Яўген Макарук у праекце «Чаго хоча моладзь»: «Мая мара – атрымаць званне лейтэнанта і служыць Айчыне»
У сямейным архіве Макарукоў ёсць відэа, калі маленькі Яўген, выпускнік дзіцячага садка, на пытанне, кім хоча стаць, адказвае – “агентам”. Сёння з пазіцыі дарослага чалавека, які вырашыў стаць ваенным, ён разумее: відаць, марыў быць мужным, рашучым, дапамагаць іншым, быць сапраўдным абаронцам блізкіх і Айчыны… Але па-дзіцячы называў будучую прафесію так, як умеў. Магчыма, ужо тады адчуваўся ўплыў бацькі – супрацоўніка Следчага камітэта. І калі тата прапанаваў сыну-старшакласніку стаць ваенным, хлопец ахвотна пагадзіўся.
Армія і ўніверсітэт – два ў адным
У 11 класе Яўген Макарук пачаў знаёміцца са спецыяльнасцямі, якія ёсць у розных вну, каб зразумець, што яму бліжэй. І абраў “Тылавое забеспячэнне войскаў”, напрамак – прадуктовае забеспячэнне. Спецыяльнасць цікавая. Выпускнікі, з аднаго боку – ваенныя, а з другога – эканамісты.
У 11 класе Яўген Макарук пачаў знаёміцца са спецыяльнасцямі, якія ёсць у розных вну, каб зразумець, што яму бліжэй. І абраў “Тылавое забеспячэнне войскаў”, напрамак – прадуктовае забеспячэнне. Спецыяльнасць цікавая. Выпускнікі, з аднаго боку – ваенныя, а з другога – эканамісты.
Вучаць гэтаму ў Беларусі толькі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
– Я з Кобрына, гэта Брэсцкая вобласць, таму пра гродзенскі ўніверсітэт ведаў не так шмат. Аднак у аднаго з татавых таварышаў тут вучыўся сын, якраз на нашым факультэце. Мы сустрэліся, ён, тады 4-курснік, распавёў пра вну, асаблівасці навучання на ваенным факультэце. І я канчаткова ўпэўніўся ў сваёй мэце, – кажа Яўген.
Цяпер юнак на 2 курсе і на 100 адсоткаў упэўнены: ён зрабіў правільны выбар. Тым больш, перспектывы прывабныя.
– Нашы выпускнікі размяркоўваюцца, як правіла, на маёрскія пасады, у рэдкім выпадку – капітанскія. Гэта становіцца добрым задзелам для кар’ернага росту, ёсць перспектыва бесперашкодна атрымаць званне маёра, – адзначае намеснік начальніка факультэта па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Яўген Скіба. – Да таго ж, калі спецыяліст добра сябе зарэкамендуе, ён можа стаць намеснікам камандзіра часці па тылу.
На факультэце створаны ўмовы, максімальна прыбліжаныя да воінскай часці. Першыя два гады курсанты жывуць у казарме. Пасля – у пакоях, разлічаных на некалькі чалавек. Дзень распісаны літаральна па хвілінах. 5.45 – пад’ём, зарадка, сняданак, заняткі, самастойная падрыхтоўка… Ленавацца ўдзень і рыхтавацца ўначы, як гэта могуць рабіць студэнты грамадзянскіх спецыяльнасцей, не атрымаецца.
У астатнім жа – сучасны працэс навучання. Як і на іншых факультэтах, з максімальнай набліжанасцю да практыкі.
– Мне падабаецца, што падчас вучобы можна азнаёміцца з рознымі сферамі будучай дзейнасці. Да прыкладу, у межах заняткаў бываем на прадпрыемствах харчовай прамысловасці, знаёмімся з тэхналогіяй вырабу прадуктаў. У воінскіх часцях праходзім практыку і стажыроўку на пасадах малодшых спецыялістаў тыла: повары, начальнікі складоў, начальнікі сталовак, а таксама як начальнікі служб. Адным словам, знутры спазнаём службы, над якімі будзем ажыццяўляць кантроль і кіраванне.
Гонар роты ганаровай варты
Толькі вучобай жыццё на факультэце не абмяжоўваецца. Юнакі прымаюць актыўны ўдзел у агульнаўніверсітэцкіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах і конкурсах, у тым ліку студэнцкіх. Некаторыя курсанты маюць гонар трапіць у адзіную ў вобласці пазаштатную роту ганаровай варты. Яўген Макарук – адзін з іх.
Каманда – і карабіны ўзнімаюцца ў паветра, адзін за другім з неверагоднай дакладнасцю зноў кладуцца ў рукі курсантаў. Зладжанасць, дакладнасць. Кожны рух, паварот галавы, змена пазіцыі – усё выверана да секунды і сантыметра.
Гэтае дзейства ўражвае і захапляе. Дарэчы, рота ганаровай варты – адна з візітовак Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Выступленні курсантаў можна пабачыць у горадзе падчас значных рэспубліканскіх святаў, у тым ліку Дня Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Традыцыйнымі сталі ў Гродне ўрачыстасці з нагоды выпуску лейтэнантаў, якія праходзяць на плошчы Леніна.
Зусім хутка краіна будзе адзначаць 75-годдзе Перамогі. Да гэтага свята на ваенным факультэце рыхтуюць новую праграму. Развучваць яе курсанты пачнуць бліжэй да вясны.
– З нецярпеннем чакаю, калі пачнуцца рэпетыцыі. Скажу шчыра: мы з гонарам паказваем нашы праграмы. Я не так даўно ў роце, але ўжо ведаю шмат рухаў, прыёмаў. Дакладна будуць новыя, цікава іх засвоіць, каб парадаваць жыхароў і гасцей горада відовішчным выступленнем, – распавядае Яўген. – Ці цяжка гэта? З аднаго боку, так. Аднак галоўнае – прыкласці намаганні. Перад паказам новай праграмы мы штодзень паўтары-дзве гадзіны трэніруемся, адточваем кожны рух, даводзім да аўтаматызму. Без добрай фізічнай падрыхтоўкі немагчыма. Адзін толькі карабін важыць 3,7 кілаграма. Калі глядзіш збоку, падаецца – пушынка.
Гонар мундзіра
Выпускнікі ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы служаць па ўсёй Беларусі, дзе ёсць воінскія часткі. Якая стане іх першым месцам працы, самі яны не выбіраюць.
– Тут вучоба, а пасля яшчэ давядзецца прайсці станаўленне як спецыяліста, афіцэра. Ужо сёння ведаю, што гэта адказны і важны перыяд. У прынцыпе, як у кожнага выпускніка. Канешне, практыка і стажыроўка падчас вучобы дапамогуць. Спадзяюся, праз пяць гадоў я ўжо стану сапраўдным спецыялістам. Жаданне ёсць, і ў маіх сілах прыкласці ўсе намаганні, каб так і было. Я ўжо зрабіў першыя крокі да сваёй мары быць сапраўдным абаронцам. І падчас вучобы толькі ўпэўніўся, што абраў спецыяльнасць і ўніверсітэт правільна. У другой сферы сябе не бачу.
Асаблівасць людзей ваенных – яны адказныя не толькі за сябе, бяспеку суайчыннікаў і краіны ў цэлым. Ёсць яшчэ “гонар мундзіра”. І яго трэба адстаяць. Дзякуючы прыкладу бацькі, а падчас вучобы – выкладчыкаў і кіраўніцтва факультэта, Яўген гэта ведае як ніхто. Ён гатовы праз колькі год з гонарам сказаць “Служу Рэспубліцы Беларусь!” і быць сапраўдным афіцэрам.