Вайсковая дысцыпліна ў дзяцінстве дапамагла футбольнаму трэнеру «Немана» Ігару Кавалевічу пабудаваць паспяховую кар'еру
Ігар Кавалевіч ужо паўжыцця абараняе гонар беларускага футбола.

На варце футбольнага фронту
Ігар Кавалевіч ужо паўжыцця абараняе гонар беларускага футбола. Каля руля гродзенскай каманды ён 10 гадоў. Сёння мы ведаем Ігара Кавалевіча як знакамітага трэнера, які шмат разоў прыводзіў каманду да поспеху. Пад яго кіраўніцтвам "Нёман" станавіўся сярэбраным прызёрам чэмпіянату Беларусі (дарэчы, дагэтуль такога не было больш за 20 гадоў) і ўладальнікам кубка краіны. А ў ліпені гэтага года гродзенцы з хваляваннем у прамым эфіры назіралі за гульнёй нашых жоўта-зялёных з камандай “Райя Вальекана" ў Лізе канферэнцый УЕФА.Ігар Кавалевіч прызнаваўся лепшым трэнерам краіны, быў удастоены звання "Чалавек года горада Гродна". За ўсімі прыгожымі тытуламі і дасягненнямі крыецца цярністы шлях – ад гульца да трэнера.
– Трэнерам немагчыма стаць за тры месяцы або за паўгода. Гэтаму вучацца ўсё жыццё. Што я і рабіў, – кажа Ігар Кавалевіч.
Як гулец ён выхоўваўся ў брэсцкай СДзЮШАР-5. Першым трэнерам быў Валерый Якімаў. У 1990 годзе Ігар Кавалевіч скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. З гэтага моманту яго футбольная кар'ера стала развівацца хутчэй. Ён стаў майстрам спорту Беларусі, за ўсю кар’еру змяніў з дзясятак клубаў: маладзечанскі "Металург", брэсцкае "Дынама", бабруйская "Белшына", гродзенскі “Нёман”, азербайджанскі "Хазар-Ленкарань" і іншыя. Але дарогі ўсё роўна прывялі ў Гродна.
Месца, дзе Ігар Кавалевіч гуляў у пачатку двухтысячных, стала для яго другім домам. Ён вельмі ўдзячны былому кіраўніцтву горада за падтрымку, якую атрымаў на пачатку свайго шляха ў “Нёмане” як трэнер.
– Як цяпер памятаю – калі толькі прыйшоў, пасля 12 гульняў у «Нёмана» было 6 ачкоў. Ішлі на апошнім месцы, – успомінае суразмоўца.
За час працы паспела памяняцца шматлікае: абнаўляўся гульнявы склад каманды, змяняліся начальнікі, папаўняўся спіс камандных дасягненняў. Нязменнай засталася воля да перамогі, якая з новым трэнерам стала прыносіць вынікі.
– Наш мэр – Андрэй Валер'евіч Хмель сам у свой час займаўся футболам у Лідзе разам з Валерыям Жукоўскім. Таксама вялікі заўзятар «Нёмана» і шмат робіць для каманды, – падзяліўся Ігар Кавалевіч.
Школа жыцця
Дарэчы, іншых спартсменаў у сям'і Ігара Кавалевіча як такіх не было. Бацька – вайсковец, армейская загартоўка перадалася і сыну. У будучыні гэта вельмі паўплывала на яго станаўленне: асобаснае і прафесійнае. Як лічыць сам трэнер, армія і спорт – два бакі аднаго медаля, дзе дысцыпліна і камандны дух адыгрываюць ключавую ролю ў дасягненні поспеху.– Я служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Войска навучыла мяне дысцыпліне і адказнасці, уменню працаваць у камандзе – якасцям, якія апынуліся неацэннымі ў маёй будучыні як футбаліста і трэнера. Гэта была сапраўдная школа жыцця. Калі пражыў вайсковыя будні, то і з сапернікамі на поле зладзіш, – упэўнены Ігар Кавалевіч.
Для яго адслужыць у войску было справай гонару.
– Я рады, што прайшоў гэты шлях як нармальны савецкі грамадзянін. Думаю, што і зараз досвед службы можа дапамагчы маладым спартсменам. Армейскае асяроддзе фарміруе ўнікальную атмасферу, дзе маладыя людзі вучацца працаваць у камандзе, – лічыць суразмоўца.
Толькі “Нёман”, толькі Гродна
Працягваюць пісаць гісторыю футбольнага "Нёмана" гульцы, трэнеры і, вядома ж, адданыя заўзятары.– Калісьці марыў сабраць поўны стадыён. І гэтая мара спраўдзілася. Задача выйграць з "Нёманам" таксама выканана. Галоўны план зараз – служыць далей клубу і заваёўваць яшчэ больш медалёў на радасць усім заўзятарам.
Ігар Кавалевіч сапраўды шчаслівы чалавек, бо яго праца – гэта любімая справа, калегі – яго лепшыя сябры, а каманда – другая сям'я.
– Мой трэнерскі штаб – блізкія людзі, з якімі я прайшоў, як кажуць, праз ваду, агонь і медныя трубы. З многімі мы разам гулялі. На кожнага з гэтых хлопцаў магу спадзявацца як на самога сябе. Паверце, гэта дарагога каштуе.
Велізарную падтрымку Ігару Кавалевічу даюць яго родныя і блізкія.
Гісторыя Ігара Кавалевіча – прыклад таго, як адданасць справе і праца могуць прывесці да вялікіх поспехаў, як на полі, так і за яго межамі. У дзень абаронцаў Айчыны мы жадаем яму і нашай гродзенскай футбольнай камандзе далейшых перамог і новых здзяйсненняў.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
