Віншаванне галоўнага рэдактара «Гродзенскай праўды» Таццяны Сяргеевай з Днём друку

photo_2025-02-23_10-47-21.jpg

Таццяна Уладзіміраўна Сяргеева, галоўны рэдактар АУІРП «Рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда»:


Хай жыве друкаванае слова

Паважаныя калегі-журналісты, супрацоўнікі галіны друку, чытачы!

Прыміце шчырыя віншаванні з Днём друку!

Дата свята абрана ў гонар першага выхаду ў тыраж газеты “Правда” ў 1912 годзе. Тым не менш беларускі друк мае значна больш глыбокія карані, напрыклад, 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына выдаў у Празе сваю першую кнігу. У XIX стагоддзі былі першыя спробы выпускаць перыядычныя выданні на беларускай мове: у 1861–1862 гадах выйшлі 4 нумары газеты “Гутарка двух суседаў”, у 1862–1863-м выдавалася “Мужыцкая праўда” (7 нумароў).

Цікавы факт: 5 мая 1581 года на Валыні, у Астрожскай друкарні Івана Фёдарава, выйшаў каляндар Андрэя Рымшы “Храналогія” на старабеларускай мове. Да кожнага месяца былі надрукаваны вершы – гэта першае асобнае паэтычнае выданне, а таксама першы друкаваны каляндар  славян.

Сучасны Дзень друку адзначаюць не толькі журналісты, але і ўсе, хто мае самае непасрэднае дачыненне да складання, афармлення і выпуску газет, часопісаў, а цяпер яшчэ і сайтаў, парталаў…

Сёння вельмі складана для газет заставацца запатрабаванымі, захоўваць старых чытачоў і прыцягваць новых, спалучаць напрацаваны досвед і сучаснае бачанне журналістыкі, заставацца надзейнай крыніцай актуальнай інфармацыі і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, творча адносіцца да справы і нестандартна мысліць.

Дзякуючы вашаму таленту і прыгажосці слова нашы чытачы ў бяскрайнім патоку інфармацыі здольны вылучыць галоўнае і праўдзівае. Менавіта журналісты дзяржаўных СМІ фарміруюць аб'ектыўны інфармацыйны прастор. Няхай і надалей з вашай дапамогай жыве друкаванае слова і не будзе забыта нават у  часы высокіх тэхналогій.

Віншую ўсіх, хто сёння так ці інакш звязаны з беларускім друкам і друкаваным словам! Жадаю натхнення, творчай самарэалізацыі і поспехаў у працы!

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»