Псіхолаг расказала, як падтрымаць дзіця пасля разрыву сяброўскіх адносін
Зносіны з аднагодкамі з’яўляюцца найважнейшым элементам сацыялізацыі.
Дзецям важна сябраваць з равеснікамі: нефармальныя зносіны, міжасобасная камунікацыя і канфлікты, якія могуць часта здарацца, дапамагаюць спазнаваць свет. Перавага такіх зносін і ў тым, што яны спрыяюць усебаковаму развіццю дзіцяці і вучаць правільна ўспрымаць сітуацыі расчаравання і поспеху – не толькі свае, але і чужыя. Пра тое, як фарміруецца сяброўства ў школьнікаў, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 10 Пінска Алеся Бохан, піша nastgaz.by.
Зносіны з аднагодкамі з’яўляюцца найважнейшым элементам сацыялізацыі. Уменне разбірацца ў людзях – не менш каштоўны навык, чым добрыя матэматычныя або гуманітарныя здольнасці. Але навучыцца гэтаму можна толькі самастойна.
Правілы сяброўства
— Алеся Аляксандраўна, як у дзяцей малодшага школьнага ўзросту фарміруецца паняцце сяброўства? На чым яно грунтуецца?
— Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту сябрамі становяцца тыя равеснікі, хто гуляе з імі, прымае правілы гульні. Гэта значыць, што асабістыя якасці на гэтым этапе не такія важныя, як уменне прыдумаць цікавы занятак, магчымасць пагуляць разам. Дзецям важныя тыя сябры, якія згаджаюцца гуляць у сюжэтныя гульні, носяць прыгожае адзенне, у іх ёсць цікавыя рэчы, яны валодаюць лідарскімі якасцямі, напрыклад, могуць самастойна прыдумаць і развіць гульню, уцягнуць у яе аднагодкаў.
Паколькі сяброўства паміж дзецьмі малодшага школьнага ўзросту яшчэ не вырасла да сапраўднага, яго аб’екты могуць мяняцца хоць кожны дзень: сёння сябрам лічыцца той, хто даў пагуляць у мяч, заўтра дзіця ўжо пасварылася з ім з-за таго, што ён б’ецца, і пачало гуляць з іншым, хто пачаставаў цукеркай. Не трэба да гэтых перамен ставіцца занадта строга — няхай малы сам выбірае, з кім яму гуляць і сябраваць. Для дзяцей у гэтым узросце важны паводзінскі складнік дружбы, а не рысы характару сябра.
— Чаму спрыяе сяброўства ў школьнікаў? Якое значэнне яно мае для асобаснага росту дзіцяці?
— Сяброўскія адносіны ў школьным узросце служаць магутнай крыніцай эмацыянальнай падтрымкі не толькі ў перыяд школьнага навучання, але і на працягу ўсяго жыцця. Дзякуючы ранняму вопыту партнёрскіх адносін дзеці фарміруюць упэўненасць у сабе, самасвядомасць, самаацэнку. Сяброўскія адносіны дапамагаюць ім пераадольваць эмацыянальныя крызісы і канфлікты. У тых, хто застаўся без сяброў у школьным узросце, у якасці кампенсацыі фарміруюцца разбуральныя мадэлі паводзін.
Зносіны з аднагодкамі з’яўляюцца найважнейшым элементам сацыялізацыі. Уменне разбірацца ў людзях – не менш каштоўны навык, чым добрыя матэматычныя або гуманітарныя здольнасці. Але навучыцца гэтаму можна толькі самастойна.
— Як па меры сталення дзяцей мяняецца характар сяброўства?
— Чым старэйшым становіцца дзіця, тым больш мяняецца яго кола зносін. Калі раней сябры выбіраліся ў залежнасці ад умення гуляць, то бліжэй да 10 гадоў для дзіцяці прыярытэтам з’яўляецца так званая тусоўка, гэта значыць, павінны быць агульныя інтарэсы, погляды, захапленні, асобасныя характарыстыкі. Цяпер гульня застаецца толькі дадаткам да сяброўства, а не яе асновай.
Калі вы спытаеце ў дзіцяці, чаму яно сябруе з гэтым чалавекам, то яно, задумаўшыся, скажа пра яго якасці: добры, спагадлівы, заўсёды дапаможа, сумленны, разумны, спакойны, разважлівы. Раней вы пачулі б, што сябар умее хутка разбіраць машынкі або прыдумляць гульні.
