізкім людзям, якія засталіся ў Казахстане, без гэтага ніяк. Надзюня сумуе менш, а я амаль кожны дзень.
Больш за ўсё Сяргею не хапае сапраўднай марознай зімы, якая пануе ў Паўночна-Казахстанскай вобласці кожны год. Так, з зімой у Беларусі апошнія гады сапраўды бяда, таму як толькі выпадае снег, у Сяргея ёсць свая традыцыя. Ён зграбае яго ў вялікую кучу, хуценька растаплівае лазню і пасля апарні “нырае” ў скрыпучы і халодны ком.
Кожны год Сяргей спадзяецца на снежную і марозную зіму. Што ж, паглядзім, магчыма, у гэты раз пашчасціць...
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!