Віншаванне Высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага

Хрыстос Уваскрэс!
Вітаю Вас, узлюбленыя браты і сёстры!
Віншую ўсіх Вас са Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем – самым радасным для праваслаўных хрысціян святам! Зноў нашы сэрцы напаўняюцца пасхальным лікаваннем. Лікаваннем ад сузірання вялікага і неспасціжнага дзеяння любові Божай да чалавека!
Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!
Нават тых, хто пакінуў Госпада, Ён не пакінуў. Тых, хто ад Яго адхіліўся, абраўшы жыццё паводле сваёй волі, Ён ачысціў, прыняўшы пакуты і смерць. Тым, хто знемагаў у грахах, Ён адкрыў шлях пакаяння і духоўнага адраджэння – шлях да Вечнага жыцця. Па словах святога апостала Пятра, Гасподзь наш і Збавіцель “грахі нашы Сам узняў Целам Сваім на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, пачалі жыць праведна” (1 Пятр. 2:24).
Смерць за імя Хрыста і за вернасць Яго Праўдзе – гэта не паражэнне, не пройгрыш – а шлях да Ўваскрасення. Бо і шлях Самога Хрыста да Ўваскрасення ляжаў праз Крыж – гэты страшны сімвал болю і пакутаў, парадаксальна стаўшы сімвалам Любві, якая перамагла смерць. Сімвалам Пасхі, якую мы цяпер святкуем і апяваем!
Дарагія браты і сёстры! Не будзем баяцца стаяць у гэтым свеце за Праўду Божую! Не будзем бянтэжыцца ганьбой, якую свет гэты зноў узводзіць на Крыж Хрыста! І як бы цяжка нам ні было на гэтым шляху, не будзем адчайвацца, “ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Іісуса, уваскрасіць і нас праз Іісуса і паставіць перад Сабою” (2 Кар. 4:14).