Сваркі паміж сябрамі хоць і ўзнікаюць, але яны хутка вырашальныя, і ад гэтага дзеці сябраваць не перастаюць. Яны імкнуцца разабрацца ў праблеме і прыйсці да агульнага яе рашэння, а раней проста перасталі б падтрымліваць зносіны на наступны ж дзень. Гэта і сведчыць пра асэнсаванасць і важнасць дружбы для дзяцей школьнага ўзросту. Яны пачынаюць шанаваць сяброўства і разумеюць, што без сяброў жыццё не такое поўнае і цікавае, што яны заўсёды дапамогуць, выслухаюць і проста могуць падтрымаць любую, нават самую бязглуздую ідэю. Чым старэйшае дзіця, тым менш сапраўдных сяброў у яго застаецца.
— Калі ў класе паміж дзецьмі назіраюцца нежаданне ўзаемадзейнічаць, непрыязнасць, як павінен паводзіць сябе педагог? Ці трэба імкнуцца памірыць такіх дзяцей?
— Педагогу пры канфлікце важна праявіць добразычлівасць, удзел, але не навязваць сваё меркаванне, не ціснуць на дзіця. Настаўнік павінен дапамагчы школьніку самастойна знайсці выхад са спрэчнай сітуацыі. Калі прычына канфлікту ў тым, што паміж аднакласнікамі не склаліся адносіны, лепш пагаварыць з бацькамі, параіць запісаць дзіця ў гурток, секцыю, дзе яно зможа знайсці новых таварышаў. Пашырэнне кола зносін дапаможа палепшыць адносіны з аднакласнікамі. Калі ў іх будуць агульныя інтарэсы, гэта таксама паспрыяе наладжванню дружбы.
Любы інцыдэнт у школе прыводзіць да парушэння адносін у класе, негатыўна адбіваецца на паспяховасці. Самае важнае пры канфлікце – знайсці шляхі яго вырашэння. Для гэтага патрэбны ўдзел усіх бакоў вучэбнага працэсу – школьнікаў, бацькоў, педагогаў. Калі не вырашыць канфліктную сітуацыю своечасова, яна можа прывесці да незваротных наступстваў.
У спрэчным выпадку трэба выслухаць абодва бакі канфлікту, каб разабрацца, хто мае рацыю. У інцыдэнце не бывае невінаватых. Дзеці павінны навучыцца слухаць адно аднаго, ставіць сябе на месца апанента. Гэта дапаможа канструктыўна вырашыць канфлікт і пазбегнуць сваркі ў будучыні.
Супярэчнасці з аднакласнікамі могуць быць настолькі сур’ёзнымі, што дзіця не можа знаходзіцца ў калектыве. У такім выпадку неабходна дапамога псіхолага, які будзе працаваць як з дзіцем індывідуальна, так і з усім класам.
Бацькі павінны падтрымліваць дзяцей у любым канфлікце. Нават калі дзіця не мае рацыю, нельга лаяць яго пры старонніх, каб не зняважыць. Выхаваннем лепш заняцца дома, адзін на адзін. Так малы будзе адчуваць падтрымку і давер. У далейшым гэта дапаможа прадухіліць канфлікты.
Даказаць сваю важнасць
— Здараюцца выпадкі, калі дзіця пачынае сябраваць з тым, хто не падабаецца яго бацькам. Ці трэба забараняць такое сяброўства або абмяжоўваць час, які можна праводзіць з такім сябрам?
— Забараняць не варта. Я часцей запрашала б такога сябра ў госці – так дзеці будуць пад кантролем і ў той жа час разам. Магчыма, такі сябар у сваёй сям’і недалюблены, таму варта быць да яго дабрэйшым, пагаварыць з ім пра жыццё, пахваліць моцныя бакі. А са сваім дзіцем трэба праводзіць больш часу, размаўляць з ім як сябар, цікавіцца, што адбываецца ў яго жыцці, без асуджэння і спрэчак. У ідэале дзіця само павінна прасіць параду.
Ёсць вельмі добры прыём: калі, напрыклад, дачцэ здасца, што яна трапіла ў дрэнную кампанію ці знаходзіцца там, дзе адбываецца нешта дрэннае, яна можа пазваніць вам і сказаць кодавую фразу, напрыклад, “прабач, я забыла пра гэта”, і вы без лішніх пытанняў прыедзеце і забераце яе адтуль.
Так дзіця будзе ведаць, што менавіта вам можа даверыцца, што вы не будзеце яго лаяць за тое, дзе яно апынулася. У дзяцей вельмі добра развіты інтуіцыя і інстынкт самазахавання, але многае залежыць ад нас, дарослых, ад таго, ці данясём мы, што добра, а што дрэнна.
Садзіцца ў машыну да незнаёмца ці адчыняць дзверы чужому нельга, усе дзеці гэта ведаюць. Ім было расказана многа гісторый пра тое, як крадуць дзяцей, таму і страшна. І ў іншых выпадках падобнымі гісторыямі можна крыху напалохаць дзіця, папярэдзіўшы аб наступствах дрэнных учынкаў. Не крыкам або папрокамі, а фразамі накшталт “уяўляеш, у маёй сяброўкі дачка часта прагульвала ўрокі, яе пакаралі; як жа мне пашанцавала, што ты ў мяне такая разумніца і не будзеш так рабіць”. Няхай дзеці давяраюць вам.
