Паблізу Мірскага замка, на месцы сядзібы Святаполк-Мірскіх, аднавіліся раскопкі

У гэтым годзе іх дапамагаюць праводзіць удзельнікі міжнароднага валанцёрскага археалагічнага летніка «Замкі Беларусі». Гэты праект Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА сабраў у Міры 25 чалавек розных нацыянальнасцяў. Сярод моладзі, якая зараз спрытна арудуе рыдлёўкамі і шпатэлямі, ёсць прадстаўнікі Расіі, Турцыі, Кітая і Егіпта.

Першая з дзвюх змен аматараў гісторыі заехала ў пасёлак 15 ліпеня. Археалагічныя работы праводзяцца пад кіраўніцтвам старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдата гістарычных навук Ірыны Уладзіміраўны Ганецкай. Плануецца, што валанцёры таксама зоймуцца добраўпарадкаваннем парку, мясцовых могілак, будуць расчышчаць смецце. У вольны час для іх арганізуюцца экскурсіі і культурныя мерапрыемствы. Для моладзі экскурсаводы музея ўжо правялі экскурсіі па Мірскаму замку, пасёлку. Наперадзе – наведванне касцёла святога Мікалая Цудатворца і касцёльнай крыпты, капліцы-пахавальні Святаполк-Мірскіх, займальны квэст.

Варта адзначыць, што археалагічныя пошукі на месцы так званага палаца-«здані» ідуць другі год запар. Раней архітэктурны помнік быў схаваны пад пластом зямлі.

IMG_3587-530x414.jpgIMG_3719-530x353.jpgIMG_3600-530x354.jpgIMG_3614-768x512.jpgIMG_3721-768x737.jpg

На сёння вядома, што сядзіба апошніх уладальнікаў Мірскага замка стаяла на больш старажытным падмурку. Знойдзены цокальныя памяшканні, пабудаваныя ў канцы XVI – пачатку XVII стагоддзяў. Іх адкапалі нядаўна.

IMG_3765-530x354.jpg

Ірына Ганецкая лічыць, што сядзіба ўзводзілася пры Мікалаі Крыштафе Радзівіле Сіротцы (1549-1616 гг.). Князь пажадаў зрабіць Мір адной са сваіх рэзідэнцый. Па яго распараджэнні былі ўзведзены трохпавярховыя жылыя карпусы ля сцен замка, перапланаваны тры вуглавыя вежы. Палац-«здань» будавалі паралельна. Яго печы былі абкладзены геральдычнай кафляй, якую выяўляюць на раскопках у вялікай колькасці. Яны ідэнтычныя замкавым. На некаторых намаляваны гербавы княжацкі арол. Таксама знойдзены фрагмент рэйнскага збана пачатку XVII стагоддзя, цэгла характэрнага памеру.

Дакладна вядома, што першапачаткова будынак быў аднапавярховы, мураваны, з керамічным дахам. Яго сцены былі атынкаваны і пафарбаваны ў белы або ружовы колер, як і замкавыя, – распавядае Ірына Ганецкая. – У другой палове XVII стагоддзя, пасля разбуральнай вайны з Масквой, палац дабудавалі з усходняга боку.

Ён функцыянаваў пастаянна: перакладаліся печы, змянялася дахоўка. Спачатку ўжывалі дахоўку, якая знешне нагадвала карпаву луску, пазней – з жолабам. Хутчэй за ўсё, гаспадар сядзібы быў «правай рукой» князя.

Святаполк-Мірскія ў канцы XIX стагоддзя выкарысталі касцяк старога падмурка, магчыма, фрагменты сцен і ўзвялі двухпавярховы палац у стылі сваёй эпохі. Яго спалілі салдаты роўна 100 гадоў таму, падчас Першай сусветнай вайны.

Цяперашнія археалагічныя пошукі, як разлічвае Ірына Ганецкая, яшчэ больш прыадкрыюць заслону таямніцы палаца-«здані».

А пакуль з вядомымі старонкамі гісторыі сям’і наказнога казацкага атамана Войска Данскога Мікалая Святаполк-Мірскага валанцёраў міжнароднага археалагічнага летніка «Замкі Беларусі» пазнаёмілі на ўрачыстым адкрыцці змены. Ганаровымі гасцямі на ім сталі генеральны сакратар РГА «БелАЮ» Наталля Прыстром, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык, вучоны сакратар музея «Замкавы комплекс «Мір» Ігар Ложачнік, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мірскага мастацкага каледжа Канстанцін Петрыман.

Наталля Прыстром адзначыла ў каментарыі карэспандэнту «Полымя», што ініцыятарам арганізацыі міжнароднага валанцёрскага летніка ў Міры стаў музей «Замкавы комплекс «Мір», які таксама ўзяў на сябе фінансаванне праекта.

Замкавы комплекс «Мір», як паведаміў Ігар Ложачнік, далучыўся да праекта Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, таму што музей імкнецца развіваць міжнародныя сувязі. Да таго ж археалагічныя пошукі дазволяць наблізіцца да разгадкі таямніцы палаца-«здані».

IMG_3797.jpgIMG_3804.jpg

Наша мэта – уключэнне сядзібы Святаполк-Мірскіх у турыстычныя музейныя маршруты, – заявіў Ігар Ложачнік.

Руслан Абрамчык пажадаў валанцёрам плённай працы.

У Мірскім замку ёсць унікальная зала, прысвечаная тым, хто адраджаў аб’ект у XX-XXI стагоддзях: рэстаўратарам, архітэктарам, мастакам, ахвяравальнікам экспанатаў, – адзначыў Руслан Абрамчык. – Спадзяюся, па завяршэнні змены вашы імёны таксама патрапяць у аналы гісторыі адраджэння комплексу.

Арганізатары распавялі, што міжнародны летнік будзе дзейнічаць да 5 жніўня.
Редакция газеты «Гродненская правда»