Звыш 1,2 мільёна тон цукровых буракоў плануе ў гэтым сезоне нарыхтаваць ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат”

У параўнанні з мінулым годам працэс перапрацоўкі стартаваў раней.

IMG_9215.JPG

Прыёмка сыравіны ў ААТ “Скідзе­льскі цукровы камбінат” пачалася 22 жніўня. Праз чатыры дні на камбінаце запусцілі тэхналагічнае абсталяванне, якое будзе кругласутачна перапрацоўваць карняплоды аж да першай дэкады студзеня. Пра планы па аб'ёму нарыхтоўкі і перапрацоўкі буракоў журналісту “ГП” распавяла намеснік генеральнага дырэктара па сыравіне ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат” Вольга Бялко.

Сёлета сезон перапрацоўкі на камбінаце істотна адрозніваецца ад папярэдняга. Па-першае, у параўнанні з мінулым годам працэс перапрацоўкі стартаваў раней. Гэтаму спрыяла дажджлівае і цёплае лета, якое дапамагло карняплодам паспець у разы хутчэй.

Па-другое, прадпрыемствам павялічана колькасць пасяўных плошчаў, адведзеных у рэгіёне пад цукровыя буракі – плюс каля тысячы гектараў. Так, калі ў мінулым годзе сыравінная зона камбіната ў Гро­дзенскай вобласці складала каля 17,2 тысячы гектараў, то цяпер яна павялічана да 18,4 тысячы гектараў.

Дарэчы, усяго ў сыравіннай зоне ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат” 10 раёнаў Гродзеншчыны. Большая частка пасеваў размяшчаецца ў Гродзенскім раёне.

Яшчэ адно змяненне на прадпрыемстве датычыцца яго тэхнічнай мадэрнізацыі.

– У гэтым годзе ў нас была праведзена мадэрнізацыя цеплавой схемы, што дазволіла значна павялічыць магутнасць камбіната. Так, калі раней планавая магутнасць перапрацоўкі цукровых буракоў у нас складала 8 тысяч тон у суткі, то зараз мы можам перапрацоўваць 8,5 і 8,7 тысячы тон. Па графіку нарыхтоўваем звыш 9 тысяч тон сыравіны, – распавядае Вольга Бялко.

Вытворчасць на камбінаце цалкам аўтаматызавана. Абсталяванне працуе бесперапынна. На камбінаце маецца 14 адзінак буртаўкладачнай тэхнікі, з якіх  3 – айчыннай вытворчасці. Дзве адзінкі тэхнікі закупілі ў мнулым годзе, яшчэ адну – у гэтым.

ААТ "Скідзельскі цукровы камбінат" у гэтым сезоне заключыла 57 дагавораў на пастаўку цукровых буракоў. З іх 53 з сельскагаспадарчымі арганізацыямі і 4 з фермерскімі гаспадаркамі Гродзенскай вобласці.

 Усяго паводле дамоваў камбінат павінен нарыхтаваць крыху больш за 1,1 мільёна тон буракоў. Але магутнасць завода і колькасць ураджаю дазваляе павялічыць аб'ём нарыхтоўкі і перапрацаваць звыш 1,2 мільёна тон буракоў. У перакладзе на цукар гэта прыкладна 150 тысяч тон салодкага прадукту.

На сённяшні дзень на камбінаце ўжо прынялі 428 тысяч тон цукровых буракоў, што складае звыш 35% ад запланаванага аб'ёму. 

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»