Новыя аўтамабілі падарылі медыцынскім работнікам у Дзятлаве
Калектыў Дзятлаўскай ЦРБ атрымаў у падарунак два мікрааўтобусы.
Напярэдадні маладога дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства – на Дзятлаўшчыне адбылася падзея, якая стала прыкладам яднання розных раёнаў і арганізацый з агульнай добрай мэтай.




Калектыў Дзятлаўскай ЦРБ атрымаў у падарунак ад ААТ “Лідскія харчовыя канцэнтраты” і ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат” два спецыялізаваныя мікрааўтобусы і медыцынскае абсталяванне. Ва ўрачыстасці, якая адбылася ў раённай бальніцы, прынялі ўдзел прадстаўнікі прадпрыемстваў-спонсараў – генеральны дырэктар ААТ “Лідскія харчовыя канцэнтраты” Вячаслаў Гарбачоў і выконваючы абавязкі намесніка генеральнага дырэктара па ідэалагічнай і прававой рабоце ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат” Дзмітрый Дзянішчык, кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, духавенства, калектыў і адміністрацыя Дзятлаўскай ЦРБ.
Андрэй Уладзіміравіч павітаў гасцей і падзякаваў партнёрам:

– Гэта – выдатным падарунак да такога вялікага свята, як Дзень народнага адзінства. Сацыяльная сфера заўсёды ў полі зроку дзяржавы: больш за 70 % бюджэту раёна выдаткоўваецца на яе, 30 % затрачваецца на медыцыну. Аднак гэта сфера не стаіць на месцы, развіваецца, і радуе тое, што ў распараджэнні нашых медработнікаў з’яўляецца новая тэхніка, якая робіць іх работу яшчэ больш дасканалай. Сёлета на ахову здароўя з раённага бюджэту дадаткова было выдзелена каля аднаго мільёна рублёў – на рамонт лабараторыі і рэнтген-кабінета з устаноўкай мамографа, з рэспубліканскага бюджэту больш за 1,2 мільёна на капітальны рамонт Новаяльнянскай гарадской бальніцы. Прыемна, што спонсарскую дапамогу нашаму раёну аказалі два такія магутныя прадпрыемствы, як ААТ “Лідскія харчовыя канцэнтраты” і ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат”. Гэта два аўтамабілі і медыцынскае абсталяванне, пералік якога дастаткова аб’ёмны. Сардэчна дзякуем кіраўніцтву і калектывам прадпрыемстваў за тое, што знайшлі магчымасць і жаданне і тым самым палепшылі ўмовы аказання медыцынскай дапамогі ў нашым раёне. Жадаю вам далейшых поспехаў у працы, надзейных партнёраў і паспяховых праектаў. Напярэдадні Дня народнага адзінства ўсім жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба над галавой.

У знак удзячнасці за ўклад у развіццё Дзятлаўскага раёна і з нагоды надыходзячага свята кіраўнік раёна ўручыў гасцям памятныя падарункі.
Дзмітрый Дзянішчык далучыўся да віншаванняў:

– Наша прадпрыемства рада было аказаць спонсарскую дапамогу Дзятлаўскай ЦРБ для набыцця спецаўтатранспарту і медыцынскага абсталявання, бо на свеце няма больш важнай работы, чым дапамагаць людзям, ратаваць іх здароўе і жыццё. Жадаю вам нескладаных будняў, спакою і гонару за сваю справу. Няхай усе медыцынскія работнікі працуюць пад мірным небам, а дома вас сустракаюць родныя і блізкія людзі.

Дзмітрый Валянцінавіч перадаў ключы ад новых аўтамабіляў галоўнаму доктару Дзятлаўскай ЦРБ Віктару Яцкевічу.

Віктар Казіміравіч таксама адрасаваў спонсарам словы ўдзячнасці за падтрымку медыцынскай сферы:

– Вы падарылі медыкам Дзятлаўшчыны не проста матэрыяльныя каштоўнасці, а радасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Аўтамабілі і абсталяванне будуць служыць на карысць здароўю дзятлаўчан, а самі спецыялісты будуць аказваць медыцынскую дапамогу ў больш камфортых умовах. Ад усіх нас выказваю вялікую ўдзячнасць. Будзьце здаровымі вы і вашы працоўныя калектывы.

Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і ксёндз Казімір Ляховіч памаліліся за ўсіх прысутных і асвяцілі новыя аўтамабілі на доўгую надзейную службу на карысць медыцыны, а іх вадзіцеляў – на бяспечную работу.



