Імёны беларускіх грамадскіх, палітычных і культурных дзеячаў, якія набліжалі ўз’яднанне Беларусі

Гэтыя людзі вялі змаганне за правы свайго народа і набліжалі той самы гістарычны дзень уз'яднання.

Напярэдадні знакавай для нашай краіны даты – 17 верасня, Дня народнага адзінства – мы разам з Аляксандрам Горным, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы наведалі старыя гарадзенскія могілкі. Мэта нашага візіту была асаблівай: ушанаваць памяць выдатных беларускіх грамадскіх, палітычных і культурных дзеячаў. У цяжкія часы, калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы, гэтыя людзі, нягледзячы на пераслед і турмы, вялі змаганне за правы свайго народа і набліжалі той самы гістарычны дзень уз'яднання.

Грымі, не моўкні, мая ліра!..

photo_2026-09-16_15-26-48.jpg
Сімвалічна, што наша сустрэча адбылася 3 верасня. Бо менавіта 3 верасня 1960 года абарвалася жыццё славутага беларускага паэта і грамадскага дзеяча Міхася Васілька (сапраўднае імя – Міхась Касцевіч).

Лёс гэтага чалавека быў на-дзвычай складаным. Нарадзіўшыся ў 1905 годзе ў вёсцы Баброўня каля Скідзеля, ён яшчэ ў дзяцінстве падчас бежанства ў гады Першай сусветнай вайны застаўся без маці. Вярнуўшыся ў Заходнюю Беларусь, пачаў пісаць вершы на роднай мове. За гэта, а таксама за супраціўленне палітыцы паланізацыі і асіміляцыі, паэт пастаянна цярпеў пераслед. Яго хату не раз абшуквалі ў пошуках падпольнай літаратуры, ён часта трапляў за краты. Міхась Васілёк меў вельмі цяжкае жыццё: працаваў на зямлі, у перапынках ствараў свае вершы (у міжваенны перыяд ён змог выдаць два зборнікі). Неўзабаве пасля вяселля памерла яго маладая жонка, пакінуўшы на руках паэта малое дзіця.

 

Супрацоўнікі абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага праз падборку літаратуры дапамагаюць праліць святло на творчасць нашага земляка. 

Уся творчасць Міхася Васілька была прысвечана галоўнай тэме – вызваленню Заходняй Беларусі ад польскага прыгнёту, аб’яднанню беларускіх зямель. 

Усё, што ў жыцці я перажыў 

і зведаў,

Мне легла на душу жывым, 

глыбокім следам…

Звіні, мая струна, і

грай пявуча, шчыра,

Грымі аб долі брата, мая ліра!

Ты ласкаю дыхні 

ў яго збялелы твар, 

Надзею сэрцу дай 

і сонцам глянь з-за хмар,

І пакажы братам шырокі шлях 

да волі, 

І з шляху гэтага 

не дай сысці ніколі.

Хай песня струн тваіх звініць 

ад сэрца шчыра, –

Грымі, не моўкні, мая ліра!..

Ён пісаў пра “долю брата”, якая была і яго доляй. Доляй творцы, талент якога абудзіўся на ўздыме заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху сярэдзіны 1920-х гадоў. Творцы, які, як ён сам згадваў, “вершы пісаў пераважна за працай – аручы, косячы, жнучы, возячы снапы, малоцячы і г.д.”. У яго вершах былі і боль рэчаіснасці простых людзей, і заклікі да барацьбы, і крытыка польскай улады. 

Як паэт Міхась Васілёк заявіў аб сабе ў 1926 годзе. Друкаваўся ў віленскіх і беларускіх выданнях. Першы зборнік вершаў “Шум баравы” пабачыў свет у 1929 годзе. Рукапіс другога зборніка быў знішчаны ў 1935 годзе – “пры адным нечаканым налёце паліцыі”, як згадваў пазней Міхась Васілёк у аўтабіяграфіі: “шукалі камуністычную літаратуру <…> За кожны падазроны для паноў верш я атрымліваў пры паслядоўным допыце па твары і па галаве ўдары пісталетнай кольбай”. Аднак ці магло гэта спыніць творцу і сапраўднага беларуса? У 1937 годзе ў Вільні выйшаў зборнік “З сялянскіх ніў”, дзе на першае месца выходзіць паэтызацыя нацыянальна-вызваленчай барацьбы працоўных Заходняй Беларусі. 

Вось што пісаў пра творчасць нашага земляка Рыгор Шырма: “Его муза развивалась в Западной Беларуси и прошла тернистый путь вместе с народом. Она знает этапные дороги, по которым польский пан дубиною гнал белорусский народ и его творчество, стараясь похоронить за острожными решетками и освободительные идеи, и язык народа, и всю его культуру… Михась Василёк испытал на себе всю тяжесть панской «опеки». Он хорошо помнит тюрьмы, многочисленные обыски и аресты, на которые паны не скупились…”.