— Калі праз некаторы час двое дзяцей перастаюць сябраваць, як падтрымаць тое дзіця, якое кінулі? Ці варта перашкаджаць у будучыні іх зносінам, калі яны зноў памірацца?
— Існуе шэраг прычын, па якіх сяброўства паміж дзецьмі і падлеткамі заканчваецца. Прычын многа: разышліся дарогі ці адбылася здрада. Таксама прычынамі сяброўскага разрыву могуць быць рэўнасць, ціск з боку аднагодкаў, перамены ў жыцці і адрозненне інтарэсаў. Дружба – важная частка жыцця дзіцяці, якая дапамагае яму развівацца і расці ў сацыяльным, эмацыянальным і кагнітыўным плане. Паводле даследаванняў, дзеці, у якіх ёсць сябры, адчуваюць сябе больш шчаслівымі, у іх вышэйшая самаацэнка, яны менш перажываюць, бо маюць сяброўскую падтрымку. Менавіта таму канец дружбы можа ўспрымацца імі як канец свету.
Дзеці перажываюць шырокі спектр эмоцый, многія з якіх даволі інтэнсіўныя. Калі заканчваецца сяброўства, дзіця могуць перапаўняць гнеў, трывога, пачуццё адзіноты, разгубленасць, смутак і адчай. Часам дзеці адчуваюць палёгку – калі дружба была ім у цяжар.
Калі нашым дзецям балюча, даволі цяжка зразумець, што лепш сказаць ім. Вы хочаце, каб яны адчувалі сябе лепш, але варта вельмі старанна падбіраць словы. На жаль, для такіх сітуацый не існуе чароўных выразаў.
Паглядзіце на вашы адносіны з дзіцем – як бацькі вы ведаеце яго лепш за ўсіх. Як вам здаецца, што яно хацела б пачуць? Многія дзеці хацелі б пачуць, што яны па-ранейшаму любімыя, што людзі, напрыклад, вы ці іншыя дзеці, застаюцца з ім. І вядома, важна падкрэсліць, што ўсё, што адчувае дзіця, цалкам нармальна, яно мае на гэта права, а вы гатовы яго ў гэтым падтрымаць.
Каб дапамагчы дзіцяці разабрацца ў сваіх пачуццях і жаданнях, выкарыстоўвайце адкрытыя пытанні. Напрыклад, “Ці ёсць што-небудзь, што магло б дапамагчы табе ў гэты момант?” або “Як я магу дапамагчы табе?”. Калі яму стане крыху лягчэй, можаце паспрабаваць акуратна высветліць, ці можна выратаваць гэтую дружбу. Некаторыя адносіны маюць права на другі шанс, ад іншых жа трэба пазбаўляцца без шкадаванняў. Не цісніце на дзіця, няхай яно само прыме гэтае рашэнне.
— Часта менавіта дзяўчынкі не могуць вызначыцца, з кім ім сябраваць, перабягаюць то на адзін бок, то на другі? Чаму так адбываецца?
— Дзяўчынкі ў падлеткавым узросце вельмі эмацыянальныя, для іх характэрны частая змена настрою і псіхічная няўстойлівасць: іх лёгка рассмяшыць і гэтак жа лёгка давесці да слёз. Яны вельмі адчувальныя да пахвалы і ганьбы, упартыя і раздражняльныя. Таму і сябруюць яны таксама эмацыянальна, часта сварацца і крыўдзяцца адна на адну.
У школе дзяўчынкі-падлеткі часта сябруюць невялікімі групамі, звычайна канцэнтруюцца вакол папулярнай аднакласніцы. Яны імкнуцца “быць у зграі”, каб не трапіць пад злыя кпіны, здаволіць смагу зносін, абмеркаваць падзеі і перажыванні, якія адбываюцца з імі.
Падтрымліваюць зносіны яны па-рознаму: могуць часта і моцна сварыцца, прычым некалькі разоў на дзень – гэта абсалютная норма, сапернічаць, а могуць, наадварот, даходзіць да такой прыхільнасці, якая збоку здаецца нездаровай.
Рэальная дружба падлеткаў – складаная і неадназначная з’ява. Адначасова могуць выяўляцца як узаемная падтрымка і давер, так і саперніцтва і нават канфлікты, таму што ў гэтым узросце нароўні са зносінамі важныя самасцвярджэнне і самавыяўленне.
