Як будавалі сем'і і выхоўвалі дзяцей нашы продкі

Аб гэтым распавялі жыхаркі Лідскага раёна Ірына Маркевіч і Данута Жыдзіс.

Доўгія восеньскія вечары найлепшым чынам спрыяюць таму, каб усе члены сям’і маглі сабрацца разам за вячэрай, а потым засядзецца дапазна з кубачкам гарбаты і хатняй выпечкай за няспешнай гутаркай пра жыццё-быццё. А ў вольны, хоць і кароткі дзень, выехаць разам у лес на ціхае паляванне або ў гарадскі парк, дазволіўшы сабе сысці з алеі, каб шамацець апаўшым лісцем… Менавіта ў такія гадзіны і адбываецца яднанне сям’і, узмацняецца давер паміж старэйшым і малодшым пакаленнямі. Гэта цяпер. А як складваліся і мацаваліся адносіны ў сем’ях у мінулым стагоддзі? Пра тое, як знаходзілі сабе пару, пра вясельныя абрады, выхаванне дзяцей і шмат іншае, распавялі для чытачоў “ГП” жыхаркі Лідскага раёна Ірына Маркевіч і Данута Жыдзіс.

Спадчына

Ирина Маркевич (2).jpg
Жыццё Ірыны Маркевіч цесна звязана з вёскай Ельня. Прадзед Юстын (па матчынай лініі) быў чалавек працавіты і гаспадарлівы. Каб забяспечыць сям’ю, пакінуў на нейкі час (1897-1901 гг.) жонку з сям’ю дзецьмі і паехаў у Амерыку зарабляць грошы. Вярнуўшыся, купіў 25 га зямлі (частку панскага маёнтка), на якой пабудаваў хату, пасадзіў сад і вёў гаспадарку. Дарэчы, некаторыя яблыні не толькі захаваліся дагэтуль, але і працягваюць пладаносіць. На жаль, на ўсё грошай не хапіла, прыйшлося браць у банку пазыку, яшчэ пры цары, а нядоімку выплочваў аж па 1920-я гады, як казалі, пры “панскай Польшчы”. 

У 1926 годзе бура вельмі папсавала хату, знясла дах, і Юстын разам з малодшым сынам Мікалаем, дзедам Ірыны Уладзіміраўны, паставіў новую, на іншым месцы. Так яна і стаіць ужо 100 гадоў, па сённяшні дзень, і збірае пад сваім дахам нашчадкаў.

Мікалай  быў самым малодшым у сям’і. І па традыцыі павінен быў застацца пры бацьках, каб іх даглядаць да смерці. Старэйшыя стварылі свае сем’і і пабудаваліся недалёка сваімі асобнымі гаспадаркамі – купленай зямлі хапала.

Жонку сабе Мікалай нагледзеў падчас богаслужэння ў царкве. Марыя (так яе звалі) была родам з вёскі Пудзіна, якая, як і Ельня, належала да аднаго прыхода – Дакудаўскага.

– Раней не так многа было месцаў, каб прыгледзецца да хлопца ці дзяўчыны. Як правіла, гэта была або царква, або вячоркі. Дарэчы, мая старэйшая дачка Людміла ў гэтым сэнсе амаль праз стагоддзе паўтарыла лёс сваіх прадзедаў: са сваім будучым мужам пазнаёмілася падчас усяночнай, таксама ў Дакудаўскай царкве, – распавядае Ірына.

Ад Юр’я да Пакроваў

А вось пра выхаванне дзяцей Ірына Маркевіч дала дакладнае вызначэнне: “Быў народны метад выхавання. Немудрагелісты і ў працы”. Сем’і звычайна былі шматдзетныя: старэйшыя дзеці даглядалі малодшых. 

Калі сям’я была бедная, хлапчукоў у 7-8 год аддавалі ў людзі пасвіць гусей, свіней, авечак. Калі падрасталі – у падпаскі да пастуха пасвіць кароў. 

