Гродзенскія печнікі робяць печы на сучасны лад па даўнім традыцыям

Кошт на печ пад ключ залежыць ад памеру і матэрыялаў.

Ёсць прафесіі, якія стагоддзямі застаюцца незаменнымі. Адна з іх – пячнік – чалавек, у чыіх руках халодная цэгла ператвараецца ў крыніцу цяпла і ўтульнасці. У Гро­дзенскай вобласці гэта мастацтва беражліва захоўваюць майстры Беларускага пячнога таварыства, перадаючы вопыт і традыцыі з пакалення ў пакаленне.

Калі цэгла «спявае»

Валерый Васілеўскі – прызнаны майстар-пячнік, хаця ў прафесіі восем гадоў. Быў прадпрымальнікам, займаўся бізнесам, але сапраўднае прызванне знайшоў у пячной справе. Усё пачалося ў 2018 годзе з жадання пабудаваць на лецішчы барбекю-комплекс. Каб зрабіць яго якасна, прайшоў навучанне на курсах печнікоў і… закахаўся ў рамяство. За яго плячыма – дзясяткі праектаў: ад простых ацяпляльных печаў да складаных комплексаў з міні рускімі печамі, пампейкамі і мангаламі пад казан. Для яго важна не проста скласці аб’ект з цэглы, а стварыць мастацкі твор.

валерий василевский (23).jpg

– Печ – душа і характар дома, – упэўнены пячнік Валерый Васілеўскі. – Жывы агонь, трэск дроў, утульнае святло ствараюць атмасферу, не параўнальную ні з якой іншай крыніцай цяпла. Калі печ складзена правільна, яна… быццам спявае.

Майстар падкрэслівае, што сучасная пячная справа – гэта сплаў інжынерыі, мастацтва і цяжкай фізічнай працы.

MyCollages (3).jpg

– Перш чым пакласці першую цагліну, трэба правесці сур'ёзную аналітыку: разлічыць цягу, цеплааддачу, падабраць матэрыялы і дызайн, – кажа ён.

Валерый любіць працаваць са старой польскай цэглай, выра­заць дэ­каратыўныя элементы. Свой асабісты барбекю-комплекс з эксклюзіўнага матэрыялу ён ствараў некалькі гадоў, працуючы над ім у вольны ад заказаў час. Яму падабаецца разнастайнасць: кожная новая канструкцыя – гэта выклік сабе і магчымасць вучыцца новаму.

– Традыцыі трэба захоўваць, але і ісці ў нагу з часам, – рэзюмуе ён.  – Галоўнае – любіць тое, што робіш.

Кафля, талент і кошт цяпла

Добрая печ – задавальненне нятаннае, але, па словах майстроў, яно таго варта.

печник виктор васюк (15).jpg
– Яна ніколі не была таннай, бо рабілася на ўсё жыццё,
– разважае Віктар Васюк, пячнік з 20–гадовым стажам, камісар Беларускага пячного таварыства (БелПТ) па Гродзенскай вобласці.

Кошт на печ пад ключ залежыць ад памеру і матэрыялаў, з якіх яна будуецца, камплектацыі і дызайну. Да прыкладу, бяспечная ацяпляльная печ-слупок (грубка) з цэглы можа каштаваць ад 3 да 10 тысяч беларускіх рублёў, кафляная – даражэй (з-за кошту кафлі). Кошты на эксклюзіўныя печы вагаюцца ў залежнасці ад жадання заказчыка.

Віктар – чалавек сістэмы і ведаў. У 2003 годзе скончыў Гродзенскае ПТВ-64 па спецыяльнасці "муляр-пяч­нік", затым – Мінскі інду­ст­­рыяльна-педагагічны каледж. Пра­цаваў выкладчыкам, навучаў сту­дэнтаў, а потым пайшоў у практыку. Асноўны напрамак – ацяпляльныя, ацяпляльна-варачныя і лазневыя печы. Перавагу аддае кафлі за даўгавечнасць і выгляд, хоць працуе і з цэглай. Для сваіх работ часта выкарыстоўвае ваўкавыскую кафлю.

