Чым цікава вёска Казарэзы, што на Гродзеншчыне?

Чым цікава вёска Казарэзы, што на Гродзеншчыне?

На Гродзеншчыне ёсць вёскі Казарэзы ў Ашмянскім і Шчучынскім раёнах, Казловічы ў Гродзенскім і Зэльвенскім раёнах, вёска Казлоўшчына ў Ашмянскім раёне і аднайменны гарадскі пасёлак у Дзятлаўскім раёне, вёска Казлы ў Бераставіцкім, Казляны ў Воранаўскім, Казулішкі ў Шчучынскім, Казяны ў Ашмянскім раёнах.

На нядоўгай, усяго ў 725 метраў вуліцы знаходзім дыхтоўную будыніну вясковага старасты Багдана Копача. 65-гадовы гаспадар завіхаецца на дрывяніку – горка пераколатых паленцаў расце. Яго жонка Ірына Эльяшаўна таксама занятая клопатамі пра ацяпленне.

– У Казярнікі хутка правядуць газ, – паведамляе яна нам. – Я займаюся арганізацыяй і грошы збіраю. Ужо заказалі праект, аплацілі экспертызу. Па вясне абяцалі газаправод правесці.

На маё здзіўленне грамадскай актыўнасцю пенсіянеркі Ірына Эльяшаўна адказвае:

– Дык хто ж паклапоціцца пра нашых «адуванчыкаў», калі не мы з мужам. Дзеці ў кожнага па гарадах, а мы ж яшчэ маладыя пенсіянеры – мне 62, мужу 65.
За кубачкам кавы гаспадары расказалі пра жыццё-быццё ў вёсцы. Багдан Эдуардавіч жыве тут з двухгадовага ўзросту, таму ў яго тут і малая радзіма, і вялікі свет.

– Як прыйшоў працаваць у тагачасны калгас загадчыкам гаража, так і адпрацаваў усё жыццё. Адзіны запіс у працоўнай кніжцы, – тлумачыць жонка.
– Запісаў некалькі, – папраўляе яе Багдан Эдуардавіч. – Спачатку ў «Запаветах Леніна» працаваў, потым у «Светлым шляху» і нарэшце ў «Жодзішках». Назвы мяняліся, а мая пасада заставалася нязменнай.

Вялікай вёскай Казярнікі ніколі і не былі, але раней у кожнай хаце шмат дзяцей было, таму ў школу ў Жодзішкі выпраўляліся вялікім гуртам. Зараз тут 22 хаты і жыхароў таксама 22. Чацвёра школьнікаў, а працаздольных і пенсіянераў пароўну.

Багдан Копач вельмі ганарыцца, што ў вёсцы няма пустуючых дамоў і дач. Тыя хаціны, якія гаспадары пакінулі, адышоўшы на той свет, ні адзін з гарадскіх нашчадкаў не прадаў – афармляюць на сябе, прыязджаюць, добраўпарадкоўваюць. Хоць попыт на хаты тут ёсць – Вілія ж побач, а ажыўленая аўтатраса хоць і блізка, але не праз вёску, таму цішыня і свежае паветра для адпачынку забяспечаныя.

– Раней у вясковых гаспадароў 54 каровы былі, а зараз адна на ўсю вёску карова, – вясковы стараста ніводнага слова не скажа без жартачкаў-прымавак.
– А козы ёсць? – пытаюся, узгадаўшы пра сімвал надыходзячага года.

–  У нас няма, а ў вясковых гаспадароў дзве казы. Адну пенсіянерка трымае, а другую – Юрый Рогач. У яго маленькія дзеці, ім малако патрэбна.

Юрый аказаўся сапраўдным вясковым гаспадаром. Разам з жонкай Алесяй апрацоўваюць 50 сотак зямлі, трымаюць гаспадарку. Маюць дзвюх дачок.

Дзесяцімесячная Віка, дачка Алесі і Юрыя, – самая маладая жыхарка Казярнікаў. Дзяўчынка ніколькі не спалохалася казы Лізы, якую вывеў з хлява «для фотасесіі» гаспадар, наадварот, даверліва працягвала да яе ручкі і спрабавала зрабіць крокі насустрач.
http://grodnonews.by/uploads2/kazyarniki.jpg

Не маглі мы мінуць хату і яшчэ аднаго гаспадара з Казярнікаў. Механізатар Іван Рогач праславіўся сваёй любоўю да… бульбы. Здаецца, няма такога факта, які ён не ведае пра гэту культуру. Разводзіць самыя новыя гатункі, ведае, які куст найперш выкапаць, каб знайсці большыя клубні.

З Казярнікаў мы кіруемся бліжэй да Смаргоні, дзе ўздоўж шашы расцягнулася вёска з пяшчотна-смешнай назвай Казяняты.

