«Я проста гавару і люблю сваю мову, люблю сваю Беларусь!» Студэнт Арсень Шыцік пра тое, як вучыцца размаўляць па-беларуску
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы.

Калісьці ў дзяцінстве маці спявала мне калыханку, тую, што ціха і мілагучна люляе сваім “доўгі дзень, цёплы дзень, заплывае ў кут далёкі”. Праз 15 гадоў мне зрабілі камплімент накшталт “у вас такі добры беларускі акцэнт”, хаця на сваёй роднай мове я гаварыў толькі два гады. Пэўна, матуліна калыханка і прывіла такую моцную любавасць да беларускіх гукаў, да беларускай мовы, да маёй Беларусі. Аднак рэчаіснасць дорыць зусім іншыя гісторыі, звязаныя з маім беларускамоўным жыццём.
У пошуках патрабаванага асяроддзя
На беларускай мове я гаварыў яшчэ ў школе, як гэта звычайна бывае, на занятках мовы і літаратуры. Ужо там заўважыў значнае нежаданне аднакласнікаў вучыць мову і гаварыць на ёй. Аднак мяне гэта не хвалявала і я смела спрабаваў весці гутаркі на беларускай мове. Настаўніца заўсёды хваліла гэтую спробу, аднак, не ведаю чаму, я пераключаўся на рускую адразу пасля званка.
Калі я зразумеў, што чую мову сваёй зямлі толькі ад бабуль, цвёрда вырашыў – трэба вучыць. Я набыў кнігі Караткевіча і Купалы і ўзяўся за чытанне. Кажу шчыра, дзесьці на палове “Чорнага замка Альшанскага” я закрыў раман, бо не разумеў, што чытаю. Пасля пачаўся адзінаццаты клас і я быў вымушаны займацца падрыхтоўкай да паступлення ва ўніверсітэт. Ідэя з вывучэннем мовы палымнела ўнутры, але я не паспяваў вучыць яе. Дарэчы, мова майго цэнтралізаванага экзамена была руская – ведаў, што валодаю ёй лепей.
Усё значна змянілася, калі я паступіў на спецыяльнасць “Журналістыка” у ГрДУ імя Янкі Купалы. Ужо ў першыя дні заняткаў сустрэў беларускамоўных выкладчыкаў, памалу кранаўся беларускамоўнага асяроддзя. Я чуў мову амаль кожны дзень і ўжо на пачатку першага семестра змог гаварыць на ёй, з большага, дакладна і свабодна. Пра кнігі маўчу – прачытаў усё ад Кароля Антоні Жэры і Міцкевіча да класікаў сучаснасці. Напрыканцы першага курса вырашыў гаварыць толькі на беларускай мове.
Падтрымка таты
Руская мова засталася ў жыцці. Мае бацькі, большая частка сяброў, новыя ўніверсітэцкія выкладчыкі і беларусы вакол працягвалі гаварыць на рускай мове. Аднак мая любавасць да Беларусі і мовы ўжо дасягнула апагея. Я пачаў гаварыць “Дзякуй” у крамах, казаць “На наступным прыпынку” у маршрутцы, віншаваць сваякоў толькі на беларускай мове. Мне ўдалося пераналадзіць сваё жыццё, аднак разам з гэтым сутыкнуўся з самотай.
Цяжка ўспрымаць і вучыць іншую мову, калі вакол зусім не чуеш яе. Самай першай праблемай сталі сябры і аднагрупнікі. Яны слаба падтрымлівалі гэтую ідэю, а калі і пачыналі гаварыць па-беларуску, хутка сустракаліся з цяжкасцямі. Час ад часу даходзіла да смеху – мы не разумелі адзін аднога. У выніку, мала хто з майго асяроддзя стаў гаварыць па-беларуску, шчыра кажу, калі б папрасілі падлічыць, мне б хапіла дзвюх рук.
Аднак ёсць часцінка цяпла ў гэтай гісторыі – былi i тыя, хто, пачуўшы родную мову, адгукалiся і падтрымлівалi гэтую ідэю. Самы яскравы прыклад – тата. Ён вучыўся на беларускай мове ў школе і нядрэнна ведае яе. Калі я прыязджаю ў бацькоўскую хату, ён заўсёды “гэкае” і “чэкае” у мой бок. Канешне, гэта такая добрая трасяначка, але гэта не можа не грэць і не падтрымліваць.
Яшчэ болей мяне натхняюць незнаёмыя людзі, якія падтрымліваюць гутарку на беларускай мове пры сустрэчы. Неяк заходжу ў краму і пытаюся ў прадаўца, дзе што ляжыць, а яна ў адказ “як добра вы гаворыце на беларускай мове”. І пакуль мы ідзём да патрэбнай палічкі, то гаворым пра мову.
Сакральныя размовы
Самым сакральным я лічу размовы на беларускай мове з бабулямі і дзядулямі. Я быццам кранаюся той беларускасці і шчырасці, якая ёсць толькі ў іх. Ад сваёй бабулі, дарэчы, даведаўся слова “лазня”. Мы вялі гутарку на трасянцы і яна ўзгадала “баню”. Я нават стаў здымаць слухаўкі, калі еду куды-небудзь у аўтобусе. Чаму? Слухаю гутаркі бабулек, з якіх часта можна пачуць новыя словы, а галоўнае, натхніцца мовай і яе гукамі.
Зараз я адчуваю сябе беларусам, які проста гаворыць на беларускай мове. У гэтым няма нічога дрэннага, сорамнага ці неверагоднага. Гэта нармалёва. Усе ведаюць словы “буська”, “шуфлядка”, “калыханка” – гэта ўжо нацыянальны код беларусаў. Я проста гавару і люблю сваю мову, сваю Беларусь і ўсё, што з ёй звязана. Вось! Нават цэлы тэкст напісаў на гэтай добрай, мілагучнай, пяшчотнай і прыгожай мове. На беларускай…
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
