Сумяшчаць вучобу з працай, спортам і творчасцю мне не цяжка

Стаць урачом Антон Лемеш вырашыў яшчэ ў пачатковых класах і паступова рухаецца да сваёй мары ўжо на працягу многіх гадоў.
Ён ведае кошт заробленым уласнай працай грошам, не растрачвае марна час, бо цэніць падараваныя ім магчымасці, а дзякуючы яскравай перамозе ў рэспубліканскім конкурсе "Студэнт года" паспеў стаць яшчэ і адным з самых вядомых студэнтаў
Беларусі. Аб сваіх імкненнях і вопыце расказаў студэнт шостага курса педыятрычнага факультэта Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.
Да прафесіі 9 гадоў
Пра тое, як Антон умее ставіць перад сабой мэты і дасягаць жаданага, сведчаць многія прыклады з яго жыцця. Дастаткова расказаць, як, будучы вучнем смаргонскай сярэдняй школы, ён цвёрда вырашыў, што хоча быць доктарам. Пасля дзявятага класа прадметнымі прыярытэтамі для яго сталі хімія і біялогія. Каб багаж ведаў імкнуўся да свайго максімуму, Антон вырашыў паступіць у гродзенскі ліцэй №1. Утульны цёплы дом у Смаргоні ён свядома змяніў на інтэрнат у Гродне і дзень за днём штудзіраваў новыя веды.

– Паступіць на бюджэтную форму навучання ў Мінскі медыцынскі ўніверсітэт не атрымалася, але ад сваёй мэты не адмовіўся. Падаў дакументы ў сталічны медкаледж. Адразу пасля яго заканчэння – праз тры гады – стаў студэнтам Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, – расказвае Антон.
Атрымліваецца, што да пастаўленай мэты стаць урачом упэўненым крокам ён ідзе ўжо дзевяць гадоў. За гэты час назапасіў даволі багаты практычны вопыт. Працаваў санітарам, медбратам, акушэрам. Апошнія чатыры гады ў складзе брыгады хуткай дапамогі спяшаецца на дапамогу жыхарам Гродна. Сумяшчаць у асноўным начныя дзяжурствы і штодзённы расклад заняткаў ва ўніверсітэце было няпроста, прызнаецца, толькі на першых курсах. Затое многія выпадкі і сітуацыі, з якімі даводзілася сутыкацца ў практычнай медыцыне, не раз дапамагалі на экзаменах і заліках.
– У нашай працы можа здарыцца шмат нечаканага. У складзе рэанімацыйнай брыгады даводзілася літаральна вяртаць людзей з таго свету. А аднойчы нават разам з доктарам прымаў роды на даму, – успамінае Антон.
Універсітэт вялікіх магчымасцей
Сустрэліся мы з ім у сімуляцыйным цэнтры медыцынскага ўніверсітэта – першай у Беларусі лабараторыі практычнай падрыхтоўкі студэнтаў-медыкаў. Распавядаючы аб сваёй будучай прафесіі, Антон «ратаваў» пацыентаў-манекенаў. Не перарываючы гутаркі, напрыклад, правёў экстраныя рэанімацыйныя дзеянні і «запусціў сэрца» трэнажору.

– У студэнтаў Гродзенскага медвуза ёсць усё неабходнае, каб стаць годнымі прадстаўнікамі прафесіі. Гэта аднолькава тычыцца створаных ва ўніверсітэце ўмоў навучання і педагогаў, якія кожны дзень дзеляцца з намі ведамі. Пра многіх магу сказаць толькі адно – гэта сапраўдныя свяцілы сучаснай медыцыны, – лічыць студэнт.
Антон справядліва называе родную альма-матар месцам вялікіх магчымасцей для кожнага, хто рашуча настроены на поспех у будучай прафесіі. І разам з тым удзячны ўстанове адукацыі за магчымасць пераймаць вопыт у людзей, якія даўно сказалі сваё важкае слова нават у сусветнай медыцыне.
– Падчас практыкі ў Маскве змог назіраць за працай і пагутарыць з чалавекам, імя якога знаёма ва ўсім свеце. У нас вёў заняткі член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, прэзідэнт Расійскай асацыяцыі дзіцячых хірургаў прафесар Аляксандр Разумоўскі. Гэты легендарны спецыяліст у пачатку 2000-х гадоў правёў аперацыю па падзеле сіямскіх блізнят Зіты і Гіты. Сапраўды каласальны вопыт даюць сустрэчы падобнага ўзроўню.
Самы вядомы студэнт Беларусі
Зусім нядаўна малады чалавек стаў удзельнікам сустрэчы Прэзідэнта Беларусі са студэнтамі-медыкамі. У залах і студыях Мінска, Гродна, Віцебска і Гомеля ўдзельнічалі ў ёй амаль тры тысячы чалавек. У нашым універсітэце – больш за 600 студэнтаў і выкладчыкаў.

