“Раёнка” – гэта маё жыццё”. Яўген Болбат амаль 30 гадоў кіраваў “Бераставіцкай газетай”

З “Бераставіцкай газетай” за больш чым 80-гадовы час яе існавання звязаны лёсы дзясяткаў людзей. Многія журналісты, якія працавалі ў раённым выданні, пакінулі глыбокі след у яго гісторыі. Але, бадай, найбольш значны ўклад у развіццё “раёнкі” ўнёс былы галоўны рэдактар Яўген Болбат, які на працягу амаль 30 гадоў кіраваў газетай. Менавіта пры Яўгену Уладзіміравічу газета не толькі захавала традыцыі, што складаліся дзесяцігоддзямі, але і зрабіла сур’ёзны крок наперад.
Пра тое, што стане журналістам, у маладыя гады Яўген Болбат нават не думаў: юнак марыў атрымаць прафесію агранома і працаваць на зямлі. Карані Яўгена Уладзіміравіча – у вёсцы Грынкі Свіслацкага раёна. Ён нарадзіўся ў простай вясковай сям’і, у якой было шасцёра дзяцей, Яўген – самы старэйшы. З дзяцінства хлопец дапамагаў бацькам па гаспадарцы, добра ведаў сялянскую працу, таму і вырашыў паступаць у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Але не атрымалася – не паступіў, папрацаваў некалькі месяцаў у мясцовым калгасе, а потым пайшоў служыць.
Дэмабілізаваўшыся праз два гады, пачаў шукаць працу і даведаўся, што ў свіслацкую раённую газету “Заветы Ільіча” патрэбен друкар. Прыйшоў пацікавіцца пра гэтую пасаду, але атрымаў зусім іншую прапанову.
– Галоўным рэдактарам свіслацкай “раёнкі” тады быў Алег Пятровіч Смальянаў, ён спытаў у мяне: “Можа, ты паспрабуеш пісаць? У вашай вёсцы якраз будуецца новая школа, напішы пра гэта”, – расказвае Яўген Уладзіміравіч. – Прапанова была нечаканай, але ў школе пераказы і сачыненні я добра пісаў, таму вырашыў паспрабаваць. І напрыканцы чэрвеня 1969 года на старонках газеты была апублікавана мая першая заметка “Будзе школа ў Грынках”. Гэта было вельмі ганарова! Прыйшло адчуванне, што журналістыка – гэта тое, што мне падабаецца, пачаў актыўна пісаць у газету. Два месяцы я працаваў як селькор, а 4 жніўня, якраз у свой дзень нараджэння, быў залічаны ў штат рэдакцыі літаратурным работнікам – так тады называлі карэспандэнтаў. Працаваў у сельскагаспадарчым аддзеле, разам з фотакарэспандэнтам Чаславам Горбачам на матацыкле К-750 аб’ездзілі ўвесь Свіслацкі раён: ён фатаграфаваў, а я рыхтаваў матэрыялы ў газету.
Здольнага і стараннага маладога чалавека заўважылі ў райкаме партыі і далі накіраванне ў Мінскую вышэйшую партыйную школу на газетнае аддзяленне. Чатыры гады – з 1972 па 1976-ы – Яўген Болбат атрымліваў глыбокія веды па тэорыі і практыцы СМІ, вывучаў асновы рэдакцыйнай работы, асаблівасці вёрсткі і дызайну газет. У 1976 годзе Яўген Уладзіміравіч вярнуўся ў свіслацкую “раёнку” і адразу быў прызначаны загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, а праз некаторы час стаў намеснікам рэдактара.
26 лістапада 1980 года Яўген Болбат быў накіраваны на Бераставіччыну рэдактарам раённай газеты “За камунізм”. З гэтага часу пачынаецца яго гісторыя з бераставіцкай “раёнкай” працягласцю амаль у 30 гадоў.
– На той час, калі я прыйшоў у бераставіцкую “раёнку”, газета была 4-палоснай, выходзіла тры разы на тыдзень – у аўторак, чацвер і суботу, – успамінае Яўген Болбат. – Насельніцтва ў Бераставіцкім раёне тады было больш за 24 тысячы, тыраж нашай газеты – 2700. Мы актыўна пачалі яго павялічваць, я пазнаёміўся з кожным паштальёнам, кожным загадчыкам паштовага аддзялення, і гэта дапамагала эфектыўна арганізоўваць падпіску і распаўсюджванне выдання. Тыраж паступова рос – да 3200, 3500, потым і 3700 экзэмпляраў. Мы праводзілі вялікую масавую работу з чытачамі, арганізоўвалі шмат рэйдаў, конкурсаў, вусных часопісаў, актыўна прыцягвалі да супрацоўніцтва селькораў: у газеце журналісцкіх матэрыялаў было каля 50 працэнтаў, астатнія – пазаштатных аўтараў. Давалі многа крытычных матэрыялаў і дабіваліся рэагавання на іх. На сцяне ў рэдакцыі быў вялікі экран з назвамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, дзе мы пазначалі, з якіх калектываў ідуць матэрыялы, сачылі, каб у поле зроку журналістаў раўнамерна траплялі ўсе.
Дарэчы, у 80-х гадах, калі Яўген Уладзіміравіч пачынаў у бераставіцкай “раёнцы”, камп’ютараў яшчэ не было, журналісты ад рукі пісалі матэрыялы, машыністка іх друкавала, лінатыпісты са свінцу адлівалі кожны асобны газетны радок, а вярстальшчыца складвала іх у старонкі, з якіх пасля рабілі адціскі, неслі карэктару на вычытку, а потым рэдактару на чытку і подпіс. Друкарня пэўны час была ў складзе рэдакцыі, і галоўны рэдактар ужо самай раніцай спяшаўся туды, каб першым убачыць нумар, які выйшаў з друкарскай машыны.
У 90-я гады пачаўся новы этап у развіцці раённай газеты: рэдакцыя перайшла на камп’ютарны набор і вёрстку газетных палос. У 1991 годзе раённае выданне было перайменавана ў “Бераставіцкую газету”, а з 1997-га стала выходзіць большым аб’ёмам – на 8 старонках два разы на тыдзень. Газета неаднаразова займала прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах і спаборніцтвах.
У 2010 годзе Яўген Болбат выйшаў на заслужаны адпачынак. Але і сёння ён у курсе рэдакцыйных спраў, пільна сочыць за ўсімі нашымі публікацыямі як у друкаванай газеце, так і на інтэрнет-сайце і ў сацыяльных сетках. І заўсёды можа даць дзельную параду. З вялікай радасцю рэдакцыя “Бераставіцкай газеты” ўспрыняла прысваенне Яўгену Болбату ў 2024 годзе звання “Ганаровы грамадзянін Бераставіцкага раёна”.
– “Бераставіцкая газета” – гэта ўсё маё жыццё, – падкрэслівае Яўген Болбат. – Тут прайшло маё станаўленне як кіраўніка і як чалавека. Кожны нумар, кожны напісаны радок, кожная сустрэча – усё гэта пакінула след у маёй душы. Часта гавораць, што газета жыве адзін дзень, але я лічу, што гэты выраз несправядлівы нават як метафара: сілу газетнага слова цяжка вымераць. Калі нумар пакідае след у сэрцы чытача, значыць, мы працавалі недарэмна.
Ірына МІКЛАШ
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