Сезон пашы звычайна пачынаўся на майскае Юр’е і заканчваўся на Пакровы. Увесь гэты час хлапчукі жылі і сталаваліся ў гаспадароў. Яны ж і адзявалі іх. За ўвесь сезон працы давалі ад 3 да 10 пудоў жыта (як дамовяцца). Такім чынам, дзеці былі не толькі накормленыя, але і зараблялі для сваёй сям’і.

У заможных сем’ях дзеці павольна далучаліся да работы пры ўласнай гаспадарцы. Па меры сталення павялічваўся шэраг абавязкаў. Такім чынам, дзеці з маленства ведалі кошт хлеба.

Хто такі прымак?

У Мікалая з Марыяй нарадзілася пяць дачок. Але толькі тры дажылі да сталага ўзросту. Ганна, матуля Ірыны, была самай малодшай. І таксама павінна была застацца пры бацьках.

У такіх выпадках, каб дагледзець старых і захаваць гаспадарку, мужа дзяўчыны прымалі ў хату яе бацькоў. Такіх мужчын да гэтага часу клічуць прымакамі – прынятымі ў сям’ю. Так, Уладзімір, бацька Ірыны, пайшоў у прымы да Ганны. 

Пазнаёміліся яны на царкоўным свяце. Пазней сустракаліся на вечарынках, дзе моладзь збіралася па чарзе ў розных хатах, каб пагутарыць і павесяліцца.  І там ён цікава заляцаўся да яе.

Уладзімір быў хлопцам вясёлым, умеў граць на гармоніку. А паколькі ён быў заняты заробкам (за музыку моладзь скідвалася грашыма) і баяўся, каб Ганна не ўцякла раней, чым ён адыграе, браў яе кажух, клаў яго на зэдлік, нібы каб мягчэй было, і садзіўся. І тая мусіла чакаць. Канешне, потым бравы гарманіст праводзіў сваю выбранніцу да хаты. Так і пачалі закладвацца ўзаемныя пачуцці.

А аднойчы Мікалай паехаў у Бурдукі, каб наняць пастуха ў сваю гаспадарку. Уладзімір быў адтуль родам і прыкмеціў будучага цесця. Прыкінуўшыся пастухом і крыху падпаіўшы яго, завёз дахаты. Тады бацькі  і даведаліся пра пачуцці маладых. Можна сказаць, што так адбылося сватаўство.

Канешне, потым усё зрабілі як патрэбна: і ў агледзіны да сватоў з’едзілі, і вяселле справілі. 

Падмена

Дзякуй Богу, па родзе Ірыны Уладзіміраўны ўсе сем’і складаліся па ўзаемнай згодзе. Аднак не ўсім так шчасціла.

– Па традыцыі, калі ў сям’і некалькі дачок, першай павінна была выходзіць замуж старэйшая. А калі сваталі першую малодшую, менавіта ў дзень вяселля бацькі маглі падмяніць нявесту. Так, не пытаючыся згоды жаніха і не ўлічваючы пачуцці сапраўднай нявесты. Пад фатой твару не было відаць. Такім чынам, бывала, што жаніх даведваўся, з кім ажаніўся, толькі пасля шлюбу. Назад дарогі ўжо не было. 

Так, былі і крыўды, і слёзы, і здрады – не ўсе маглі змірыцца з такімі абставінамі, – распавяла субяседніца.

Маркевичи свадьба (2).jpg

Я даўно яе кахаю…

Менавіта гэтыя словы Ірыне прыйшлося пачуць ад Тадэвуша ў 1980 годзе, калі таму прапанавалі прыгледзецца да прыгожай і працавітай дзяўчыны.

Яна працавала ў калгасе аграномам. Ён – шафёрам, развозіў па палях абеды аграрыям. Аднойчы вадзіцель, які вазіў Ірыну, узяў адпачынак, каб жаніцца. Хлопец, які яго падмяняў, хутка машыну зламаў. І аграном мусіла прасіць Тадэвуша падвезці яе то на адно поле, то на другое – абеды ж не цэлы дзень развозіў, быў вольны час. Так і пазнаёміліся бліжэй…

А пасля таго, як яго падштурхнулі прыгледзецца, не вытрымаў, зрабіў прапанову. Праз тыдзень атрымаў станоўчы адказ.

