Пра вялікую сям'ю і працу на зямлі
“УСЕ ЛЮДЗІ, ШТО ПОБАЧ, – ГЭТА МАЯ КРАІНА, І ЁЙ Я ПАВІНЕН ДЗЯКАВАЦЬ”
Шчыры і з тонкім пачуццём гумару – такі ён, студэнт 4 курса Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Арцём Несцярук. “Праўду кажу, бо выдумваць лянота”, – жартаўліва папярэджвае хлопец перад інтэрв’ю. І адказы ягоныя насамрэч простыя, як мары і імкненні. Можа падацца, зусім не падыходзіць прызёру рэспубліканскага конкурса “Студэнт года-2019”. Але гэта толькі да той пары, пакуль не ўзгадаеш вядомы выраз – сіла ў прастаце.
ЦІ ШКАДУЮ? НЕ!
Спачатку Арцём рыхтаваўся паступаць ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, але не атрымалася прайсці медыцынскую камісію. Прыйшлося выбіраць іншую прафесію. Бацькі параілі спыніцца на аграрнай справе, маўляў, добрае сельгаспрадпрыемства і заробак дасць, і хату пабудаваць дапаможа. Арцём паслухаўся і цяпер ніколькі не шкадуе.
– Будзеш па полі хадзіць і камандаваць, жартавалі бацька з маці. Толькі падчас вучобы я зразумеў, наколькі аграном каштоўная прафесія і як многа ад яе залежыць у жыцці чалавека, – гаворыць Арцём. – Усвядоміць гэта дапамаглі выкладчыкі. Вельмі рады, што абраў менавіта Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Тут заўсёды падтрымаюць твае самыя смелыя ідэі. Сярод студэнтаў знайшоў шмат аднадумцаў. У нас пастаянна нараджаюцца новыя цікавыя праекты, якія дапамагаюць паглядзець на сябе і свае здольнасці з іншага боку. Гэта клёва!
Вучыцца хлопец добра, хоць часам прапускае заняткі з-за падрыхтоўкі да шматлікіх конкурсаў і творчых выступленняў. З першага курса Арцём удзельнічае амаль ва ўсіх творчых, спартыўных і валанцёрскіх мерапрыемствах універсітэта. З задавальненнем гуляе ў зборнай камандзе КВН. Як усё паспяваць? Арцём мае свой сакрэт. Галоўнае, кажа юнак, уважліва слухаць выкладчыка на лекціі і пісаць якасныя канспекты. Тады часу на падрыхтоўку да заняткаў патрэбна будзе менш.
“ІДЗІ І ДАКАЖЫ”
Нядаўна Арцём Несцярук заняў другое месца ў рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года-2019”. З аднаго боку, крыўдна, што не перамог, прызнаецца хлопец, а з другога, нават сама магчымасць паўдзельнічаць у фінале такога конкурса – гэта ўжо поспех і, канешне, карысны вопыт.
– Аднойчы пабачыў, як хлопцы і дзяўчаты выступаюць на ўніверсітэцкім этапе конкурса, – успамінае Арцём. – Тады я сказаў свайму сябру, што змог бы лепш. Праз год ён прыгадаў мне гэтыя словы, маўляў, ідзі і дакажы. Так атрымалася, што разам са мной у конкурсе ўдзельнічала мая дзяўчына. Паміж намі была жорсткая канкурэнцыя ў добрым сэнсе гэтага слова. Але потым каханая шчыра радавалася майму поспеху. На абласным этапе мне дапамагаў амаль увесь універсітэт. Група падтрымкі была настолькі моцнай – гэта варта было чуць! Выступленні канкурэнтаў я не глядзеў – баяўся расчаравацца ў сабе ці, наадварот, пераацаніць уласныя сілы. Дзяўчына, якая перамагла ў фінале, сапраўды гэтага вартая. У чымсьці яна, напэўна, выступіла лепш за мяне, але не гэта галоўное. Дзякуючы конкурсу я зразумеў, што на многае здольны, стаў больш рашучым, упэўненым, самастойным.
ВАЛЬСАВАЎ НА ВЕНСКІМ БАЛІ
У мінулым семестры Арцёму як аднаму з лепшых студэнтаў пашанцавала вальсаваць на першым венскім балі для адоранай моладзі ў сталічным Палацы Незалежнасці. Па шчаслівых абставінах туда была запрошана і яго дзяўчына.
– Гэта было казачна! Дзяўчаты ў белых сукенках, хлопцы ў фраках. Прэзідэнцкі аркестр граў вельмі прыгожа, узнёсла. Мы пабачылі вышэйшы свет, сустрэліся з Прэзідэнтам. Такія падзеі аб’ядноўваюць моладзь, натхняюць яе на новыя поспехі і дасягненні, дапамагаюць рухацца толькі наперад. Ні кроку назад!
