Велікоднае віншаванне біскупа Уладзіміра

Дарагiя браты i сёстры!
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!
Гэтая радасная і поўная надзеі вестка гучыць сёння ў нашых святынях, дамах і сэрцах. Святкуючы Вялікдзень, мы ўспамінаем найважнейшую падзею ў гісторыі чалавецтва: Езус Хрыстус, Сын Божы, які з любові прыняў на сябе цяжар чалавечых грахоў і памёр за нас на дрэве крыжа, – уваскрос. У Пасхальнай Таямніцы Божая любоў атрымала поўную перамогу над грахом, злом і смерцю.
Уваскрэсенне Хрыста – не толькі гістарычны факт, але і жывое пасланне, якое датычыць кожнага з нас. Як піша апостал Павел: "Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім" (Рым 6, 8). Якой вялікай радасцю з’яўляецца ўсведамленне таго, што шлях нашага жыцця вядзе не да пустаты, але да паўнаты жыцця, якое не мае канца!
Мы не адны ў нашым зямным пілігрымаванні. З намі заўсёды Езус Хрыстус, Уваскрослы Збаўца, які вядзе нас, асвятляе сваёй праўдай, сілкуе ласкай і суцяшае сваёй любоўю.
Асаблівую радасць сёлета выклікае тое, што свята Уваскрэсення Пана каталікі і праваслаўныя адзначаюць разам. Таму з усёй шчырасцю скіроўваю свае велікодныя віншаванні таксама і да нашых праваслаўных братоў і сясцёр. Няхай Уваскрослы Хрыстус напоўніць нашы сем’і супакоем, згодай, надзеяй і глыбокай радасцю, якая прыходзіць ад Бога.
Няхай гэта Пасха абудзіць у сэрцах вернікаў святло веры, здольнасць да прабачэння і жаданне будаваць супольнасць, поўную справядлівасці, надзеі і братэрства.
Ад шчырага сэрца жадаю ўсім радасных і благаславёных велікодных святаў!
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
