Чаму моладзь выбірае прафесіі, звязаныя з сельскай гаспадаркай?

Аляксандр Занеўскі, аграном па ахове раслін філіяла “Аграфірма “Варняны” РУП “Гроднаэнерга”.
– Родам я з гарадскога пасёлка Сапоцкін, што недалёка ад Гродна. Калі прыйшоў час выбіраць жыццёвы шлях, я дакладна ведаў адно: не хачу правесці жыццё ў офісе, мая душа заўсёды імкнулася да прыроды. Тым больш, што ў мяне быў выдатны прыклад перад вачыма. Мой бацька – аграном, выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Вырашыўшы пайсці па яго слядах, я ні разу пра гэта не пашкадаваў. Вучыцца было па-сапраўднаму цікава: у нас былі выдатныя выкладчыкі і моцная практычная база. Дарэчы, практыку я праходзіў тут жа – у філіяле “Аграфірма “Варняны” РУП “Гроднаэнерга”, таму вяртаўся сюды ўжо свядома.
Мой першы афіцыйны працоўны дзень у якасці агранома па ахове раслін пачаўся 28 ліпеня. Сустрэлі мяне вельмі добра. Гаспадарка адразу стварыла выдатныя бытавыя ўмовы: выдзелілі добраўпарадкаванае жыллё, укамплектаванае новай мэбляй і бытавой тэхнікай, забяспечылі гарачымі абедамі. Мой настаўнік, галоўны аграном Іван Станіслававіч Дэнюш, у першыя ж дні правёз па ўсіх палях, усё паказаў і падрабязна аб усім расказаў. Калі адчуваеш такую падтрымку і бачыш годныя ўмовы, хочацца працаваць з поўнай аддачай на карысць роднай зямлі.
Кожную раніцу, выходзячы ў поле і бачачы бязмежныя беларускія прасторы, я разумею, што зрабіў правільны выбар. Няма нічога лепей, чым бачыць вынік сваёй працы, адчуваць жывое дыханне зямлі і ведаць, што твае намаганні прыносяць рэальную карысць людзям.

Наталля Іванова, ветфельчар КСУП “Пескаўцы”:
– На самой справе мой выбар прафесіі і месца жыхарства быў просты. Я з дзяцінства люблю жывёлу. Мае тата і мама ўжо 25 гадоў працуюць жывёлаводамі на адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Слонімскага раёна, і я неаднойчы была з імі на фермах, глядзела, як там усё абсталявана, як гадуецца скот. Яны падтрымалі маё жаданне паступіць у Ваўкавыскі аграрны каледж. Вучыцца было цікава. А калі падышоў час пераддыпломнай практыкі, вырашыла самастойна знайсці гаспадарку для сваёй будучай працы. Хацелася атрымаць вопыт самастойнага жыцця.
У ЦікТоку натрапіла на канал КСУП “Пескаўцы”, пасачыла за жыццём гаспадаркі, пачытала водгукі і рашылася патэлефанаваць у аддзел кадраў. Мяне прынялі не толькі на практыку, але і прапанавалі першае месца работы пасля абароны дыплома. Жыллём таксама забяспечылі: маю пакой у добраўпарадкаваным катэджы – умовы, як у горадзе.
І вось з 25 мая я працую ў “Пескаўцах”. З задавальненнем хачу сказаць, што тут працуюць вельмі шчырыя, добразычлівыя людзі. Асаблівыя словы падзякі – Вользе Анатольеўне Наройчык, кіраўніку гаспадаркі і Барысу Браніслававічу Вітутку, ветурачу і майму настаўніку. Яны з разуменнем ставяцца да маіх пытанняў, дзеляцца сваімі ведамі – усё-такі практычнага вопыту ў мяне яшчэ мала.
Пакуль асвойваюся, але ёсць жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю па сваёй спецыяльнасці і працягнуць працу на сельгаспрадпрыемстве.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
