У Ашмянах будуць выпускаць лавашы

Нядаўна ў раёне зарэгістравана новае прадпрыемства з удзелам армянскага капіталу. Прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Арм-Спайка» будзе спецыялізавацца на выпуску лавашоў.

Гэта ўжо другое прадпрыемства з удзелам армянскага капіталу на Ашмяншчыне. Трэці год выпускае вялікую колькасць найменняў кандытарскіх вырабаў «Унісон групп». Сёлета на прадпрыемстве створана дадаткова да існуючых трыццаць працоўных месцаў. А запуск новага цэха, які запланаваны на гэты год, дазволіць стварыць яшчэ 50 працоўных месцаў для жыхароў рэгіёна.

Зараз на Ашмяншчыне працуюць больш 20 прадпрыемстваў з удзелам замежнага капіталу. Шэсць пачалі сваю дзейнасць у мінулым годзе. Літоўскі інвестар стварыў прадпрыемства «Белтаппро» па пашыву хатняга абутку. Расійскі інвестар пажадаў укладваць сродкі ў вытворчасць пажыўных грунтоў для вырошчвання сельскагаспадарчых культур і кветак, а таксама ў вытворчасць пелетаў з торфу. «ТорпелТрэйд» ужо пачало адгрузку прадукцыі на экспарт.

У раёне рэалізуюцца сем інвестпраектаў: тры – па будаўніцтву аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, два – у гандлёвай сферы і па аднаму – у галінах энергетыкі і прамысловасці. Будаўніцтва кафэ-бара і гасцініцы ажыццяўляе ПВУП «Туалсан» побач з трасай М7 Мінск – Ашмяны – мяжа Літоўскай Рэспублікі. «Белтаможсэрвіс» распрацаваў праект па будаўніцтву аб’ектаў сэрвіснай зоны пункта пропуску «Каменны Лог». Трэці комплекс прыдарожнага сэрвісу з аўтазаправачнай станцыяй пабудуе на 131-м кіламетры трасы М-7 ІТАА «ЛУКОЙЛ Белоруссия».

ЗАТ «Юнифут» и ТАА «Евроторг» плануюць будаўніцтва ў райцэнтры многафункцыянальных гандлёвых комплексаў, ВА «Белоруснефть» – пабудаваць у раёне вёскі Лужышча ветраэнергетычную станцыю.

Заключаны інвестдагавор «Арганізацыя і ажыццяўленне вытворчасці дрожжавага экстракта ў Ашмянах». Ужо ўзгоднена працэдура выдзялення зямельнага ўчастка, праведзены геадэзічныя даследаванні, і інвестар пачаў праектаванне.

Сёння прадпрыемствы Ашмяншчыны гатовы прапанаваць каля 20 новых ідэй для замежных інвестараў.
Редакция газеты «Гродненская правда»