Гродзенец Аляксандр Ляўкевіч – самы малады начальнік цэха ў гісторыі ААТ “Белкард”. Чаму за такі кар’ерны ўзлет ён дзякуе арміі

На службу Аляксандр адпраўляўся з вялікім жаданнем.

IMG_5607.JPG

З моманту ўладкавання Аляксандра Ляўкевіча ў ААТ “Белкард” прайшло каля трох гадоў. За гэты час ён прайшоў шлях ад звычайнага інжынера-тэхнолага да начальніка цэха. Сёння яго слова шануецца, а рашэнні напрамую ўплываюць на вытворчыя працэсы.


У аснове такога імклівага кар’ернага росту, як пераконвае сам Аляксандр, ляжыць не толькі прыроджаная мэтанакіраванасць, але і суровая школа жыцця – армія. 

Набыў лепшыя якасці

Аляксандр Ляўкевіч з маленства ведаў, што звяжа сваё жыццё з мужчынскай прафесіяй. Быў добры прыклад – бацька, які працаваў галоўным інжынерам у адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Ваўкавыскага раёна. Ён часта браў з сабой на працу сына, які ўважліва назіраў за працэсам, упітваючы каштоўныя веды.

Пасля школы Аляксандр паступіў у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на машынабудаўнічы факультэт, які паспяхова скончыў у 2022 годзе. Першым працоўным месцам для яго стала ААТ “Белкард”, куды малады чалавек уладкаваўся мэтанакіравана, каб працаваць на адным з самых буйных прамысловых прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці. Яго першая пасада – інжынер-тэхнолаг.

Праз некалькі месяцаў Аляксандра прызвалі ў армію. На службу наш герой адпраўляўся з вялікім жаданнем, бо ўпэўнены, што кожны мужчына павінен мець такі вопыт.

– Армія – гэта не проста служба, а добрая загартоўка. Там вучаць галоўнаму: дысцыпліне, адказнасці, уменню прымаць правільныя і абдуманыя рашэнні, выконваць складаныя задачы і, вядома, каманднай працы. Гэтыя якасці, якія сёння дапамагаюць мне арганізоўваць працу ўсяго цэха, я атрымаў менавіта ў арміі, – дзеліцца Аляксандр Ляўкевіч.

Ён служыў вадзіцелем-электрыкам у 52-м асобным гвардзейскім танкавым батальёне 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, што на Фолюшы. Год у арміі моцна паўплываў на Аляксандра. Служба выхавала ў ім сапраўднага мужчыну. У лепшы бок змяніўся яго фізічны стан, развілася вынослівасць, умацавалася здароўе. 

Ад тэхнолага да кіраўніка

Вярнуўшыся на прадпрыемства, Аляксандр амаль паўгода працаваў інжынерам-тэхнолагам. Хутка Аляксандра павысілі да майстра. Яшчэ праз год такой жа адданай працы маладога спецыяліста перавялі на пасаду начальніка аўтаматна-прэсавага цэха.

Сёння Аляксандр адказвае за 5 вытворчых участкаў. Усяго на іх працуе амаль 50 чалавек. Пераважная большасць з іх – дарослыя, вопытныя людзі, якія працуюць на прадпрыемстве не адно дзесяцігоддзе. Але праблем з наладжваннем кантакта ў маладога кіраўніка не было.

IMG_5604.JPG

– Мае калегі не звяртаюць увагу на мой узрост. Першае, што ўлічваецца, – працоўныя навыкі. Калі мяне палічылі дастойным гэтай пасады, значыць, мне давяраюць. Я адказна адношуся да сваёй працы. Нягледзячы на тое, што цяпер у мяне ёсць асобны кабінет, мяне складана там застаць. Напачатку працоўнага дня я абыходжу ўсе участкі, сустракаюся з людзьмі, размяркоўваю задачы, а пасля сачу за іх выкананнем, – расказвае Аляксандр. 

Аб’ядноўвае калектыў

На пасадзе начальніка цэха наш герой каля года. За гэты час ён поўнасцю асвоіўся і цяпер умела арганізоўвае працу на кожным з участкаў.

– Вельмі важна, каб паміж працаўнікамі былі добрыя зносіны. Нашы людзі заўсёды гатовыя дапамагчы адзін аднаму, бо разумеюць, што ад уклада кожнага залежыць агульны вынік, – дапаўняе субяседнік.

Энергіі Аляксандра хапае не толькі на плённую працу. Паралельна ён набывае адукацыю ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. А каля двух месяцаў таму наш герой упершыню стаў татам – яго абраная Вікторыя нарадзіла сына. У планах маладога бацькі – выхаваць хлопчыка сапраўдным мужчынам, перадаўшы яму свае лепшыя якасці. 

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»