"ПАТЭЛЕФАНУЙ ПАСЛЯ КАНЦЭРТА МАМЕ"
Вольнага часу ў Арцёма не так многа. Але на тое, што прыносіць задавальненне, хлопец заўсёды яго знаходзіць. Гэта спорт, музыка, а яшчэ – складанне вершаў. Іх Арцём пачаў пісаць яшчэ ў трэцім класе. Дзіцячыя радкі прыгажуням-аднакласніцам з цягам часу ператварыліся ў асэнсаваную аматарскую паэзію, якая знаходзіць сваіх слухачоў. Пакуль яшчэ ў вузкіх колах, але хто ведае, што чакае наперадзе.
– Каб пісаць вершы, патрэбна натхненне. Здараецца, тры гадзіны ночы, а не спіцца. Бяру аловак, паперу, пачынаю пісаць і не магу спыніцца, пакуль не скончу працу. Апошні верш прысвячаўся маме. Яго я напісаў для ўніверсітэцкага этапа “Студэнта года” і прайшоў праз увесь конкурс, не змяніўшы аніводнага радка. Гэта верш аб тым, як бацькам часам не хапае нашых увагі і клопату. На жаль, у штодзённай мітусні мы забываем падзякаваць ім за тое, што ў нас ёсць. Верш, дарэчы, заканчваецца заклікам: “патэлефануй пасля канцэрта маме”.
“КРАІНА – ГЭТА ЛЮДЗІ, ШТО ПОБАЧ”
Ёсць сярод паэтычных замалёвак вершы і пра каханне, і пра сэнс жыцця. Адным словам, пра тое, што хвалюе кожнага разумнага юнака. Прысвечаныя роднай краіне і беларускай моладзі таксама ёсць. Іх Арцём з сябрамі нават паклалі на музыку.
– Люблю і паважаю Беларусь за тое, што выхавала мяне. Усе людзі, што побач, – гэта мая краіна, і ёй я павінен дзякаваць. Некаторыя знаёмыя плануюць з’ехаць за мяжу. Гаварыць пра гэта мне балюча. Я ўпэўнены: у нас ёсць усе магчымасці, каб дабівацца поспеху. Варта захацець.
"ХАЧУ ЗРАБІЦЬ ЯКАСНУЮ ПРАДУКЦЫЮ, ЯКАЯ БУДЗЕ КАШТАВАЦЬ МЕНШ"
У хуткім часе Арцёма чакае яго першая вучэбная практыка ў сельгаспрадпрыемстве. А там усяго год застанецца да размеркавання. Хлопец нарадзіўся ў невялікім горадзе Каменцы Брэсцкай вобласці, таму добра знаёмы з ладам жыцця ў малых населеных пунктах.
– Хочацца апынуцца ў прыязным калектыве, каб сустрэлі на новым месцы гасцінна. Вельмі палюбіў Гродна. Дастаткова ціхі і спакойны горад, з развітай інфраструктурай – усё побач. Планую ўладкавацца на адно з сельгаспрадпрыемстваў раёна, паблізу ад абласнога цэнтра, каб не прыйшлося кардынальна мяняць звыклы рытм жыцця. Сельская гаспадарка ў нашай краіне развіваецца на высокім ўзроўні. Але я хачу рабіць яшчэ больш якасную і канкурэнтаздольную прадукцыю, якая пры гэтым будзе каштаваць менш. Знайсці новыя рашэнні, укараніць новыя тэхналогіі – тое, да чаго імкнуся ў будучай працы.
У астатнім у Арцёма ўсё гэтак жа проста – быць шчаслівым і карысным, атрымоўваць задавальненне ад таго, што робіш.
– У адным са сваіх вершаў яшчэ на другім курсе я пісаў: мару аб мары. Тады я не ведаў, чаго сапраўды жадаю. Цяпер для мяне гэта стала больш зразумелым. Хачу быць побач з дзяўчынай, якую кахаю, у будучыні мець вялікую сям’ю. Быць матэрыяльна незалежным, дапамагаць бацькам і грашыма, і клопатам. З часам набрацца вопыту і, можа, заняць кіраўнічую пасаду. А чаму не? – усміхаецца Арцём і на просьбу прадоўжыць сказ “праз дзесяць гадоў я…” адклікаецца ёмка: “І праз дзесяць гадоў я не прападу. Буду гэтак жа глядзець наперад і старацца быць карысным Радзіме”.
Ганна Радзюк
Фото: Вадзіма Галоціка, і з архіва "ГП"