У любых адносінах ёсць здаровае саперніцтва – гэта адзін з момантаў развіцця. Дух спаборніцтва матывуе і да дзейнасці, і да вынікаў. Важна правільна да гэтага ставіцца. Падлеткам у пераходным узросце вельмі важна даказаць сваю перавагу і важнасць. Яны імкнуцца да любові і павагі ў калектыве, часта парушаючы асабістыя межы, таму што не адчуваюць іх. Ёсць і такія падлеткі, якія хочуць, каб ім яшчэ і падпарадкоўваліся. Адсюль немінучыя канфлікты, бо ўсе хочуць быць моцным звяном.
Сказаць уголас
— Алеся Аляксандраўна, якія метады, прыёмы і формы работы выкарыстоўваеце ў сваёй практыцы, каб папярэдзіць падобныя сітуацыі?
— Згуртаванне класнага калектыву – вельмі складаны працэс, гэта карпатлівая і адказная праца, якая не можа быць эпізадычнай, яна павінна быць штодзённай і планамернай. Толькі тады магчыма сфарміраваць з дзяцей дружны калектыў. Бо толькі згуртаваны клас дасягае многіх вяршынь і перамог.
Сваю дзейнасць па фарміраванні і згуртаванні я ўмоўна разбіваю на некалькі стадый, якія ўзаемазвязаны паміж сабой. Уся работа праводзіцца сумесна з класным кіраўніком. Спачатку мы вывучаем калектыў, арганізуем трэнінгавыя заняткі, пазакласныя мерапрыемствы, ствараем класныя традыцыі. Наступны этап – устанаўленне спрыяльнага псіхалагічнага мікраклімату ў класе. Лічу, што абавязкі па яго згуртаванні належаць класнаму кіраўніку. Менавіта на ім ляжыць асноўная задача па фарміраванні спрыяльных умоў для развіцця кожнага вучня. Бо кожнае дзіця – як гліняны посуд: далікатнае, але ўжо мае форму. На першай стадыі праводзім анкетаванне, каб даведацца інтарэсы і перавагі навучэнцаў.
Для згуртавання калектыву і развіцця пазітыўнага стаўлення адно да аднаго праводжу шэраг трэнінгавых заняткаў, сярод якіх такія як “У міры з сабой і іншымі”, “Давер”, “Клас вачыма кожнага”, “Ці ведаем мы адно аднаго?”, “Мы адзіны калектыў”, “Давайце пагаворым пра ролю кожнага ў жыцці класа”, “Мы розныя, але разам мы адзіныя”, “Школа для ўсіх” і інш. Таксама арганізую гульні па фарміраванні навыкаў узаемадзеяння ў класе “Ці ўмею я сябраваць?”, “Пазнай мяне бліжэй”, напісанне сачыненняў “Я хачу расказаць пра свайго сябра”, “Для мяне мой клас – гэта…”.
Лічу, што ў кожнага класа павінны быць свае традыцыі. Як прыклад, можна аформіць альбом “Летапіс класных спраў”, які будзе запаўняцца фатаграфіямі, водзывамі і пацешнымі каментарыямі.
Затым можна размеркаваць даручэнні: хто збірае фотаматэрыял, хто выступае ў ролі карэспандэнтаў, рэдагуе напісанае, хто запаўняе альбом і займаецца камп’ютарнай апрацоўкай матэрыялу. У кожнага да заканчэння школы застанецца электронная версія гэтага альбома. І гэтая агульная справа таксама паспрыяе згуртаванню.
У класе можна ўстанавіць скрыню пажаданняў і прапаноў. У канцы кожнага тыдня дзеці пішуць запіскі, дзе могуць задаць пытанне, напісаць пра нешта набалелае, пра што не могуць сказаць уголас, свае пажаданні, ідэі. На аснове гэтага можна планаваць далейшую работу.
На трэцяй стадыі згуртавання калектыву асноўнай задачай з’яўляецца ўстанаўленне спрыяльнага псіхалагічнага мікраклімату ў класе. Абавязковай умовай развіцця асобы дзіцяці з’яўляецца эмацыянальны дабрабыт, патрэба ў зносінах. Кожнае дзіця павінна знайсці сваё месца ў калектыве, і пры гэтым важна, каб усе вучні класа адчувалі сябе патрэбнымі ў агульнай справе. Лічу, што неабходна адсочваць развіццё ўзаемаадносін хлопчыкаў і дзяўчынак. Для гэтага праводжу індывідуальныя і групавыя кансультацыі. У канцы кожнага тыдня дзеці аналізуюць, як пражылі тыдзень, каму ўдалося абысціся без сварак і крыўд адно на аднаго. Калі раптам пакрыўдзілі кагосьці, то просяць прабачэння, мірацца і на выхадныя ідуць у пазітыўным настроі. Адпаведная работа спрыяе згуртаванню, фарміраванню ўмення вырашаць канфліктныя сітуацыі, паляпшае ўзаемаадносіны ў класе, выхоўвае пачуццё павагі адно да аднаго.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