Дзве казы ў Казянятах – іх трымае на падворку 75-гадовая Казіміра Дзёміна. Сама гаспадыня дрэнна сябе адчувае пасля перанесенага інсульту, таму догляд за козамі і іншай скацінай – клопат яе мужа і сына.

– Я малака казінага не п’ю, купляем у вёсцы кароўе, – расказвае Казіміра Станіславаўна. – Дзвюх козачак трымаю, малаком катоў і шчанюкоў паю. 
Казіміра Станіславаўна вырасла ў Казянятах, на мясцовых могілках пахаваныя яе матуля, бабуля і больш далёкія продкі. Але версій пра паходжанне назвы і вясковых легенд яна не ўспомніла.

Старэйшая жыхарка Казянят 85-гадовая Мар’яна Садоўская сустракае нечаканых гасцей – журналістаў з вясковай гасціннасцю, запрашае ў хату, а пачуўшы прапанову сфатаграфавацца, дастае з шафы святочную хустачку. Мар’яна Пятроўна ўсё жыццё, ад нараджэння пражыла ў Казянятах. Па расказах бацькоў ведае, што падчас Першай сусветнай вайны вёска была «пад немцам», уся пагарэла, толькі пару дамоў засталося. Адбудоўвацца пагарэльцы пачалі на новым месцы.

Мар’яну Пятроўну лёс не песціў – трыццаць восем гадоў таму яна аўдавела.

– Старэйшы сын тады ў дзясяты клас хадзіў, а малодшаму, Эдзіку, толькі дзесяць гадоў было. Але, дзякаваць Богу, усіх выгадавала, усім адукацыю дала, – ганарыцца дзецьмі Мар’яна Пятроўна. – Старэйшы сын – доктар навук, у Маскве жыве, дачка ў Літве, а малодшы на Астравеччыне старшынёй СВК працуе. Ён найбольш і клапоціцца пра мяне, штотыдзень бывае.

Невялікія Казяняты маюць сваю адметнасць. Сярод 39 жыхароў 25 мужчын і 14 жанчын, а сярод людзей працаздольнага ўзросту 15 мужчын і толькі 4 жанчыны, таму Казяняты можна назваць вёскай халасцякоў.

У Казянятах жыве першы на Смаргоншчыне фермер, да якога мы і завіталі ў госці.

– Фермерам я стаў у 1991 годзе, калі яшчэ мала хто рызыкаваў заняцца гэтай справай, – распавядае Іосіф Шулюк. – Да гэтага загадваў фермай у Казянятах, таму разводзіць буйную рагатую жывёлу ведаў як. Спрабаваў і трусоў разводзіць, і авечак, і свіней. Зараз у фермерскай гаспадарцы семдзесят галоў буйной рагатай жывёлы, ды вось нядаўна авечак купілі. Маю больш ста гектараў зямлі, вырошчваю зерневыя, каб было чым скаціну карміць. Земляробчую тэхніку ўсю купілі сваю, зараз у планах пабудаваць новае памяшканне для фермы.

Жонка Іосіфа Шулюка Аксана – і даярка, і бухгалтар, і юрыст, і ветэрынар.

– Калі сама падаю кароўку, ведаю, што ўсё зрабіла як трэба, – расказвае Аксана. – У мінулым я банкаўскі работнік, таму з фінансамі і падаткамі ў мяне поўны парадак, а вось кароў даіць навучылася 9 гадоў таму, калі памяняла гродзенскую прапіску на вясковую. І ніколькі аб гэтым не шкадую.

 Не прыжыўся ў горадзе і вярнуўся ў родныя Казяняты і кіраўнік фермерскай гаспадаркі «ГеЛеНіЗа». Не варта шукаць ў слоўніках тлумачэння гэтага слова – сваю гаспадарку Генадзь Шулюк назваў па першых складах імён сваіх сямейнікаў – Гены, Лены, Нікіты і Захара.

Генадзь, як і бацька, займаецца жывёлагадоўляй – на падворку яго дома ўзведзена памяшканне для жывёлы. Працуюць тут усёй сям’ёй, Асабліва шчыруе малодшы сын, дзесяцігадовы Захар, пра якога бацька кажа: абавязкова фермерам будзе. У шэсць гадоў хлапчук навучыўся вадзіць трактар, а зараз можа ўпраўляцца з любой тэхнікай. Спадзяёмся, што пашанцуе Захарку, як, прынамсі, і іншым жыхарам Казянят і Казярнікаў у год Казы.

Дарэчы, да 1971 года на Смаргоншчыне была яшчэ адна «казіная» назва – Казароўшчына. Валодалі маёнткам з такой назвай Ластоўскія. На мясцовых могілках краязнаўцы нядаўна знайшлі магілы Стэфана Ластоўскага і яго жонкі Гіпаліты. Найбольш вядомы з Ластоўскіх – сын Стэфана Вацлаў, вядомы даследчык прыроды, прафесар Віленскага і Познанскага ўніверсітэтаў.
Редакция газеты «Гродненская правда»