– Трэнды змяняюцца: грувасткія рускія печы заказваюць не так часта, – адзначае майстар. – У модзе – ацяпляльныя печы з эфектам каміна, «галандкі», «шведкі» і канструкцыі з ляжанкамі.

MyCollages.jpg

На пытанне аб складанасцях Віктар адказвае сумленна:

– Будуючы печ, даводзіцца ўручную «пералапаціць» каля пяці тон матэрыялаў: кожную з 700-800 цаглін узяць у рукі, агледзець, адбракаваць. Фізічна вельмі цяжка. Таксама нельга памыліцца ў разліку цягі, геаметрыі… Але калі бачыш вынік працы і чуеш падзяку – пра ўсё забываешся.

Любоў да «шведкі» і агонь у сэрцы

36-гадовы Дзмітрый Адаська – пячнік з душой творцы. Яго шлях па­чаўся з сямейнага ачага: трэба было перакласці рускую печ у бацькоўскай хаце. Праца ўдалася, печ служыць ужо 15 гадоў, а захапленне перарасло ў прафесію.

дмитрий адасько (14).jpg

Залатым стандартам Дзмітрый лічыць віцебскую цэглу, а любімай канструкцыяй – «шведку» – ацяп­ляльна-варачную печ.

– Мне цікава працаваць з любымі фарматамі: ад кампактных печаў за некалькі тыдняў да маштабных праектаў на паўгода, – дзеліцца ён.

Для Дзмітрыя галоўнае – даклад­насць. Швы ў печы павінны быць ідэальнымі, бо гэта складаны функцыянальны меха­нізм. Ён актыўна выкарыстоўвае сучасныя прылады, асвоіў праграму SketchUp для праектавання, але прынцып застаецца ранейшым: рабіць сёння лепш, чым учора.

За год Дзмітрый стварае 5–10 печаў. Сярод яго запамінальных работ – барбекю-комплекс з «лунаючай» выцяжкай і печ, убудаваная пад лесвіцай. А асаблівы гонар – велізарная прыгожая руская печ, пабудаваная сумесна з калегамі з БелПТ, якая стала папулярнай у сацсетках і на YouTube. Займаецца Дзмітрый і рамонтам печаў, выязджаючы па вобласці. Гэта паслуга таксама вельмі запатрабаваная.

MyCollages (2).jpg

– Старая цэгла з разабраных печаў лепш за новую? – пытаю я.

– Калі патрэбен эксклюзіў і гісторыя – безумоўна, так. Але і новая віцебская цэгла мяне цалкам задавальняе, – усміхаецца Дзмітрый.

Цяпло, якое застаецца

Сучасны печнік – універсал: ён можа стварыць як эканамічную сістэму для дома, так і раскошны шэдэўр для сядзібы ці рэстарана, і «сэрца» для лазні. Але як адрозніць профі ад шабашніка?

– Першы крок – сайт Беларускага пячнога таварыства, там – рэестр майстроў з партфоліо і кантактамі, – раіць Віктар Васюк. – У таварыства трапляюць толькі годныя спецыялісты, праз галасаванне калег. Сяброўства ў ім гарантуе стандарты і адказнасць. Мы робім упор на якасць і даём гарантыю. 

Валерый Васілеўскі дадае:

– Калі майстра няма ў рэестры, прасіце партфоліо і бярыце водзывы ад заказчыкаў. Нам часта даводзіцца перарабляць брак гора-печнікоў: печы, складзеныя за пяць дзён, неўзабаве пачынаюць дыміць ці трэскацца…

Гродзенскія майстры не толькі захоўваюць старажытныя тэхналогіі, але і ўкараняюць энергаэфектыўныя рашэнні і экалагічныя матэрыялы. А будучыню прафесіі бачаць у гармоніі традыцый і новых тэхналогій. Нязменным застаецца галоўнае: печ павінна быць надзейнай і прыгожай.

Мае героі ўпэўнены: толькі рукі, якія захоўваюць цяпло старажытных традыцый, могуць стварыць той асаблівы ачаг, вакол якога будзе хораша кожнаму. І пакуль яны ёсць, гэта традыцыя не загасне.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»