Зараз яны жывуць у в. Дакудава. Выгадавалі двух дачок. Тыя падарылі ім чацвёра ўнукаў. Але яны не прадаюць хату прадзедаў, часта наведваюцца туды. Да іх далучаюцца Ірыніны брат і сястра, таксама з сем’ямі.

Ірыну Маркевіч на Лідчыне ведаюць яшчэ і як паэтэсу. Роднаму кутку яна прысвяціла такія радкі:

“Ельня – малая радзіма завецца.
Мроіць думка мая і заўсёды імкнецца
Вёску наведаць ля шумнай дарогі,
Дзе вырасла я, не мела трывогі…”

Прадзедава хата1 (2).jpg

Вяночак на жаночую долю

Данута Жыдзіс з в. Навіцкія-2 з’яўляецца носьбітам старажытнага шлюбнага абраду, які пераняла ў свой час ад маці і яе сястры. Потым дапоўніла яго іншымі падрабязнасцямі, якія даведалася ад людзей. 

Жидис Данута5 (2).jpg
Размова ідзе пра перадачу вяночка на вяселлях каталіцкай дыяспары перад тым, як нявеста пакіне бацькоўскую хату і паедзе да шлюбу.

Вяночак Данута Эдуардаўна рабіла сама, памерам не больш з далоньку, з барвінку і мірту. 

За тое, што барвінак захоўваецца зялёным нават пад снегам, ён з'яўляецца сімвалам усепераможнай жыццёвай сілы. З сярэднявечча яго лічаць травой, якая адганяе паскуддзе. Уплецены ў вясельны вянок, ён павінен стаць абярэгам ад бяды і злога вока. 

Мірт у антычнасці лічыўся раслінай Афрадыты і Венеры – багінь кахання і ўрадлівасці. Ужо тады яго галіны ўпляталі ў вянкі нявест, а лісце клалі ў ложак маладым, каб умацаваць саюз і абараніць ад зайздрасці. 

Абрад пачынаўся яшчэ па дарозе да нявесты жаніха разам са сватамі і дружкамі, якія спявалі песню на польскай мове. У вольным перакладзе сэнс яе прыблізна такі: малады чалавек ездзіў па свеце і толькі тут знайшоў сваё каханне. Далей ідзе зварот да дзяўчыны, якая пакідае матулю, што яе гадавала. Пытаюцца ў маладой, як яна будзе жыць удалечыні ад бацькоўскай хаты і сваіх блізкіх.

Калі жаніх ступаў на двор нявесціных бацькоў, пачынаўся абрад перадачы вяночка. Гаспадыня падавала жанчыне-абрадніцы сподачак, засцелены хустачкай. Тая клала на яго вяночак. І далей распавядала пра яго, кажучы, што ён павінен паспрыяць, каб маладая жонка жыла ў дастатку, была лагодная да людзей і каб увайшла ў новае жыццё з добрымі думкамі.

Напрыканцы вяночак на сподачку перадаваўся або маці, або дружцы нявесты. Яны прышчэплівалі яго ёй ззаду, пад фату. І толькі потым адбывалася дабраславенне іконай і ад’езд да шлюбу…

– Гэты абрад мы рабілі разам з маёй унучкай Кацярынай. Раней нас часта запрашалі на вяселлі. Цяпер, на жаль, людзі адышлі ад старажытных традыцый. Але ў свой час мы запісалі яго і на паперы, і на відэа і перадалі краязнаўцам з Ёдкаўскай сярэдняй школы. Такім чынам, абрад можна будзе адрадзіць у любы момант, – распавяла Данута Эдуардаўна.

Гутарыла Алена Каралевіч

Обращаем внимание, что использование наших материалов, согласно Закону Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах», возможно только при указании автора («Гродзенская праўда») и ссылки на первоисточник (конкретную статью на сайте), если письменно Ваше издание не уведомлено об ограничениях в использовании нашей информации.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»