Дзятлаўчане ўшанавалі памяць вязняў фашысцкіх канцлагераў (+відэа)
Патрыятычная акцыя “У памяці няма межаў”, прысвечаная міжнароднаму Дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, прайшла каля мемарыяла “Дзеці ліхалецця”, які знаходзіцца на гарадскіх могілках, распавядае diatlovonews.by.

Да прысутных звярнуўся Аляксандр Бараноўскі, старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў:
‒ Больш за ўсё людзей загінула не на франтах, а ў лагерах смерці. Вязні канцлагераў, якія прайшлі страшны шлях рабскай працы, катаванняў і голаду, беражліва захоўваюць гэтую памяць і перадаюць яе падрастаючаму пакаленню, каб усе памяталі, якой цаной дасталася Вялікая Перамога. Жахі, якія прынёс нам фашызм, ніколі не павінны быць забытымі, каб людзі прыкладалі ўсе намаганні для захавання мірнага жыцця і чыстага неба над галавой.

Школьнікі нагадалі прысутным пра фашысцкія канцлагеры, у якіх падчас вайны па розных падліках загінула ад 5 да 7 мільёнаў чалавек.
Вельмі хвалююча прагучаў верш, прысвечаны гэтым падзеям тых страшных гадоў.


Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся і прадстаўнікі духавенства.


Затым дзеці запалілі свечкі, і ўсе прысутныя ўшанавалі памяць аб загінулых хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі да мемарыяла “Дзеці ліхалецця”.


