Усебеларускую дыктоўку напісалі ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі

У гэтым годзе да напісання ўсебеларускай дыктоўкі далучыліся супрацоўнікі інстытута, слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі.
У Міжнародны дзень роднай мовы агульнарэспубліканскае мерапрыемства – напісанне ўсебеларускай дыктоўкі – традыцыйна аб’яднала прадстаўнікоў розных пакаленняў, прафесій і відаў дзейнасці. Праверку ведаў гродзенцы, акунуўшыся ў прыгажосць беларускай мовы, штогод праходзяць у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Пляцоўка становіцца адной з самых масавых. У гэтым годзе да напісання ўсебеларускай дыктоўкі далучыліся супрацоўнікі інстытута, слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі. Усяго каля 80 чалавек.



– Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Адзначыць гэтае свята напісаннем адзінай дыктоўкі ўсім ахвочым прапанаваў і абласны інстытут развіцця адукацыі. Мерапрыемства прысвечана Году гістарычнай памяці і юбілею класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, – сказала старшы выкладчык кафедры адукацыйных тэхналогій Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Мякеня. Яна адзначыла, што за апошнія некалькі год беларуская мова праяўляе высокую ступень жыццёвасці, актыўна ўваходзіць у новыя сучасныя сферы ўжытку, напрыклад, Інтэрнэт-прастору. – Гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей карыстацца беларускай мовай. Канешне, нельга не заўважыць і відавочную праблему, якая існуе. Беларуская мова вельмі рэдка і мала ўжываецца ў паўсядзённым жыцці, не з’яўляецца мовай зносін. Таму сёння літаральна ў кожнага ёсць магчымасць далучыцца да роднага слова, да адной з самых напеўных, мілагучных, прыгожых і ласкавых моў у свеце.





Напісанне агульнанацыянальнай дыктоўкі – гэта не столькі праверка арфаграфічных здольнасцей удзельнікаў мерапрыемства, колькі дэманстрацыя павагі да сваёй роднай мовы, жаданне бліжэй пазнаёміцца з яе адметнасцямі, лічыць Таццяна Жукоўская, начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі і прафарыентацыі абласнога інстытута развіцця адукацыі.



– Я сама навучалася ў беларускай школе, таму з задавальненнем вырашыла прыняць удзел у напісанні дыктоўкі. Лічу, што для кожнага народа родная мова з’яўляецца асновай яго нацыянальнай культуры. Кожны чалавек засвойвае яе з малаком маці, мы павінны перадаваць яе з пакалення ў пакаленне, каб у першую чаргу не знікнуць як нацыя.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!