Напярэдадні Дня аховы дзяцей у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце адбылося яскравае мерапрыемства

Галоўнай падзеяй дня стаў тэатралізаваны канцэрт.




Акрамя Дня аховы дзяцей, у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце была яшчэ адна сур’ёзная нагода для свята ў гэтыя дні. Пасля трохмесячнага рамонту тут адкрылася паліятыўнае аддзяленне, якое прызначана для самых цяжкіх дзетак са шматлікімі парушэннямі.



Падчас экскурсіі для гасцей, якую па доме-інтэрнаце правёў яго дырэктар Здзіслаў Янкевіч, госці пабачылі ў якіх умовах жывуць выхаванцы ўстановы. Трэба адзначыць, што дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, а таксама дапамозе неабыякавых фундатараў і грамадскіх арганізацый у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце створаны ўсе неабходныя ўмовы для адукацыі, выхавання і медыцынскага абслугоўвання дзяцей. Тут забяспечваецца камфортны побыт і пражыванне для выхаванцаў.

Галоўнай падзеяй дня стаў тэатралізаваны канцэрт. Дзеці, выхавацелі і іншыя работнікі інтэрната падрыхтавалі цікавую праграму з казачнымі персанажамі, якія пераблыталі свае казкі. Вясёлыя конкурсы і гучныя песні парадавалі юных гледачоў і падарылі ўсім прысутным эмоцыі радасці.
Шмат віншаванняў і пажаданняў гучала са сцэны ад ганаровых гасцей мерапрыемства.
– Дарагія дзеці і ўсе ўдзельнікі гэтага добрага мерапрыемства, – прывітала прысутных Таццяна Цюсіна. – Ад імя Шчучынскага райвыканкама і сябе асабіста мне хочацца павіншаваць вас з выдатным святам – Днём аховы дзяцей. Для вас наступае лета, вы вучыліся цэлы год, стараліся і зараз для вас пачынаюцца выдатныя дні, калі можна сілкавацца сонейкам і гуляць з сябрамі. Я думаю, што ў вас усё наперадзе. Правядзіце гэта лета з карысцю, будзьце здаровымі і шчаслівымі. Дарагія супрацоўнікі дома-інтэрната, нізкі вам паклон. Вы людзі вялікай душы, бо дзеткам, якія тут пражываюць патрэбны вялікія сэрцы і яны ў вас ёсць. За гэта я ўдзячна вам ад усёй душы.
Дзеці як ніхто іншы маюць патрэбу ў ахове і дапамозе. Таму абавязак дарослых – зрабіць усё, каб незалежна ад стану здароў’я, сацыяльнага статусу і іншых чыннікаў кожнае дзіцё атрымлівала шчасце і любоў. Радуе, што гэтай важнай місіі прысвяцілі сваё жыццё работнікі Васілішкаўскага дома-інтэрната, якія стараюцца акружыць дзетак цяплом, дапамогай і турботай кожны дзень.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!