Палац тэкстыльшчыкаў, гарадская гімназія, моладзевы цэнтр - непаўторная Гродзеншчына на старонках праекта "Бацькаўшчына"

Палац тэкстыльшчыкаў, гарадская гімназія, моладзевы цэнтр - непаўторная Гродзеншчына на старонках праекта "Бацькаўшчына"

У Год гістарычнай памяці стартаваў праект “Бацькаўшчына”.

Гродзеншчына – непаўторны куток беларускай зямлі з багатай гісторыяй. Кожны горад, кожная вёсачка тут дыхаюць таемнай спадчынай мінулага, якую нашы сучаснікі могуць вывучаць і даследаваць не толькі па папяровых гістарычных звестках, але і па фотаздымках.

У Год гістарычнай памяці ў Беларусі стартаваў сумесны гісторыка-культурны праект “Бацькаўшчына” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава. Пачатак праекту надало выданне аднайменнага календара, у якім прадстаўлены старадаўнія паштоўкі і фотаздымкі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў з асабістай калекцыі аўтара.

“Гродзенская праўда” падтрымала праект і, пачынаючы з 14-га нумара газеты, адкрывае цыкл фотапублікацый, прысвечаных гістарычнай спадчыне гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і вёсак Гродзеншчыны. 

Дарэчы, калекцыя Уладзіміра Ліхадзедава налічвае каля 50 тысяч экзэмпляраў. Многія ўнікальныя паштоўкі і фотаздымкі ўвайшлі ў кнігі-фотаальбомы аўтара, сярод якіх ёсць выданні, прысвечаныя гісторыі Гродна, Навагрудка, Ліды, Свіслачы, Слоніма, Смаргоні, Ашмян. У гэтым годзе плануецца, што пры падтрымцы Гродзенскага 
аблвыканкама ўбачаць свет яшчэ тры фотаальбомы пра Ваўкавыскі, Іўеўскі і Карэліцкі раёны.

Праект, безумоўна, унікальны і ставіць вельмі важную і актуальную задачу – вывучэнне, захаванне і папулярызацыю гістарычнай спадчыны беларускага народа. Ён складаў аснову XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-ярмаркі, якая праходзіла 23-27 сакавіка.

Моладзевы цэнтр «Гродна»





Моладзевы цэнтр «Гродна» з'явіўся на месцы кінатэатра з аднайменнай назвай. Адкрылі кінатэатр на 800 месцаў 22 студзеня 1961 года. У першы дзень у кінатэатры пабывалі больш за 4000 чалавек. У 1990-х пачаўся спад цікавасці да кіно. У 1999 годзе «Гродна» стаў канцэртнай залай абласной філармоніі, але ненадоўга. У 2002 годзе кінатэатр ізноў вярнуўся ва ўласнасць КУП «Гроднааблкінавідэапракат». Памяшканні здаваліся ў арэнду. Стан былога кінатэатра не даваў спакою. Пасля рэканструкцыі будынак поўнасцю абнавілі. Дзякуючы гэтаму ў Гродне з'явіўся першы не толькі ў вобласці, але і ў Беларусі шматпрофільны моладзевы цэнтр.

Палац культуры тэкстыльшчыкаў у Гродне

DPP_42449.JPG



Будынак былога клуба тонкасуконнага камбіната на плошчы Савецкай быў пабудаваны ў 1958 годзе. Палац культуры тэкстыльшчыкаў з'яўляўся культурным цэнтрам Гродна. Тут арганізоўваліся кінасеансы, мерапрыемствы для дзяцей, святочныя канцэрты, праводзіліся танцавальныя вечары для дарослых, ствараліся ансамблі і музычныя гурты. У канцы 60-х гадоў на сцэне палаца пачыналі сваю кар'еру «Песняры». У савецкі час перад галоўным уваходам падчас дзяржаўных свят усталёўвалася трыбуна, каля якой праходзілі святочныя калоны. Сёння палац на рэканструкцыі.

Гродзенская гарадская гімназія





Установа адукацыі была адкрыта ў снежні 1939 года. У 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна. Настаўнікі і вучні старэйшых класаў пайшлі на фронт, каб абараняць Радзіму ад фашыстаў. У гонар вучняў і настаўнікаў школы, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, на тэрыторыі школы ўзведзены памятны абеліск. Аднавіла сваю дзейнасць школа ў 1944 годзе з моманту вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 2008 годзе школа атрымала статус гарадской гімназіі.

Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт





Заняткі ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце пачаліся 1 кастрычніка 1958 года. Стварэнню інстытута дапамагалі вучоныя і ўрачы з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Таджыкістана, Кіргізіі. Першапачаткова выкарыстоўваліся прыстасаваныя будынкі, размешчаныя на Калгаснай плошчы, вуліцах Э. Ажэшкі і К. Маркса. Але ўжо ў 1960 годзе быў пабудаваны першы біялагічны корпус. У далейшым інстытуту быў перададзены адміністрацыйны корпус па вуліцы Горкага. Цяпер універсітэт мае 5 вучэбных карпусоў. Сёння яны набылі сучасны выгляд.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»