– Падчас сустрэчы атрымалі адказы на многія пытанні. Нашаму ўніверсітэту ў гутарцы была нададзена асаблівая ўвага як удзельніку пілотнага праекта па стварэнні ўніверсітэцкай клінікі. Разумеем, што гэта вельмі адказна.
У вучобе Антон Лемеш не дазваляе сабе паслабленняў. Ён упэўнены, што знакамітае "ад сесіі да сесіі..." не варыянт для студэнтаў-медыкаў. Бо кошт памылкі з-за прабелаў у ведах можа быць занадта высокім. Сярэдні бал залікоўкі студэнта – 8,6. Прычым выдатную вучобу ён сумяшчае не толькі з працай, але і спартыўнымі, творчымі заняткамі. Антон – рэгулярны госць у баксёрскай зале. Ужо некалькі гадоў займаецца гэтым спортам для падтрымання формы і эмацыянальнай разрадкі.
Да таго ж, упэўнена, многім нашым чытачам фотаздымак маладога чалавека здаецца знаёмым яшчэ па адной прычыне. Імя Антона Лемеша летась было на слыху ва ўсёй студэнцкай моладзі краіны. Ён стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу "Студэнт года".

– Дапамаглі стаць лепшым вера ў сябе і вялікая група падтрымкі ў зале. Заўсёды стараюся падыходзіць да справы нестандартна і іншым раю пазбягаць стэрэатыпаў. Думаю, толькі ў такім выпадку можна быць цікавым для тых, хто побач. Такую цікавасць адчуваў ад гледачоў, знаходзячыся на сцэне.
Асабістая формула поспеху
Малады чалавек упэўнены, што студэнцтва – гэта час, калі многае можна і трэба паспець у самым добрым сэнсе гэтага слова. У пераліку ўжо названых інтарэсаў, напрыклад, сваё месца займае яшчэ і рэгулярны ўдзел у Клубе вясёлых і знаходлівых. У гэтым годзе Антон разам з універсітэцкай камандай стаў удзельнікам знакамітага ХХХ Міжнароднага Сочынскага фестывалю каманд КВЗ. А літаральна ў мінулыя выхадныя паспяхова выступіў у фінале лігі "КВЗ. Бел".

– Сумяшчаць вучобу з працай, заняткамі спортам і творчымі інтарэсамі на самай справе не так складана. Трэба дакладна размяркоўваць час і заўсёды прытрымлівацца планаў, умець прымусіць сябе рабіць тое, што не вельмі хочацца.
Ёсць у яго і ўласная формула поспеху. У ёй некалькі правілаў: праяўляць ініцыятыву, быць актыўным і ўпэўненым у сваіх сілах, не баяцца новага.
– Любая справа, за якую возьмешся, прытрымліваючыся гэтых правілаў, абавязкова будзе прыносіць плён, – упэўнены Антон Лемеш.
Веды на карысць дзецям
Гаворачы аб планах на перспектыву, усе карты ён раскрываць не спяшаецца. Ужо вясной яго чакае папярэдняе размеркаванне, а там рукой падаць і да першага года медыцынскага стажу ўжо ў якасці ўрача.

Прапанова працягнуць фразу "праз 10 гадоў я..." яго ніколькі не збянтэжыла. Яшчэ б! Малады чалавек мае схільнасць да дакладнага планавання сваёй будучыні. Кажа, будзь у яго магчымасць зірнуць на доктара Лемеша праз дзесяць гадоў, хацеў бы ўбачыць яго такім жа актыўным і пазітыўна настроеным чалавекам.
– Праз дзесяць гадоў хочацца бачыць сябе не толькі выдатным спецыялістам, але і добрым сем'янінам, годным прыкладу бацькам. Гэта і значыць для мяне рэалізавацца ў жыцці.
Напрыканцы нашай цікавай гутаркі ва ўласную скарбонку пажаданняў Антон Лемеш дадаў і нашы: ажыццявіць мару дапамагаць людзям. У выпадку Антона гэта будзе дапамога самым маленькім жыхарам Гродзеншчыны, якім паслужаць яго веды і пастаяннае жаданне рабіць усё з максімальнай самааддачай.