У Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе узнагародзілі пераможцаў творчага конкурсу журналістаў
Дынаміка ўдзелу ў конкурсе ўпэўнена ідзе ўверх: сёлета колькасць удзельнікаў павялічылася яшчэ на 42 чалавекі.

У Лідзе ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу Міністэрства інфармацыі і Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму сярод журналістаў СМІ на тэму ўборачнай кампаніі 2025 года «Хвала рукам, што пахнуць хлебам».
Дынаміка ўдзелу ў конкурсе ўпэўнена ідзе ўверх: сёлета колькасць удзельнікаў павялічылася яшчэ на 42 чалавекі. Гэта стала сапраўдным выклікам для журы, бо ўзровень падачы матэрыялаў расце з кожным годам.


Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Язерскі адзначыў:
– На конкурс паступіла 135 заявак. На самой справе гэта, напэўна, самая вялікая колькасць заявак за ўсю гісторыю гэтага конкурсу. Конкурсу патрэбнага, конкурсу важнага. Сапраўды, членам журы было няпроста: якасць матэрыялаў вельмі ўзрасла. Асабліва радуе тое, што журналісты ў сваіх працах паказалі твар чалавека працы – тых, хто стварае нацыянальную харчовую бяспеку краіны. Кожнага героя яны прадставілі не толькі як прафесіянала, але і як сямейнага чалавека, як патрыёта. Мы адчувалі, якія гэта выдатныя людзі. Асабліва прыемна бачыць шмат маладых аўтараў: яны сваімі словамі перадаюць важнасць і цяжкасць гэтай працы для чытачоў і гледачоў.

У ліку лаўрэатаў – прадстаўнікі Гродзеншчыны. Карэспандэнт «Рэдакцыі «ЛідаМедыяКампанія» Вольга Яхантава адзначана дыпломам у намінацыі «Найлепшы аўтарскі матэрыял (нарыс, рэпартаж, спецыяльны праект) у рэгіянальных друкаваных СМІ і сеткавых выданнях».
Адна з узнагарод у намінацыі «Лепшы аўтарскі матэрыял» дасталася карэспандэнту ТРК «Брэст» Эмме Захаравай.

Журналістка прызналася, што ў прафесію прыйшла нядаўна – усяго дзесяць месяцаў таму. Да гэтага яна працавала ў Баранавіцкім гарвыканкаме, у аддзеле ідэалагічнай працы па справах моладзі. Але, па яе словах, творчасці не хапала, таму і вырашыла паспрабаваць сябе ў журналістыцы.
– Я лічу, што ніколі нельга спыняцца. Трэба шукаць новыя крыніцы натхнення. Для мяне журналістыка стала крыніцай сілы, – падзялілася яна.

Эмма Захарава прызнаецца, што ў кожны свой матэрыял імкнецца ўкласці частку душы. Асабліва значным для яе стаў сюжэт пра юную хлебаробку Лею Багдановіч з Баранавіцкага раёна.
– Я зрабіла матэрыял пра дзяўчыну, якой толькі 18 гадоў. Яна скончыла сельскагаспадарчы каледж, пайшла працаваць трактарыстам, а пасля – камбайнерам. За сезон яна падняла дзве тысячы тон збожжа! Мяне гэта ўразіла, і я хацела паказаць нашай аўдыторыі, якая цудоўная моладзь прыходзіць у вёску, – адзначыла журналістка.
Па яе словах, высокая ацэнка журы і сама ўзнагарода – гэта не толькі гонар, але і адказнасць:
– Гэта маленькі кавалачак майго ўкладу ў вялікі каравай. І мне хочацца рухацца далей, рабіць больш, распавядаць пра нашых людзей, пра іх працу і сілу духу.
Свята паказала, што журналісты па-новаму адкрываюць вобраз чалавека працы, а конкурс стаў важнай пляцоўкай для асэнсавання галоўнай тэмы – працы на зямлі і павагі да тых, хто забяспечвае хлебам беларускі народ.



Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!