Паэтычныя радкі Міхася Васілька асабліва адгукаліся ў сэрцах простых людзей. Многія нават сталі песнямі, іх ведалі і выконвалі ў мястэчках, чыталі на сходах і мітынгах. Асаблівую вядомасць набыў верш “У бой на акупанта” – ён быў папулярнай песняй нацыянальнага падполля Заходняй Беларусі. 

Так склалася, што Міхась Васілёк не стаў непасрэдным удзельнікам падзей 1939 года, калі спраўдзілася мара тысяч беларусаў, а нашы землякі нарэшце высвабадзіліся з-пад польскага гнёту.

Напрыканцы лета 1939 года ў сувязі з пагрозай вайны ён як грамадзянін Польшчы быў прызваны жаўнерам, пасля нападу Германіі ў адным з першых баёў трапіў у нямецкі палон, адкуль уцёк у 1941 годзе. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў удзельнікам антыфашысцкай падпольнай арганізацыі Скідзельшчыны, кіраўніком Скідзельскага раённага антыфашысцкага камітэта, пасля партызанскім сувязным, разведчыкам.

Пасля вайны працаваў у рэдакцыях розных газет, у тым ліку быў літкансультантам у «Гродзенскай праўдзе».

І да апошніх дзён свайго жыцця Міхась Васілёк быў сынам свайго народа – адданым і любячым. Запаленая на яго магіле знічка стала сімвалам нашай памяці пра гэтага выбітнага чалавека.

Радкі.png

Смаргонь. Калаж са здымкаў у ілюстраванай газеце.1939 год.

Жыццё – чарада змаганняў і арыштаў

Ідучы далей па могілках, гісторык звярнуў увагу на лёсы іншых дзеячаў, чыё жыццё было пакладзена на алтар беларускай ідэі.

Сярод іх – Мікалай Якімовіч (нарадзіўся ў 1896 г.). Усё яго жыццё – гэта чарада змаганняў і арыштаў. У 1917 годзе ён атрымаў цяжкія раненні на фронце. Вярнуўшыся ў Гродна, стаў актыўным абаронцам беларускіх інтарэсаў. Польскія ўлады арыштоўвалі яго ў 1919, 1920 і 1922 гадах за сувязі з беларускімі дзеячамі і распаўсюд літаратуры.

Як кіраўнік павятовага камітэту Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), Якімовіч быў асуджаны ў 1928 годзе па знакамітай «справе 56-ці». Ён адбываў пакаранне ў цяжкіх умовах Равіцкай турмы. Яго вызвалілі 20 сакавіка 1929 года, але здароўе было канчаткова падарвана – ён памёр ад сухотаў у Гродзенскім шпіталі ўсяго праз чатыры дні пасля вызвалення.

Побач у гістарычным летапісе стаіць імя Аляксандра Сінілы. Яшчэ ў 1919 годзе ён выступіў ініцыятарам адкрыцця беларускай школы ў вёсцы Бершты. У 1922 годзе вылучаўся кандыдатам у дэпутаты польскага сейма ад беларускага насельніцтва Гродзеншчыны. З'яўляючыся дзеячам БСРГ, ён правёў шэсць гадоў (1930-1936) у Гродзенскай турме, а ў 1939 годзе быў кінуты ў сумнавядомы польскі канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай.

Вялікі ўклад у захаванне беларускага слова і культуры ўнёс журналіст Дзмітрый Кулакоўскі (нарадзіўся ў 1903 г.). Ён быў карэспандэнтам такіх беларускіх газет, як «За працу», «Голас працы» і «Зара працы». З'яўляючыся сакратаром Гродзенскай акруговай управы Таварыства беларускай школы (ТБШ), ён пастаянна сутыкаўся з рэпрэсіямі. Улады баяліся яго ўплыву настолькі, што нават пасля таго, як Кулакоўскага абралі ў Гродзенскую гарадскую раду ад беларускага насельніцтва, ён неўзабаве зноў быў арыштаваны. Кулакоўскі быў адным з аўтараў гістарычнай аднадзёнкі «Пралом», увесь наклад якой польскія ўлады канфіскавалі ў 1929 годзе.

Нельга не згадаць і такіх падзвіжнікаў, як настаўнік Аляксандр Аршун, які кіраваў дзіцячым прытулкам і ладзіў беларускія спектаклі, ды Мікалай Андрушэвіч, які выкладаў у адзінай на той час беларускай школе ў Гродне.

