Экспедыцыя “Дарога да святыняў”, прымеркавая да Дня беларускага пісьменства, стартуе 3 верасня

Сярод удзельнікаў экспедыцыі – святары, дзеячы культуры, навукоўцы.

IMG_4827.JPG

ХХХІІ Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да Святыняў" будзе праходзіць з 3 па 7 верасня. Традыцыйна пачнецца яна ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Пасля ўдзельнікі направяцца на Святое Поле каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна – на месца яўлення Адзігітрыі Экспедыцыі, Загор’е-Сталавіцкай іконы Божай Маці. Далей маршрут будзе пралягаць па Гродзеншчыне – удзельнікі наведаюць Зэльвенскі, Дзятлаўскі, Ашмянскі, Іўеўскі раёны, а 6 верасня прыбудуць у Ліду, сталіцу сёлетняга свята беларускага пісьменства. Праедуць удзельнікі 777 кіламетраў і к канцу гэтай экспедыцыі сімвалічна перасягнуць мяжу ў 40 тысяч кіламетраў – экватар Зямлі.

За час, што ладзіцца экспедыцыя, сумарна Хрэснымі хадамі Духоўнасці прайшлі 3 мільёны 114 тысяч вернікаў, агулам у мерапрыемствах паўдзельнічалі 5 мільёнаў 440 тысяч чалавек.

IMG_4848.JPG

Як распавёў кіраўнік экспедыцыі Аляксандр Лапата-Загорскі, дэвіз застаецца нязменным – гэта словы Сяргея Раданежскага “Единством и любовью спасёмся”, а мэты ўдзельнікаў – даць раёнам адчуць непаўторную атмасферу, якая будзе панаваць на свяце беларускага пісьменства.

– Усе гэтыя годы мы яднаем Беларусь, наведваем новыя і новыя раёны. Але ў пэўны час зразумелі, што ўжо пабывалі ва ўсіх куточках нашай краіны, – адзначыў Аляксандр Лапата-Загорскі. – Сёння прыемна адзначыць, што зярняткі, якія мы пасеялі 20-30 гадоў таму, прарастаюць і даюць вынікі. “Дарога да святыняў” – гэта арганічнае спалучэнне работы асветніцкай і духоўнай. Гэта магчымасць дакрануцца да беларускага слова і беларускай духоўнасці, да душы беларускага народа.

IMG_4843.JPG

Духоўны складнік экспедыцыі – гэта ў тым ліку Хрэсны ход, пасадка Садоў Малітвы, раздача Благадатнага агню, малебны ў храмах. Таксама ў раёнах будуць працаваць мабільныя асветніцкія групы, яны наведаюць бальніцы, прадпрыемствы, дзіцячыя дамы, дамы пажылых людзей, сустрэнуцца з жыхарамі і правядуць духоўна-асветніцкія сустрэчы. Запланаваны навуковыя канферэнцыі, а ў школах – урокі беларускага пісьменства. Традыцыйна будуць арганізаваны выставы, творчыя сустрэчы і вечары.

Сярод удзельнікаў экспедыцыі – святары, дзеячы культуры, навукоўцы.

– Мяркуем, што ўдзел у экспедыцыі возьме народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, пастаянны наш удзельнік літаратуразнаўца і пісьменнік Сцяпан Лаўшук. Спадзяёмся, будуць таксама такія творцы, як Генадзь Пашкоў, Вадзім Спрынчан, – распавёў Аляксандр Лапата-Загорскі.

Не абміне экспедыцыя і тэму 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На маршруце Благадатным агнём ад Гроба Гасподня будуць асвячацца помнікі славы і мужнасці нашага народа. Каля магільных пахаванняў загінуўшых воінаў і партызан папярэдніх войнаў – служыцца памінальныя Ліціі.

Гродзеншчына для ўдзельнікаў экспедыцыі – асаблівы рэгіён. Бо менавіта тут бласлаўленне Благадатным агнём атрымліваюць і праваслаўныя і каталікі, што яшчэ раз падкрэслівае: у нас розная вера, але мы адзін народ. І яднае нас наша слова, наша душа.

IMG_4802.JPG

Аляксандр Лапата-Загорскі прыгадвае колькі цікавых  выпадкаў з гісторыі экспедыцыі менавіта на нашай зямлі.

Сталічных Творцаў-удзельнікаў экспедыцыі таксама ўзбагачаюць такія сустрэчы. І нават дораць натхненне. Як гэта адбылося ў Гродне 10 гадоў таму.

– Зранку высаджваўся Сад Малітвы, месцам пасадкі стаўся маляўнічы парк ля Каложскай царквы – і вось калі прыспела пара адпраўляцца далей па маршруту, выявілася, што прапаў Міхась Башлакоў. Хвілін праз дзесяць хтосьці такі заўважыў паэта, той задумліва праходжваўся бліз Нёмана, ля самай вады, – узгадвае Аляксандр Лапата-Загорскі. – Месяцы прайшлі, пакуль Міхась Захаравіч прызнаў: “Так, крыху вінаваты, затрымаў усіх. Але трыццаць гадоў не давалася завяршэнне паэмы, і вось ля Каложы самі сабою паліліся словы: Шлях падымаецца ўгору… // На кручы нёманскай Каложа // З сівых стагоддзяў як знак Божы. // Унізе Нёман абмялелы, // Як век наш хуткі, ўдаль імкнецца. // Стаю. Малюся. // Светлы Божа, // Пашлі, прашу, маёй Айчыне, //Стамлёнай, горкай і збалелай, // Збавенне ад грахоў бясконцых, //Ад абыякавасці нашай, // Ад чэрствасці людской і звадак, // Пашлі сумленне і спагаду”.

– Дзятлаўшчына, год 2008, г.п. Наваельня, мнагалюдны Хрэсны ход па вуліцах. І вось бачым нейкую відавочна афіцыйнага выгляду будыніну. Група лампаднікаў зацікаўлена пытае, што там знаходзіцца. У адказ гучыць: сацыяльны прытулак. Нягожа, калі Благадатны агонь мінае тых, хто пазбаўлены сіл сам выйсці да Яго. Хутка збіраецца ініцыятыўная група, яшчэ праз хвіліну ў палатах пачынаюць гучаць вершы, музыка, з пастаяльцамі госці дзеляцца святочным настроем, іконкамі, свечкамі… Ужо пад завяршэнне імправізаванай сустрэчы прыходзіць галоўрач, заглядвае ў пакоі. І на выхадзе даганяе лампаднікаў, расчулена прамаўляе: “Ніколі сваіх такімі не бачыў. Ведаеце, што вы толькі што зрабілі? Вы ім усім па дзесяць гадоў жыцця дадалі.” З таго часу наведванне бальніц і сацыяльных прытулкаў – важкі абавязак Экспедыцыі.

Экспедыцыя зноў будзе шчыраваць на Гродзеншчыне. Завітвайце, далучайцеся. Калі планы спраўдзяцца, у Лідзе сумарны кіламетраж паездак дасягне 40 тысяч кіламетраў. Сімвалічны экватар, што ўтвораны выключна беларускімі дарогамі і шляхамі. Нашымі шляхамі да святыняў. І адна з іх – наша беларускае слова.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»