Праекты маладых, якія змяняюць рэчаіснасць. У Гродне прайшоў маштабны крэатон для старшакласнікаў

Ці могуць традыцыйныя школьныя ўрокі быць больш цікавымі, і як з дапамогай сучасных тэхналогій зрабіць працэс навучання найбольш эфектыўным? Адказы на гэтыя і не толькі пытанні старшакласнікі з розных куткоў Беларусі намагаліся знайсці падчас надзвычай цікавага крэатону, які на гэты раз завітаў у Гродна.
Маштабнае мерапрыемства прайшло ў рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта “Першыя”, які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk і ставіць сваёй мэтай папулярызацыю беларускай мовы і культуры.


Адным з тых, каго зацікавіла магчымасць праявіць сябе, сгенерыраваць ідэі, не баючыся презентаваць іх на публіцы і, зразумела, пазнаць штосьці новае, стаў Канстанцін Мухліца з Іўя. Адкрыты і ўсміхнены, гімназіст з задавальненнем распавядае пра ўжо створаную ўласную распрацоўку.


Пятнаццацігадовая Ангеліна Мішпількіна прыехала з Брэстчыны. Для дзяўчыны гэтае мерапрыемства не проста нагода для новых знаёмстваў і расшырэння свайго кругагляду. “Першыя” – пэўная частка яе жыцця.

Па словах арганізатараў, “Першыя” – конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. У конкурсе могуць прыняць удзел вучні 9, 10 і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў краіны. Для таго, каб стаць удзельнікам рэспубліканскага конкурсу, неабходна выбраць адзін з чатырох прапанаваных накірункаў – экалогія, тэхналогіі, інклюзія ці культура. Пасля сфармуляваць сваю ідэю па абранай тэме і, апісаўшы яе, адказаць на пытанне: “Чаму менавіта гэтая ідэя павінна быць прадстаўлена на TEDxYouth@Minsk?”
Распрацоўка ідэі будзе ажыццяўляцца на працягу ўсяго навучальнага года. У фінал выйдуць дзесяць старшакласнікаў – аўтары самых яркіх, цікавых і перспектыўных ідэй. Кожны з іх атрымае прыз – iPhone Xs,а таксама выдатную магчымасць – пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.
А вось “рэпетыцыя” таго, якой можа быць гэтая ідэя, як раз і прайшла ў Гродне. Спачатку старшакласнікі паглядзелі некалькі відэаролікаў з выступленнямі сусветна вядомых спікераў, а пасля прыняліся да выканання канкрэтнай пастаўленай задачы. Падзяліўшыся на каманды, школьнікі калектыўна абмяркоўвалі годную для прапанавання ідэю. Пасля прэзентацыі кожнай з задум журы адзначыла лепшыя выступленні і ўзнагародзіла іх аўтараў.
Дарэчы, далучыцца да “Першых” яшчэ ёсць шанец. Збор заявак працягнецца да 8 сакавіка гэтага года.