На Свіслаччыне жыве 113-гадовая бабуля

На Свіслаччыне жыве 113-гадовая бабуля

Равесніца XX стагоддзя, 113-гадовая Вольга Урбановіч і зараз любіць спяваць...

Равесніца XX стагоддзя, 113-гадовая  Вольга  Урбановіч  і зараз любіць спяваць.

Пад настрой спявае ўнучцы Ніне пра тое, як “Казак заўздаў каня”, “Там над гаем зеляненькім”, “Гаварыла мне маці па начам не гуляці”, і пра долю: “У каго дачок сем, то ёсць доля ўсім, а я ў вас адна – доленька жадна”.

– Старажытных беларускіх песень бабуля ведае многа, – расказвае Ніна Уладзіміраўна Салавей, у сям’і якой у Ваўкавыску жыве Вольга Андрэеўна. – Я нават прашу падчас, каб паспявала, а сама бяру лісток паперы ды ручку і хутчэй запісваю. Спяшаюся, тады  бабуля спрабуе дыктаваць…У маладосці яна была галасістая, спявала на ўсю вёску. І ў маёй мамы быў прыгожы голас. Каб тады іншы час быў, дык можа артысткамі сталі б…

Нарадзілася Вольга Андрэеўна (дзявочае прозвішча Шмыга) на Свіслаччыне, у пушчанскай вёсцы Дабраволя. Сям’я жыла на хутары. Прыгожыя мясціны тут, лясныя, гаючыя. Мо таму і надалі яны крэпасць сіл Вользе Андрэеўне, век яе прадоўжылі – хто ведае…

Хаця ў жыцці прыйшлося шмат што перажыць. Вольга Андрэеўна не можа і сёння забыць ваеннае ліхалецце. Муж Мікалай быў на фронце, а яна з трыма дзяцьмі выжывала, як магла…

…У ліпені 1941 года  322-гі нямецка-фашысцкі карны батальён размясціўся на сядзібе Белавежа, у былым царскім палацы. Белавежа стала рэзідэнцыяй нямецкай акругі, у якую акупанты ўключылі вёскі Броўск, Ціхаволю, Дабраволю, Глыбокі Кут, Янава, Язвіны, Качкі, Каралёў Мост, Рудню, Тушамлю, Тушамлянку і іншыя.

Першым і галоўным заданнем карнікаў было высяленне людзей з вёсак, што знаходзіліся ў пушчы, і ліквідацыя населеных пунктаў. Прыйшлося пакінуць хутар з нажытым і Вользе Андрэеўне…

Дзякуй Богу, Мікалай вярнуўся з вайны. Перабудоўваліся ўжо ў Дабраволі. Мікалай працаваў конюхам у ветэрынарнай лячэбніцы, а Вольга Андрэеўна ў мясцовым калгасе паляводам. І бульбу капала, і сена сушыла, і лён паднімала, жыта жала… У вольную хвілінку за грыбамі–ягадамі ў пушчу бегала, каб якую капейчыну зарабіць. Усё ўмелі яе натруджаныя  ад несканчонай працы мазолістыя рукі. З калгаса і на пенсію выйшла.

Здавалася б, жыць ды жыць. Толькі лёс рыхтаваў для бабулі Вольгі новыя выпрабаванні. Пакінуў гэты свет муж, а потым і трое дзяцей і столькі ж унукаў.
Сагнулася пад цяжарам страт Вольга Андрэеўна, затуманіліся яе светлыя вочы…

– Наша бабулька, – гаворыць Ніна Уладзіміраўна не бачыць, недачувае. Дарэчы, і маці яе была сляпая на старасці (памерла, пражыўшы 97 гадоў). А ў бальніцы толькі тры разы была. Калі на грыжу аперацыю рабілі, калі вочы лячыла, а апошні раз – гадоў дванаццаць таму назад яе раптоўна паралізавала. З паўгода мы яе выходжвалі. І вось, дзякуй Богу, паднялася на ногі.

Ніна Уладзіміраўна забрала бабулю пасля інсульту ў сваю сям’ю. Цяпер яна жыве ў Ваўкавыску. І цешыць сваю ўнучку, якая таксама ўжо на пенсіі, не толькі песнямі.

– Гэта рэдкай дабрыні чалавек, – гаворыць Ніна Уладзіміраўна. – Яна стараецца, каб усім было добра, спагадлівая, памяркоўная, калі трэба, і параду карысную можа даць. А ўжо памяць…Каб усім такую! Усіх сваіх унукаў-праўнукаў помніць…

Дарэчы, наша бабуля, бадай, самая багатая ў Беларусі, бо мае 11 унукаў, 21 праўнука і 19 прапраўнукаў ( ды яшчэ два зараз у дарозе). Прадстаўнікі яе роду, карані якога ў пушчанскай Дабраволі, жывуць у Гродна, Калінінградзе, Мінску, Ваўкавыску, аграгарадку Поразава Свіслацкага раёна, і, вядома ж, у роднай Дабраволі. Працуюць на самых розных пасадах.

Сваю бабулю-прабабулю-прапрабабулю не забываюць. Наведваюць, тэлефануюць і нават на вяселлі і народзіны запрашаюць. Ды гады не тыя…

– Наша бабуля яшчэ духам моцная, – гаворыць Ніна Уладзіміраўна. – Спадзяемся яе 114-годдзе адзначыць у маі. Прыязджайце…
Редакция газеты «Гродненская правда»