Раскрывае таямніцы горада Гродна. Расказваем пра экскурсавода Карыну Гінько

IMG_7835.JPG

Гродна – месца прыцягнення турыстаў, дзе заўсёды ёсць пра што расказаць і што паказаць. Амаль кожны дзень тут праходзяць разнастайныя экскурсіі і падарожжы. У горадзе працуе некалькі дзясяткаў атэставаных экскурсаводаў, сярод іх і Карына Гінько. 

За плячыма маладога экскурсавода – больш за тры гады практыкі, сотні пройдзенных кіламетраў і больш за тысячу ўдзельнікаў яе экскурсій. А калі дакладней, то за гэты час Карына правяла вандроўкі прыблізна для 1,5 тысячы чалавек. 

Важная дэталь: экскурсіі Карына праводзіць пераважна на беларускай мове. З дзяцінства яна чула яе ад сваіх блізкіх, затым спасцігала родную мову ў школе. Дарэчы, родам наша гераіня з Віцебшчыны, з горада Глыбокае. 

– Мая сям’я спачатку лічыла, што я стану ўрачом. Пасля – настаўнікам. А я паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і 4 гады адвучылася на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму па спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя». Пасля паступіла ў магістратуру і напісала дысертацыю па сусветнай гісторыі. Гэтыя два адукацыйныя накірункі, якія аб’ядналіся паміж сабой, добра дапамагаюць у сённяшняй дзейнасці экскурсавода, – расказвае Карына Гінько. 

Перад тым як атрымаць атэстацыю і стаць паўнапраўным экскурсаводам, Карына распрацавала маршрут, по якому збіралася ладзіць вандроўкі. Ён закрануў увесь Гродна, але, з-за таго што экскурсія па гэтым маршруце заняла б каля 7 гадзін, дзяўчына разбіла яго на некалькі частак. Кожная з іх займае прыблізна 2 гадзіны. 

У бліжэйшых планах дзяўчыны – арганізаваць экскурсію на га­радскія могілкі, дзе пахавана шмат вядомых дзеячаў культуры і навукі. Канешне, такі незвычайны фармат многіх можа напалохаць, але, па словах Карыны, важна глядзець углыб гісторыі, а не проста атаясамліваць могілкі з іх першапачатковым значэннем. 

 – Многія баяцца гэтай тэмы, але я намагаюся паказаць, што за кожным помнікам хаваецца гісторыя. Калі расказваю экскурсантам невядомыя дробязі, напрыклад, пра сімвалізм знакаў, якія размясціліся на помніку, то яны прыходзяць у прыемны шок. Таму што нават па кветачцы, якая намалявана на помніку, можна ўзнавіць шмат цікавых фактаў з біяграфіі чалавека, – гаворыць Карына. 

У сваю дзейнасць Карына Гінько паглыблена, як кажуць, з галавою. Ёй складана абстрагавацца ад працы нават у вольны дзень. Мінулым летам дзяўчына проста прагульвалася па вуліцах горада і на момант падумала, што вядзе экскурсію і за яе плячыма ідуць экскурсанты. 

 – Ведаеце, я проста пачала гучна размаўляць у голас, расказваць пра будынак, які знаходзіўся побач. Мне спатрэбілася некалькі хвілін, каб успомніць, што я не на працы, – з усмешкай згадвае дзяўчына. 

Да экскурсій, якія праводзіць наша гераіня, далучаюцца не только жыхары Беларусі, але і турысты з іншых дзяржаў. Часта Карына працуе з гасцямі з Расіі, бывалі і экскурсанты з Германіі, Балгарыі, Чэхіі, Англіі і нават Новай Зеландыі. Каб фармат вандроўкі быў зручным для кожнага, Карына ладзіць індывідуальныя экскурсіі і аддае перавагу невялікім групам да 8 чалавек. Тады ёсць магчымасць узаемадзейнічаць з кожным. 

 – Цікава, што мінчане ці жыхары іншых рэгіёнаў Беларусі напрыканцы экскурсіі заўсёды гавораць добрыя словы пра наш горад. Адзін раз мне сказалі, что мы, гродзенцы, шчаслівыя: у нас неба бачна. І сапраўды, у параўнанні з Мінскам наша архітэктура добра адрозніваецца. 

Каб правесці выдатную экс­курсію, варта не проста добра вывучыць матэрыял, але і стварыць атмасферу, якая выклікае прыхільнасць у людзей. З гэтым Карына добра спраўляецца. Улічваючы, што сёння большасць экскурсантаў чакае ад вандроўкі толькі пазітыў, Карына намагаецца пабудаваць сваё паведамленне менавіта такім чынам. 

 – Людзі прыязджаюць да нас, каб адпачыць, абстрагавацца. Яны не хочуць нешта мінорнае, складанае. Мая ўстаноўка – каб напрыканцы экскурсіі ў кожнага на вуснах была ўсмешка. Калі прыходзіць час развітання, мы паводзім сябе як сапраўдныя сябры, што даўно адзін аднаго ведаюць. Робім фотаздымак на памяць і шчаслівыя разыходзімся, – расказвае Карына. – Я вельмі добра адчуваю эмоцыі іншых людзей, бо з’яўляюся, як кажуць, эмпатам. Таму мне прасцей наладзіць з імі размову, наладзіць кантакт. Не раз чула ад замежных турыстаў, што мы вельмі адкрытыя і шчырыя людзі. А Гродна – гэта горад, дзе ўмеюць усміхацца. 

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»