Чалавек года Гродзеншчыны аб руплівай працы і марах дзяцінства

Нямногія гаспадаркі могуць пахваліцца галоўным аграномам, які тройчы прызнаваўся лепшым па прафесіі на Гродзеншчыне. Андрэй Клімовіч, які пяць гадоў узначальвае раслінаводчую галіну СВУ “Пратасаўшчына”, штогод дабіваецца багатых ураджаяў на хлебнай ніве. За тое, што выдатна спрацаваў і летась, удастоены ганаровага звання “Чалавек года Гродзеншчыны”.

img_2057.jpg


– Нарадзіўся і вырас у мястэчку Ражанка, – расказвае пра сябе Андрэй Віктаравіч. – Бацькі трымалі вялікую гаспадарку, таму з дзяцінства даводзілася шмат працаваць. Калі прыйшоў час вызначыцца з прафесіяй, доўга не вагаўся і падаў дакументы ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію.

Пасля заканчэння акадэміі па размеркаванні прыехаў у родны раён і пайшоў працаваць у СВУ “Пратасаўшчына” аграхімікам.

– Прыкладна два гады мне спатрэбілася, каб унікнуць ва ўсе дробязі аграноміі на практыцы. Але самаадукацыю не закінуў: каб быць у курсе ўсіх навейшых тэхналагічных распрацовак, чытаў спецыялізаваную літаратуру, штудзіраваў інтэрнэт, прымаў удзел у розных тэматычных семінарах, – прызнаўся нам Андрэй Віктаравіч пры сустрэчы. – Штогод праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі, якія арганізоўваліся на базе Гродзенскага сельскагаспадарчага ўніверсітэта.

803a653fd43961861026364cffe64208.jpg

Паступіў і паспяхова скончыў эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Затым асвоіў азы ўпраўлення сельскагаспадарчым прадпрыемствам падчас павышэння кваліфікацыі ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Цяпер у скарбонцы Андрэя Віктаравіча тры дыпломы аб вышэйшай адукацыі.

Ужо некалькі гадоў запар аграрыі СВУ “Пратасаўшчына” упэўнена ўтрымліваюць лідэрства па ўраджайнасці збожжавых культур сярод гаспадарак раёна. Летась тут атрымалі больш за 80 цэнтнераў збожжа з кожнага гектара. Таксама дабіліся небывалай ураджайнасці рапсу – 50 цэнтнераў.

Сёлета ў многіх гаспадарках раёна пасевы пацярпелі ад анамальнай спёкі і недахопу вільгаці. У СВУ “Пратасаўшчына” такіх страт амаль няма.

c3046f8ec6a74a7cfd4bbd89d30efa10.jpg

Дзякуючы своечасова праведзеным падкормкам і хімапрацоўкам удалося мінімізаваць наступствы спёкі, – адзначае Андрэй Клімовіч. – Кантрольныя аб’езды паказалі, што расліны выстаялі падчас засухі, таму разлічваем атрымаць ураджай не менш мінулагодняга.

У тым, што сёння СВУ “Пратасаўшчына” займае другое месца сярод падшэфных гаспадарак УП “Гроднааблгаз” і 12 месца сярод усіх сельгаспрадпрыемстваў Беларусі, вялікая заслуга Андрэя Клімовіча, які сваёй добрасумленнай працай заслужыў павагу і пашану.

Раней мне здавалася, што дагнаць па паказчыках перадавыя гаспадаркі вобласці немагчыма, – прызнаецца галоўны аграном. – Ганаруся, што на справе гэта аказалася не так.Калі працаваць добрасумленна і з поўнай аддачай, то можна дабіцца любой пастаўленай перад сабой мэты.
Редакция газеты «Гродненская правда»