Янке Купале 144! Вечны класік і акцыя “Чытаем Купалу разам”

Янке Купале 144! Вечны класік і акцыя “Чытаем Купалу разам”

Сёмага ліпеня нарадзіўся геній беларускай літаратуры Янка Купала. Купалаўскі ўніверсітэт горда носіць яго імя з 1957 года і ўжо дзясяты раз ладзіць акцыю “Чытаем Купалу разам”. Юбілей акцыі традыцыйна прайшоў ля помніка паэту каля галоўнага корпуса ўніверсітэта на вуліцы Ажэшка. Што адбывалася на сустрэчы аматараў купалаўскай паэзіі? Чаму Янка Купала адзін з найважнейшых паэтаў беларускай літаратуры? Давайце разбірацца!
 
Урачыстае мерапрыемства пачалося з ускладання кветак да помніка Янку Купале. Дзясяткі руж былі пакладзены ля бюста пісьменніка, а над ім, па класіке, надпіс:

“Мілая моладзь, слаўная моладзь,
Нашай бязмежнай краіны!
Горы і мора можаш ты здолець,
Сэрцам расплавіць ільдзіны.”
Янка Купала

Гэтыя словы шчыра і дакладна апісваюць будучыню нашай краіны, яе апантаны розум і здольнасць абыходзіць усе перашкоды. І вось маладыя і зацікаўленыя студэнты стаяць ля помніка ў прыгожых вышыванках, сукенках і кашулях.

Прыняць удзел у чытанні вершаў мог любы з назіральнікаў імпрэзы. Абраныя купалаўскія вершы чыталі як студэнты, так і дарослыя, дачынілася да мерапрыемства і малодшае пакаленне – школьнікі. Сярод прачытаных і спетых песень на вершы Купалы былі знакамітыя “Жалейка” і “Спадчына”, аднак падлічыць, колькі любасці і павагі было аддана пісьменніку – цяжка!

photo_2026-07-07_17-29-44.jpg

photo_2026-07-07_17-29-46.jpg

Прапусціць такое мерапрыемства не магла і рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. Важнасць акцыі яна каментуе так:

 – Акцыя “Чытаем Купалу разам” – гэта традыцыйнае мерапрыемства ў Купалаўскім універсітэце. Хто як не Купалаўскі ўніверсітэт павінен ушаноўваць і ўслаўляць імя песняра нашай беларускай зямлі? Хачу адзначыць, што імя Янкі Купалы двойчы прысвойвалася нашай навучальнай установе, спачатку як педагагічнаму інстытуту. Потым, калі ў 1978 годзе інстытут стаў універсітэтам, імя Янкі Купалы не перайшло да нас аўтаматычна, і яшчэ дзесяць гадоў пакаленні студэнтаў і супрацоўнікаў змагаліся за гэтае званне, каб у 1988 годзе стаць універсітэтам імя Янкі Купалы.

photo_2026-07-07_17-29-47.jpg

Сёння мы жадаем, каб кожны, хто прыме ўдзел у акцыі, сэрцам адчуў тыя словы, якія да нас данасіў Янка Купала. Каб гэтыя словы былі не проста тым, што напісалі і перадалі нам, а былі сувяззю паміж пакаленнямі.

Янка Купала здолеў перадаць душу ўсяго беларускага народа, усіх, хто жыў тады, праз 50 гадоў і сёння. Вершы і пэмы Купалы даюць нам гонар і веру ў свае сілы. Краса нашай краіны, сялянскае жыццё, “магічныя” вершы, тэмы кахання, паэмы – усё было ўнутры паэта і пасля перайшло да нас.

І сёння, праз 144 гады пасля нараджэння паэта, яго слова працягвае аб'ядноўваць беларусаў, нагадваць пра нашу самабытнасць і духоўную сілу. Як і стагоддзе таму, яго голас і думы адгукаюцца ў сэрцы кожнага, хто шануе беларускую зямлю і культуру, сваю незалежнасць і свабоду.

photo_2026-07-07_17-29-48.jpg

photo_2026-07-07_17-29-50.jpg
 
Шыцік Арсень

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»