Беларускае роднае слова. Разважаем, якое месца займае беларуская мова ў нашым грамадстве

Беларускае роднае слова. Разважаем, якое месца займае беларуская мова ў нашым грамадстве

Сёння адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы.

“Братцы мiлыя, дзецi Зямлi-маткi маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамi пагаварыць трохi аб нашай долi-нядолi, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самi, да i не адны мы, а ўсе людзi  «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай», – так звяртаўся да суайчыннікаў у 1891 годзе беларускі паэт Францiшак Багушэвiч у прадмове да аднаго са сваіх вершаваных зборнiкаў. 

Працягваючы думку песняра, напраўду хочацца яшчэ раз пагаварыць пра нашу родную беларускую мову. Тым больш, што для гэтага ёсць добрая нагода. Як вядома, 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтае свята мае на мэце заахвоціць да лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама паспрыяць усведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, талерантнасці і дыялогу. Далучаецца да гэтага свята і наша краіна Беларусь, імкнучыся нагадаць, што наша беларуская мова – адна з самых старажытных, мілагучных моў. 

Родная мова… Яе часта называюць, дадаючы слова матчына. Гэтак шаноўна і ласкава называе народ свой неацэнны духоўны набытак. Такія блізкія і зразумелыя словы злучаюць нас з продкамі, з памяццю стагоддзяў. Яно, роднае слова, можа вярнуць надзею і даць спачын спакутаванай душы.

Жывая мова нашага народа зіхаціць і ззяе бліскучымі іскрынкамі ўсіх адценняў і колераў вясёлкі. Толькі на роднай мове можна так зразумела, так пяшчотна сказаць і першае слова «Матуля», і палымянае «Я цябе кахаю». Любыя пачуцці, любы стан душы можна выказаць такой мовай: не будзе сорамна – будзе прыгожа.  

Мінулі ў даўніну часы, калі беларуская мова была амаль забыта, былая яе слава растаптана, і не дзіва, што часта гучаў у вершах беларускіх паэтаў матыў трывогі за яе будучыню.

I ўсё-такі сённяшні дзень гаворыць аб іншым. Не быў бы беларускі народ сабой, калі б дазволіў адбыцца такой з'яве. Беларускае слова гучыць на вуліцах гарадоў, у транспарце, у навучальных установах. У школах, у садках тысячы  дзіцячых галаскоў вітаюць словамі "Добрай раніцы!", "Добры дзень!"  кожную новую раніцу і дзень у жыцці нашай рэспублікі. Мы цяпер вольныя ў выбары мовы, і хоць ў нас яшчэ не вырашана шмат праблем, праз мову мы вярнулі сваю культуру, гісторыю, радзіму. 

Сёння ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. І вельмі крыўдна, што палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны ў сусвеце Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтую ініцыятыву  ЮНЕСКА падтрымала і наша Беларусь.

Гэтае свята – нагода для носьбітаў беларускай мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, на якой размаўлялі нашы продкі і якую мы завём тытульнай мовай нацыі. Сёння наша родная мова абараняецца заканадаўствам, яна абслугоўвае розныя бакі грамадскага жыцця, падтрымліваецца моладдзю, і мы ўпэўнены ў тым, што яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, якія могуць знікнуць. 

Венгерскі матэматык і лінгвіст Андраш Корнай апублікаваў у 2013 годзе навуковую працу «Лічбавая смерць моў». Ён вывеў спецыяльную метадалогію ацэнкі жыццяздольнасці мовы. Па яго сцвярджэнні, трэба ўлічваць, якая агульная колькасць носьбітаў  мовы, як яна выкарыстоўваецца ў новых галінах навукі і СМІ, ці мае мова дыялектную аснову і інш. Так вучоны змог вылучыць сусветныя мовы, якія знахо-дзяцца пад пагрозай вымірання, якія не ўжываюцца ў інтэрнэце і ў іншых сучасных носьбітах. Паводле яго разліку беларуская мова апынулася ў ліку бясспрэчна жывых.

Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе – павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе – значыць, не ўсё яшчэ страчана. 

Мова – жывая існасць, якая жыве там, дзе ёсць людское жаданне. Ведай: калі ўчора ты яшчэ ведаў ўсяго толькі некалькі беларускіх слоў, сёння паспрабуеш гаварыць на «трасянцы», а заўтра загаворыш на чыстай беларускай мове. А дзеля пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзіны дзень у год з калегамі, сябрамі, роднымі размаўляць па-беларуску.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!



Редакция газеты «Гродненская правда»