Гэтыя людзі не шукалі славы і спакойнага жыцця. Яны ахвяравалі сваёй свабодай, здароўем, а часам і жыццём дзеля таго, каб беларусы маглі звацца нацыяй, вучыцца на роднай мове і жыць у адзінай краіне. Запальваючы знічкі на іх магілах, мы разумеем: гістарычная справядлівасць 17 верасня 1939 года была б немагчымай без іх штодзённага мужнага подзвігу. І памяць пра іх павінна жыць у нашых сэрцах.

photo_2026-09-16_15-26-49.jpg

Смаргонь. Валянцін Катаеў на сустрэчы з гараджанамі. Кастрычнік 1939 года.

Сафія Яновіч, Таццяна Кузнячэнкава

“Пілую вершам краты”

Яшчэ адзін наш вядомы зямляк-паэт Валянцін Таўлай ужо ў 7-гадовым узросце ўсведамляў розніцу паміж сапраўднымі беларусамі і палякамі, на сабе адчуў прыгнёт беларускага насельніцтва. Хаця, у адрозненне ад большасці дзяцей Заходняй Беларусі, атрымліваў адукацыю – вучыўся ў Лідзе ва ўсеагульнай школе. Школа, зразумела, была польскай.

photo_2026-09-16_15-26-48 (2).jpg
“Цяжка было ў школе, пакуль з большага абцёрся. “Кто ты естэсь? – Поляк малы!”. Добра было гаварыць гэтак дзецям новапрыбыўшых “на крэсы” польскіх чыноўнікаў. Ну, а мне, малому “кацапу”, які смешна выгаворвае “тшава” (трава), – хоць па арыфметыцы і развіцці – больш чым на год уперадзе ўсіх?..” – пісаў праз гады Валянцін Таўлай ва ўспамінах. Вось і падчас вучобы ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі ўжо 11-гадовы падлетак быў катэгарычны: “Я – беларус”. 

З прычыны ўдзелу ў арганізацыі вучнёўскай забастоўкі ў Віленскай беларускай гімназіі яго адлічылі. Юнак заняўся падпольнай камсамольскай дзейнасцю, за што быў арыштаваны.

Пэўны час Валянцін Таўлай жыў і працаваў у Савецкай Беларусі, але ў 1932 годзе зноў перабраўся ў Заходнюю – дзеля таго, каб працягваць змагацца за лепшую долю народа. Ён стаў членам Цэнтральнай рэдакцыі пры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў Варшаве, быў адным з фактычных рэдактараў “Беларускай газеты”, з паплечнікамі стварыў Літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў.

У 1934-м, калі зноў пераходзіў польска-савецкую мяжу, яго арыштавалі, далі 8 гадоў турмы. З-за кратаў Гродзенскай турмы творцу вызвалілі рабочыя ў 1939 годзе.

Творчы шлях Валянціна Таўлая пачаўся сярод актыўных барацьбітоў за лепшую долю для Заходняй Беларусі. Тэма змагання наскрозь працінае яго вершы і паэмы. 

У 1928 годзе ў газеце “Сіла працы” быў надрукаваны яго верш “Жаданне”, праз які мы бачым аўтара з абвостраным сацыяльным пачуццём. 

Хай затрашчыць 

пад буры шквал 

Ланцуг, які Зямлю скаваў;

На гром нябёс – 

маланак гоман –

Народ Зямлі адкажа громам.

У яго вершах гучаў голас барацьбіта. Таго, хто гібеў у Лукішках, каго ламаў, але не мог зламіць гродзенскі астрог… 

Я – камунар! 

Такіх, як я, – нямала

На нашай стогнучай 

спакон вякоў зямлі.

Ні разу нас магнаты 

не зламалі,

турма і шыбеніца не змаглі.

Жыццём і прызваннем Валянціна Таўлая была рэвалюцыйная дзейнасць і творчасць, бо аўтар усёй маладой душою верыў у сілу паэтычнага радка: “…я заўзята і даўно пілую вершам краты”. Яго творы ўздымалі на барацьбу, давалі сілы, узрушвалі ў сэрцах простых людзей праведны гнеў, абуджалі да дзейнасці і дапамагалі не скарыцца на шляху да свабоды. 

Валянцін Таўлай памёр у красавіку 1947 года, пахаваны ў Мінску. Неўзабаве пасля смерці пабачыла свет кніга яго вершаў “Выбранае”…

Таццяна Мастоўская

Обращаем внимание, что использование наших материалов, согласно Закону Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах», возможно только при указании автора («Гродзенская праўда») и ссылки на первоисточник (конкретную статью на сайте), если письменно Ваше издание не уведомлено об ограничениях в использовании нашей информации.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»