Картофельные колбаски со свиным бочком в кулинарном проекте “Рэцэпты ад гродзенскіх гаспадынь”

Наш новы праект “Рэцэпты ад гродзенскіх гаспадынь” – самы смачны.
Ён – пра кулінарныя традыцыі Гродзеншчыны, некаторым з іх не адно стагоддзе. Мы будзем друкаваць рэцэпты страў, што гатавалі нашы бабулі ды прабабулі штодзень і на святы.
Гэта простыя, без заморскіх інгрэдыентаў, выключна з натуральных прадуктаў блюды, праз якія можна адчуць смак нашага краю і адкрыць яго культуру з новага боку.
А Гродзеншчыне ў гэтым сэнсе ёсць чым ганарыцца: у Дзяржаўны спіс гсіторыка-культурнай спадчыны ўключаны традыцыі адэльскай кухні, прыгатаванне пірагоў у Ваўкавыскім і Слонімскім раёнах. Днямі гэты спіс папоўніла поразаўская банкуха. Усё гэта – сапраўдныя брэнды не толькі Гродзеншчыны, але і Беларусі ўвогуле.
Наша знаёмства пачынаем з традыцый адэльскай кухні. Мясцовыя гаспадыні беражна захоўваюць старадаўнія рэцэпты і частуюць гасцей адметнымі мясцовымі стравамі. Паспрабуйце і вы.
Нам спатрэбяцца:
Кішка свіная пачышчаная
1 кг бульбы
1 кг (ці менш) свінога бачка
1 ст.л. мукі
3 ст.л крупы маннай
1 яйка
Соль
Перац
Упэўнена, нашы бабулі нават уявіць не маглі, што праз нейкі час можна будзе набыць ужо пачышчаную свіную кішку ў краме. Яны рабілі гэта самастойна, і працэс – не самы просты. Кішкі на каўбасы, да прыкладу, вельмі тонкія, іх можна выпадкова парэзаць, здымаючы нажом усё лішняе з унутранай часткі. Сучасным гаспадыням гэта рабіць не давядзецца.
Для прыгатавання нашага блюда найперш трэба парэзаць на невялікія кавалачкі і добра абжарыць бачок. Бульбу ачысціць і нацерці на дробнай тарцы. Лепш, канечне, рабіць уручную: сучасныя камбайны ўсё ж не даюць неабходнай кансістэнцыі. Дадаць да бульбы падрыхтаваныя шкваркі, манную крупу, муку, яйка. Пасаліць і папярцычь. Усё добра перамяшаць і напоўніць гэтай масай кішку. Завязаць канцы ніткай. Кішку пракалоць у некалькіх месцах.
Калі вельмі хочацца атрымаць асабліва духмяную страву, лепш выпякаць наша блюда ў печцы, калі такая магчымасць ёсць. Але падыдзе і духоўка. Тэмпература не павінна быць вялікай, бо выпякаць бульбяную кішку трэба дзве гадзіны.
Падаваць блюда гарачым, лепш са смятанай.
Смачна есці!